Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоля Лябедзьку не выпускаюць з краіны


Любоў Лунёва, Менск Лідэру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку не паставілі ў новы пашпарт штамп, які дазваляе перасякаць беларускую мяжу. Апазыцыйны палітык лічыць гэта праявай таталітарнага рэжыму і спадзяецца, што ўрэшце атрымае дазвол на вольнае перамяшчэньне.

Анатоль Лябедзька зьвярнуўся ў аддзел грамадзянства і міграцыі Цэнтральнага раёну Менску па атрыманьне новага пашпарту. Паводле заканадаўства, калі грамадзяніну спаўняецца 45 гадоў, ён мусіць атрымаць новы пашпарт. Супрацоўнікі аддзелу ніякіях пытаньняў Анатолю Лябедзьку не задавалі, і той у прызначаны час прыйшоў па пашпарт. Але калі атрымаў яго, заўважыў, што адсутнічае штамп, які дазваляе выезд за мяжу. Анатоль Лябедзька распавёў “Свабодзе”, што супрацоўнікі ўнутраных справаў патлумачылі яму, што праверкай яго асобы займаецца КДБ. Яны ня могуць назваць канкрэтнай даты, калі паставяць дазвольны штамп.

Мы зьвязаліся зь лідэрам АГП па мабільным тэлефоне, калі ён наведваў палітвязьня, сябра АГП Андрэя Клімава ў Крупках.

(Лябедзька: ) “За дванаццаць гадоў у нас забралі столькі правоў! І на бясплатную адукацыю, і на ахову здароўя, і на свабоду мітынгаў, і гэтак далей. Цяпер пачаўся чарговы наступ на тое, каб абмежаваць і кантраляваць выезд людзей за мяжу. Гэта вяртаньне назад за жалезную заслону, калі купка людзей вырашала каму, калі і куды ехаць. Тэндэнцыя такая: пакуль гэта будзе крок да асобных грамадзянаў, але, калі гэтага не спыніць, то мы ўсе вернемся назад да савецкага часу”.

У КДБ камэнтаваць сытуацыю адмовіліся.

(Надтачаеў: ) “Мы не камэнтуем гэтай сытуацыі. Папросту не камэнтуем”, — заявіў кіраўнік Цэнтру грамадзкіх сувязяў КДБ Валеры Надтачаеў.

Анатоль Лябедзька паведаміў, што пачакае пісьмовага тлумачэньня, і на яго падставе будзе дабівацца дазволу перасякаць мяжу краіны ў любы час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG