Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя наведалася да актывісткі выбарчай кампаніі


Радыё Свабода Учора ўвечары на кватэру сяброўкі полацкай ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Алены Сом прыйшлі тры афіцэры міліцыі. Яны патлумачылі свой візыт тэлефоннай скаргай суседзяў на шум у кватэры.

Распавядае Алена Сом:

(Сом: ) “Учора а восьмай гадзіне вечара ў дзьверы маёй кватэры пастукалі. На парозе стаялі тры міліцыянты. Яны не прадставіліся і адразу ж папрасілі дазволу зайсьці ў хату. Мы іх у хату не пусьцілі.

Адзін зь іх сказаў, што былі нейкія званкі наконт таго, што ў нас вельмі шумна. Кажам: паслухайце, як у нас шумна — ні магнітафон, ні радыё, ні тэлевізар не працуюць.

Потым другі міліцыянт сказаў, што быў яшчэ адзін званок наконт таго, што ці да нас насілі, ці ад нас выносілі нейкія пакеты з улёткамі. Такім чынам, па ананімным званку, ці нават двух званках, да нас зьявіліся маёр, здаецца, падпалкоўнік і старшы лейтэнант, калі я правільна вызначыла іхныя знакі адрозьненьня”.

Паводле Алены Сом, размова зь міліцыянтамі доўжылася амаль гадзіну, і ўвесь гэты час тыя спрабавалі ўвайсьці ў кватэру і апытвалі суседзяў. Сама яна лічыць гэта звычайным псыхалягічным ціскам на яе як актывістку выбарчай кампаніі.

(Сом: ) “Самае вясёлае тое, што якраз учора, 11 студзеня, быў дзень нараджэньня майго сына. Я ня ведаю, чаму яны менавіта ў гэты дзень зьявіліся, але такая вось непрыемная гісторыя, і ўсё гэта майго малога дужа напалохала”.

Як камэнтуюць візыт да спадарыні Сом самі работнікі міліцыі?

Вось што сказаў з гэтай нагоды адзін зь візытантаў, маёр міліцыі Ігар Мацук:

(Мацук: ) “Быў сыгнал — пазванілі, і нам трэба было проста прыехаць і яго праверыць. Мы зайшлі ў кватэру і спыталі. Гаспадары адказалі, што яны не шумяць. Тады мы папрасілі напісаць тлумачэньне, каб нам гэтае паведамленьне сьпісаць. Але яны адмовіліся даваць тлумачэньні, заявіўшы, што нічога такога не рабілі. Рэч у тым, што калі б я спрабаваў, я б прайшоў у кватэру. Але яны мне не далі пераступіць парогу, і я ніякіх дзеяньняў супраць іх не ўжываў. Я проста стаяў і размаўляў з гаспадарамі кватэры. А гэтым часам іншыя супрацоўнікі — дзеля таго, каб закрыць гэтую справу, апыталі суседзяў, і тыя факту не пацьвердзілі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG