Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Спадар Гайдукевіч, не касіце пад прастачка"


Радыё Свабода Водгукі слухачоў 12 студзеня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар:) “Хацелася б праз вашае радыё запытацца ў прыхільнікаў Аляксандра Мілінкевіча: ці зьбіраюцца яны разглядаць пытаньне аб так званым народным галасаваньні, якое прапаноўвае Пазьняк. Мяркуючы па тым, калі абмяркоўвалася сымболіка, то параўноўваюць літару “М” з адзнакай у бюлетэні. Гэта я раблю высновы, што яны ўсур’ёз лічаць, што можна там нешта ў бюлетэнях адзначаць і кідаць гэтыя бюлетэні ў скрыню – даверыцца волі лёсу.

Мне здаецца, што трэба ўсур’ёз заняцца вывучэньнем прапановы Пазьняка і, ня страчваючы часу, даносіць да прыхільнікаў такую магчымасьць, каб гэта было не ў апошні момант, як звычайна здараецца. Таму што іншыя варыянты, якія ўжо былі пад час і рэфэрэндумаў, і так званых галасаваньняў, яны ўсе прыводзілі да аднаго выніку…”

(Сімановіч, Магілёў) “Хачу запытаць, дзе можна падпісацца за кандыдатаў у прэзыдэнты ў Магілёве. І другое пытаньне. Чаму нашага прэзыдэнта не было ў Казахстане на інагурацыі?”

(Спадар:) “Добры дзень, паважаныя карэспандэнты Радыё Свабода! Радыё Свабода за ўсе гады свайго існаваньня змагалася супраць камуністычнай ідэі, у прынцыпе заўжды падтрымлівала дэмакратыю, што робіць я цяпер, падтрымліваючы кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Мілінкевіча. Адсюль адказ на пытаньне тыдня. Скажыце, як можна ставіць подпіс за Мілінкевіча, калі ў яго найбліжэйшы паплечнік і кіраўнік штабу былы яры камуніст, першы сакратар КПСС Савецкага раёну Менску – таварыш Калякін, які да сёньняшняга дня зьяўляецца лідэрам камуністаў. Дык калі такія сябры ў Мілінкевічы, дык хто ж ён сам? Калякін ня мог перафарбавацца ў дэмакрата! Адкажыце, калі ласка”.

(Спадар:) “У свой час Папа Рымскі Ян Павал ІІ зьвярнуўся да палякаў з заклікам: “Ня бойцеся!” Палякі пачулі главу каталіцкай царквы, адрынулі страх, стварылі народны рух “Салідарнасьць” і скінулі нянавісную камуністычную дыктатуру. Але трэба быць салідарнымі і нам беларусам з адзіным кандыдатам дэмакратычных сілаў – Мілінкевічам! Фралоў, Казулін, Скрабец! Вашыя дзеяньні ствараюць перашкоды адзінаму кандыдату Мілінкевічу. Няўжо вашыя амбіцыі аднялі ў вас розум? Што вы робіце? Яднайцеся!”

(Спадарыня:) “Я ўжо неаднойчы дзялілася з вамі сваім меркаваньнем, але ж вы маё меркаваньне вельмі баіцеся пускаць у эфір. А сёньня я вам яшчэ дадам. Вось вы толькі што сказалі, што заклікаюць галасаваць за “нашага прэзыдэнта” Мілінкевіча. Ён што ўжо ў вас прэзыдэнт? Ды не бываць гэтаму чалавеку прэзыдэнтам!”

(Спадар:) “Паважаная “Свабода”! Хацелася б, каб праз вашае радыё Зянон Станіслававіч Пазьняк патлумачыў сваю ідэю з народным галасаваньнем. Мяне ў прыватнасьці цікавяць усе юрыдычныя аспэкты гэтай прапановы, так бы мовіць юрыдычныя наступствы. Таму што, калі вынесьці бюлетэнь з участка кожны грамадзянін мае права, заканадаўства не забараняе, то сабраць гэтыя бюлетэні, людзей, адвесьці іх некуды, трэба ствараць нейкую арганізацыю. Падпольна-таемна гэта не атрымаецца. І ў такім разе ўлады абвінавацяць удзельнікаў, скажам так званай, “апэрацыі” у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі з усімі выцякаючымі адсюль наступствамі. І ўвогуле яны будуць адлоўліваць гэтых актывістаў, як гэта робяць адпаведныя службы, калі ствараюцца паляваньне ня бяздомных сабак і кошак. Гэта будзе ўсеагульны хапун і ніяк не народнае галасаваньне.

Дык данясіце, калі ласка, мае словы да Зянона Станіслававіча. Хай ён ня робіць сваёй ідэі, хаця яна ў пэўных варунках была б бездакорнай. Але ў нашых умовах яна ставіць яго прыхільнікаў у такое становішча.

Я ўзгадваю прапанову Гары Паганяйлы, які не абгрунтаваў сваю ідэю, не падмацаваў яе з юрыдычнага боку, а спаслаўся на тое, што: “Ну, вось, вы у кабіне знаходзіцеся сам-насам. Ніхто ня бачыць. Вы тут можаце тое-сёе рабіць”. Гэта ж сьмешна сказаць, каб юрыст так сказаў! І ня кажа, што ў законе нічога не прадугледжана. А вось ніхто ня бачыць, значыць можна нешта рабіць такое. Цяпер ужо ня той час! Усюды вочы, вушы, рукі, кайданкі… Усё гэта ўжо прадугледжана. Таму трэба так зрабіць, каб камар носа не падтачыў, каб людзі ўпэўнена рабілі гэтую справу, нідзе не хаваліся. Тады можа ўселіцца ў людзях дух нейкі сваёй праваты. І ня будуць махаць рукой: “А за нас усё вырашана”. Гэта ідэя добрая, толькі трэба яе распрацаваць, данесьці да кожнага, хто не жадае больш падтрымліваць гэтую ўладу.

Спадзяюся, што вы данесяце мае словы да Зянона Станіславіча. І ў бліжэйшым выпуску ён растлумачыць мае сумневы. І яшчэ падзялюся адным назіраньнем.

Днямі зьбіраў подпісы ў вёсцы і заўважыў, што ў прыхільнікаў перамен ёсьць прыймачы. Людзі часьцяком слухаюць “Свабоду”. Але навошта рабіць нейкія сакрэты з таго, колькі можа быць вашых слухачоў? Гэта наадварот аб’яднала б нас. Мы адчувалі б, што недзе па вёсках, па гарадах суседзі таксама слухаюць гэту “Свабоду”. Мы б больш вольна сябе адчувалі і шукалі б нейкія кантакты між сабой. А так што ваш дырэктар Аляксандар Лукашук прыехаў і абвясьціў, што ў Аўганістане слухае 15 мільёнаў. Чаму б не сказаць колькі ў нашай Беларусі вас слухае?”

(Савіцкі, Баранавічы) “Па-першае, хачу сказаць, што самае галоўнае, што прадэманстравалі ў апошні час, гэта тое, што аўра над нашым прэзыдэнтам спала. Ён стаў такім самым палітыкам, як і ўсе іншыя, няхай больш выбітным і больш хамаватым. Але тым ня менш яго ўжо ўспрымаюць не як “бацьку нейкіх там народаў”, як у свой час успрымалі Сталіна, а як проста – палітыка. І гэта самае галоўнае, чаго мы дасягнулі на сёньняшні дзень! А час усё, як кажуць, паставіць на свае месцы. Тут нават няма такога пытаньня, выберуць яго на новы тэрмін ці не. Самае галоўнае тое, што ён перажыў сваю палітыку. Ёсьць палітыкі, чыя палітыка перажывае іх жыцьцё, а гэты палітык, на вялікую нам радасьць, перажыў сваім жыцьцём сваю палітыку”.

(Роберт, Менск:) “Я слухаю радыёстанцыю Свабода. Перадачы суправаджаюцца словамі, у якое ўваходзіць слова “Прага”. І гучнасьць гэтага сыгналу сувымерная з самой перадачай. Немагчыма слухаць! Ці нельга зрабіць гучнасьць гэтай перадачы са словам “Прага” хаця б у два разы цішэй? Гэта працягваецца ўжо гадамі.”

(Анатоль Сахаруша:) “Прывітаньне, “Свабода”! На пытаньне “Свабоды” аб подпісы за патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты. Такой магчымасьці ня меў і, думаю, што мець ня буду. Таму што жыву ў мястэчку Малеч, а не ў Бярозе ці Белаазёрску, ведаючы ўстаноўку раённага перадвыбарчага штабу не распыляцца на вёску. Калі ідзе спаборніцтва, хто больш зьбярэ подпісаў, то гэта не на карысьць прэтэндэнта. Па-першае, да людзей трэба данесьці інфармацыю. А сто тысяч подпісаў на Беларусі зьбяруць! Некалькі дзён таму меў магчымасьць паразмаўляць са студэнтамі БДУ і БАТУ, запытаў пра Мілінкевіча. Яны з шырока расплюшчанымі вачыма глядзелі на мяне: “А хто гэта такі?” А каго ж тады акрамя Лукашэнкі будзе ведаць вёска за 300 км ад сталіцы? У Белаазёрску Лукашэнка сказаў: “Нават калі вы за мяне не прагаласуеце, я ўсё роўна буду абраны”. Во якая ўпэўненасьць у перамозе! Учора па радыё пачуў, што ў Польшчы, а менавіта ў Гданьску і Гдыні, ёсьць многа вакантных працоўных месцаў, куды ўлады будуць запрашаць і прапаноўваць працу беларусам. Сёньня патэлефанаваў у Брэст у польскае консульства, мне сказалі, што такое ад вас мы чуем упершыню. Ці можаце вы што-небудзь сказаць аб гэтым больш зьмястоўна?”

(Спадар:) “Пытаньне такога кшталту. Куды накіраваць матэрыял пра карупцыю ў вайсковай пракуратуры? Адказ можна даць ці па гэтаму тэлефону ці на гэты адрас…”

(Спадар:) “Чаму Лукашэнка не паехаў на інагурацыю Назарбаева? Што яго не запрасілі?”

(Спадар:) “Дзе працуе Пазьняк? І за чые грошы езьдзіць Мілінкевіч? Якую яны прынесьлі карысьць свайму народу? Гэта сапраўдныя падпольшчыкі!”

(Спадар:) “Пытаньне да “Свабоды”. Час ад часу можна чытаць, што Беларусь займаецца продажам зброі іншым краінам, Перу, Алжыру. Якая гэта зброя і адкуль яна бярэцца? Быццам, Беларусь мае невычэрпны яе запас”.

(Спадарыня:) “У нас па вёсцы хадзіла старшыня сельсавету зьбірала подпісы за Лукашэнку. А мы хочам падпісацца за Мілінкевіча, за Пазьняка. Ці ёсьць у Ваўкавыску такі штаб, куды б можна было пайсьці і расьпісацца? Бо мы нічога ня ведам, да нас ніхто не прыходзіць”.

(Спадар:) “Учора па вашаму радыё адзін з прэтэндэнтаў на пост прэзыдэнта Гайдукевіч пракрычаў, што быццам бы іншыя прэтэндэнты патрабуюць для сябе цяплічных умоваў, і што няма такой краіны, дзе не прымаўся б адміністратыўны рэсурс. У чарговы раз спадар Гайдукевіч паказаў свой твар, а дакладней сваю ролю ў гэтай чарговай у яго жыцьці кампаніі. Хацелася б запытаць Гайдукевіча: які, напрыклад, рэсурс прымаўся ў Злучаных Штатах, калі на выбары ішлі Буш і Гор? І на карысьць каго адміністрацыя Клінтана прымушала тады вялікую колькасьць выбаршчыкаў запісвацца ў падтрымку аднаго з прэтэндэнтаў пад пагрозай страты працоўнага месца? Тое самае можна сказаць і пра выбары канцлера ў Нямеччыне. А ў сапраўднай вашай ролі ўпэўнены, што калі б вы на выбарах набралі нават 60% галасоў, то і ў гэтым выпадку зьнялі б сваю кандыдатуру на карысьць дзеючага прэзыдэнта. І не касіце пад прастачка, тым больш, што нядаўна вы хваліліся, што вы высокаадукаваны чалавек”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG