Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як падпісваюцца за прэтэндэнтаў вайскоўцы і міліцыянты?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ці ёсьць людзі ў форме сярод тых, хто ставіць свае подпісы за вылучэньне вашага кандыдата на прэзыдэнты? Гэтае пытаньне наш карэспандэнт задаў Ігару Азарку, кіраўніку перадвыбарчага штаба генэрала Валерыя Фралова.

Паводле Азаркі, людзі ў вайсковай форме ставяць подпісы за генэрала Фралова даволі часта. Калі збор подпісаў ішоў у Мачулішчах, дзе жыве шмат сем’яў вайскоўцаў, генэрала асабліва і прадстаўляць не даводзілася, паколькі яго добра ведаюць.

(Азарка: ) “ Ён генэрал з савецкіх часоў, а у нас да людзей у форме заўсёды павага. Таму без праблемаў хадзілі і зьбіралі подпісы, ніякіх пытаньняў не было”.

Але ці здолее генэрал сабраць 100 тысяч подпісаў? Якія ў яго шанцы на выбарах, калі яго зарэгіструюць? Ад адказаў на гэтыя пытаньні Ігар Азарка ўстрымаўся. Ён спаслаўся на тое, што пакуль ў штабе Фралова няма папярэдніх дадзеных пра вынікі кампаніі.

Былы міністар абароны Павал Казлоўскі перакананы: шанцаў у генэрала Фралова няшмат. Паводле Казлоўскага, супраць яго спрацуе так званы адміністрацыйны рэсурс. А па-другое, ён і ня можа сабраць шмат прыхільнікаў.

(Казлоўскі: ) “Сёньня вайскоўцы задаволеныя дзеючай ўладай, ім плацяць добрыя заробкі, добрыя пэнсіі, і таму, мяркую, Валеры Фралоў ім непатрэбны”.

Зазначу, што 5 гадоў таму сярод тых, хто спрабаваў вылучыцца на прэзыдэнта, таксама быў адзін генэрал – Павал Казлоўскі. Але Казлоўскаму тады не ўдалося сабраць патрэбную колькасьць подпісаў.

Паводле дадзеных ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна, людзі ў форме вельмі рэдка падпісваюцца за іх кандыдата і ўвогуле палохаюцца выявіць прыхільнасьць да апазыцыі. Сябра групы Казуліна праваабаронца Алег Волчак кажа, што вайскоўцаў і міліцыянтаў іх камандзіры запалохалі тым, што нібыта сьпісы потым будуць правярацца, і падпісантаў лёгка выявяць ды пакараюць у службовым парадку. У якасьці прыкладу Алег Волчак распавёў пра вайскоўца Баранава са Слуцку, якому нібыта пагражалі звальненьнем за ўдзел у ініцыятыўнай групе Казуліна. З асабістага досьведу праваабаронца нагадаў наступны выпадак.

(Волчак: ) “Было нават, што сфатаграфавалі міліцыянта, які выпадкова аказаўся непадалёк ад нашага століка, дык ён потым падышоў да фотакарэспандэнта з “Камсамольская праўды” і папрасіў, каб зьнішчылі здымак, бо ў яго будуць праблемы”.

Паводле спадара Волчака, апошнім часам ня толькі службоўцы, але і чыноўнікі прызнаюць, што ім забаронена ставіць подпісы. Пакуль больш-менш вольна падпісваюцца толькі пэнсіянэры, студэнты ды бізнэсоўцы, – дзеліцца назіраньнямі Алег Волчак.

У прэсавай службе Міністэрства абароны мне не пракамэнтавалі зьвесткі пра тое, нібыта вайскоўцам забаронена падпісвацца за апазыцыйных кандыдатаў. Супрацоўніца прэсавай службы спаслалася на адсутнасьць начальніка, без якога яна нічога камэнтаваць ня можа. У Міністэрстве ўнутраных спраў адказалі, што кожны міліцыянт вырашае для сябе сам, за каго яму падпісвацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG