Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Творчая вечарына У.Някляева ўпершыню на сцэне Дому літаратара


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ў Менску ў Доме літаратара адбудзецца творчая вечарына знанага паэта, старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Ўладзімера Някляева. Адметнасьць яе ня толькі ў калядна-навагодняй тэматыцы, але яшчэ і ў тым, што выдаўшы каля дзесятка паэтычных кніжак, атрымаўшы за іх многія прэміі, былы старшыня Саюзу пісьменьнікаў ніколі да гэтага ня меў у Доме літаратара сваёй аўтарскай вечарыны.

Гэты парадокс у творчай біяграфіі знанага паэта высьветліў старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч. І вырашыў, што калядна-навагоднія сьвяточныя дні, а тым болей напярэдадні Шчодрага вечара – самы час дзеля выпраўленьня гэтае сытуацыі.

(Пашкевіч: ) “Упершыню паэт, які некалі зьбіраў цэлыя стадыёны, упершыню наогул будзе ладзіць сваю аўтарскую вечарыну ў Доме літаратара”.

Уладзімер Някляеў сам са зьдзіўленьнем успрыняў гэты факт сваёй даволі ўжо працяглай творчае біяграфіі.

(Някляеў: ) “Дальбог, не магу сказаць, як яно так атрымалася, хоць і насамрэч аўтарскія выступы былі ў мяне і на стадыёнах, і ў палацах, і ў філярмоніях, і на пляцах, а вось да Дому літаратара – гэтай найблізкай пляцоўкі не дабраўся яшчэ”.

Паэт будзе чытаць свае вершы пераважна з апошняй кнігі “Так”, якая выйшла летась у недзяржаўным выдавецтве Віктара Хурсіка, але прэзэнтацыі якое дагэтуль не было. Так што вечарына будзе і адначаснай прэзэнтацыяй кнігі вершаў, напісаных за пяць гадоў ягонага вымушанага пражываньня ў замежжы – у Польшчы і Фінляндыі. Музыка Зьміцер Вайцюшкевіч напісаў на 12 вершаў Някляева цыкль песьняў, якія прэзэнтуе на імпрэзе. Чакаецца і песьня на вось гэты навагодні самотна-жартоўны верш.

(Някляеў: ) “Першы раз за ўсё жыцьцё Новы год У адзіноце – І такое пачуцьцё, Як адзін У самалёце. Што ж, і так яно бывае… І нябёсаў пасярод Зь пляшкі корак выбіваю: – З Новым годам, Самалёт!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG