Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На магіле Ўладзімера Мулявіна сёньня зьявіцца помнік


Ігар Карней, Менск Сёньня аб 11-й раніцы на Ўсходніх могілках беларускай сталіцы будзе ўсталяваны помнік заснавальніку і на працягу 30 гадоў нязьменнаму мастацкаму кіраўніку ансамблю “Песьняры” Ўладзімеру Мулявіну. Чакаецца, што на адкрыцьцё прыедуць музыкі “Песьняроў” зорнага складу – Анатоль Кашапараў, Валянцін Бадзьяраў, Уладзіслаў Місевіч ды іншыя.

12 студзеня Мулявін мог бы адзначыць свой юбілей – 65-ы год нараджэньня. Аднак да гэтай даты музыка не дажыў роўна тры гады: 27 студзеня 2003 году ён памёр у Маскве, у аддзяленьні нэйрахірургіі шпіталю імя Бурдэнкі, куды ўвосень 2002 году быў перавезены для працягу лекаваньня.

Нагадаем, што ў траўні 2002 году лідэр “Песьняроў” трапіў у аўтакатастрофу па дарозе зь лецішча ў Менск, моцна пашкодзіўшы хрыбет. У той жа дзень ён быў праапэраваны ў Інстытуце траўматалёгіі і артапэдыі вядомым нэйрахірургам Іосіфам Варановічам. Аднак неўзабаве стала вядома, што Мулявін спаралізаваны. У сьнежні 2002-га сьпеваку стала лепей, аднак паляпшэньне было часовае – ад дня нараджэньня, 12 студзеня 2003 году ён ужо не пакідае аддзяленьне рэанімацыі. Раніцай 26 студзеня заснавальнік “Песьняроў” памёр...

Пасьля сьмерці артыста былыя паплечнікі пачалі барацьбу за песьняроўскі брэнд, у выніку чаго калектыў рэгулярна скаланаўся ад скандалаў, узаемных абвінавачаньняў музыкаў у недобрасумленнасьці і пры гэтым раз-пораз развальваўся. Цяпер існуе пяць ансамбляў, якія з рознымі варыяцыямі “Песьняроў” у назве гастралююць па Беларусі і асобных краінах СНД.

Сёньня ўвечары ў Беларускай дзяржаўнай філярмоніі адбудзецца канцэрт, прысьвечаны памяці Ўладзімера Мулявіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG