Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якімі будуць заўтра цэны на газ для Беларусі?


Радыё Свабода Агляд некаторых выданьняў недзяржаўнага друку

Сёньня “Камсамолка” дасьледуе пытаньне: якімі будуць заўтра цэны на газ для Беларусі? Паводле газэты, энэргетычныя канфлікты Расеі з Украінай і Малдовай выявілі, што Менск таксама стаіць на парозе праблемы. “Камсамолка” аналізуе сытуацыю і схему фармаваньня рэальнай аплаты за газ.

400 чалавек насельніцтва вёскі Александрыя атрымаюць басэйн пад дахам. Тут будуць тры водныя дарожкі ў 25 мэтраў даўжыні. Падрабязнасьці – у артыкуле “Камсамолкі” пад назовам “На радзіме Лукашэнкі будуюць басэйн”.

Роўна тры гады мінула, як памёр Уладзімер Мулявін. У сьвежым нумары “Камсамолкі” чытайце пра музыку ў артыкуле “Анатоль Кашапараў: “Песьнярам” трэба было плыты пісаць, а мы грошы для жонак зараблялі”.

У Слоніме чакаюць прыезду кандыдата на ўдзел у выбарах Аляксандра Мілінкевіча. Напярэдадні “Газэта Слонімская” зьмяшчае падборку тэматычных матэрыялаў. Гаворыць аўтар Сяргей Чыгрын.

(Чыгрын: ) “Падаецца інфармацыя для чытачоў, за каго цяпер і дзе на Слонімшчыне вядзецца збор подпісаў. У нумары таксама падаецца інтэрвію зь Іванам Шэгам – кіраўніком штабу Аляксандра Мілінкевіча па гораду Слоніму і раёне. Ён адказвае на пытаньні карэспандэнта. Дарэчы, на сёньняшні дзень на Слонімшчыне ўжо сабрана больш як адна тысяча подпісаў на карысьць Мілінкевіча”

Паведаміў намесьнік рэдактара “Газэты Слонімская” Сяргей Чыгрын. І яшчэ пра адну тэму рэгіянальнага выданьня. Як высьвятляецца, горад на Шчары абмінаюць прафэсійныя тэатры – за апошнія дваццаць гадоў тут ня адбылося ніводнага гастрольнага спэктаклю. Афіцыйнае тлумачэньне – адсутнасьць годнай сцэны. Між тым, піша выданьне, у Слоніме яшчэ ў 19-м стагодзьдзі існаваў прафэсійны тэатар Міхала Агінскага.

Завершыць агляд апэратыўная інфармацыя Беларускай асацыяцыі журналістаў. Паведамляецца, што на сёньня ў краіне цяпер ацалела каля трыццаці беларускіх грамадзка-палітычных выданьняў, сярод заснавальнікаў якіх няма дзяржаўных органаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG