Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі ліквідатар працягвае галадоўку ў паліклініцы


Радыё Свабода У Калінкавічах у мясцовай паліклініцы 26-я суткі працягвае галадоўку Васіль Сіліверст. Чарнобыльскі ліквідатар Васіль Сіліверст дамагаецца, каб прызналі, што ўдзел у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы стаў прычынай яго захворваньняў і інваліднасьці.

Апошнія дні кіраўніцтва тэрытарыяльнага мэдычнага аб’яднаньня стала прад’яўляць да галадоўніка прэтэнзіі — што ён сваёй галадоўкаю тэрарызуе паліклініку. Таму Васіль Сіліверст вымушаны быў зьвярнуцца да раённага пракурора Сяргея Ярмоленкі і патлумачыць яму матывы сваёй галадоўкі. Адначасова ён папрасіў у пракурора дапамогі. Гаворыць спадар Сіліверст:

(Сіліверст: ) “Я падаў заяву нашаму калінкавіцкаму пракурору, каб ён папрасіў кіраўніцтва ТМА (тэрытарыяльнага мэдычнага аб’яднаньня) выдаць мне хадайніцтва да Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Даваў таксама тэлеграму на імя міністра аховы здароўя Рудэнкі. А яшчэ я накіраваў заяву генэральнаму пракурору Беларусі з просьбай разабрацца, чаму ў Калінкавічах так шмат ліквідатараў-інвалідаў Чарнобылю, а ў мяне маю інваліднасьць ды захворваньні ня зьвязваюць з Чарнобылем”.

Ён паведаміў таксама, што ў апошнія дні тэлефануе на нумар гарачай лініі Міністэрства аховы здароўя. Праўдападобна, такая актыўнасьць і выклікае незадаволенасьць мясцовых начальнікаў мэдыцыны. Меркаваньне галоўнага лекара Калінкавіцкага мэдычнага аб’яднаньня Аляксандра Шаўка:

(Шаўко: ) “Пры чым тут гарачая лінія, пры чым тут міністэрства, калі ён не падпадае пад інваліда Чарнобылю? Так можна вечна тэрарызаваць людзей. Існуе закон, у законе пра дадзены выпадак нічога не сказана. Дык пра што гаворка? Яму вызначана 2-я група інваліднасьці агульнага захворваньня. Што ж мы можам болей? Што ён заслугоўвае, тое яму ўсё далі”.

Урэшце галоўны лекар пагадзіўся ўзяць больш дзейсны ўдзел у лёсе чарнобыльскага ліквідатара Васіля Сіліверста:

(Шаўко: ) “Улічваючы, што ён піша ва ўсе інстанцыі, мы ад свайго імя напішам у рэспубліканскі экспэртны савет, каб яго, магчыма, выклікалі і паўторна зрабілі экспэртызу”.

У Васіля Сіліверста гэта ўжо другая працяглая галадоўка з прычыны таго, што ягоныя захворваньні ды інваліднасьць ня зьвязваюць з Чарнобылем. У 1988 годзе спадара Сіліверста як афіцэра запасу прызвалі ў войска. Ён шэсьць месяцаў служыў і працаваў непасрэдна ва ўкраінскім горадзе Чарнобылі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG