Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тадэвуш Мазавецкі: Геапалітыцы можна супрацьпаставіць волю народу


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Першы некамуністычны прэм’ер-міністар Польшчы Тадэвуш Мазавецкі заявіў нашаму радыё, што нават калі беларуская апазыцыя прайграе сакавіцкія выбары, гэтыя выбары ўсё адно будуць вялікім крокам наперад у разуменьні беларусамі неабходнасьці дэмакратычных пераменаў.

Тадэвуш Мазавецкі кажа, што часам шлях да перамогі ў барацьбе супраць рэжыму можа быць значна даўжэйшым, чым падаецца.

(Мазавецкі: ) “Часам да перамогі трэба ісьці пэўнымі этапамі. Калі апазыцыя ў Беларусі не пераможа ў гэтых выбарах, дык яны ўсё адно будуць вельмі важным этапам на шляху да свабоды. Важна, што апазыцыя здольная да арганізаваных дзеяньняў. Беларусы павінны ведаць, што нават калі рэжым перасьледуе ўласныя незалежныя газэты, дык будуць замежныя назіральнікі, ёсьць замежныя мэдыі, якія ўсё адно будуць гаварыць пра магчымыя парушэньні і фальсыфікацыі. Цяпер ужо немагчыма ўсё заглушыць і перакрыць усе крыніцы інфармацыі – праўда дойдзе да жыхароў Беларусі”.

Паводле спадара Мазавецкага, калі ён стаў прэм’ерам, дык быў пэўны непакой, зьвязаны з тым, што Савецкі Саюз можа ўмяшацца, не дазволіць палякам быць цалкам незалежнымі, вырвацца з камуністычныга блёку. Аднак, кажа Тадэвуш Мазавецкі, калі для нейкіх пераменаў ёсьць воля народу, ніякія геапалітычныя гульні ня могуць мець вырашальнага ўплыву на сытуацыю ў краіне. Гэта, паводле былога польскага прэм’ера, тычыцца і цяперашняй Беларусі.

(Мазавецкі: ) “Геапалітычны фактар мае вялікае значэньне перадусім з увагі на пазыцыю Расеі што да Беларусі. Аднак гэта не азначае, што гэтым геапалітычным уплывам нельга супрацьпаставіць волю народу. Калі беларускі народ абудзіцца, заявіць пра сваю волю, дык, на маю думку, любой іншай краіне вельмі цяжка будзе ігнараваць гэтую волю, гэта тычыцца і Расеі”

Паводле Тадэвуша Мазавецкага, ў 1989 годзе ён спрабаваў паказаць тагачаснаму савецкаму кіраўніку Міхаілу Гарбачову, што добрыя дачыненьні Масква можа мець і зь некамуністычным прэм’ерам. Гэта спадар Мазавецкі раіць зрабіць цяпер і беларускай апазыцыі.

Спадар Мазавецкі ў 1989 годзе ўзначаліў першы некамуністычны ўрад у краінах усходняга блёку, а да гэтага быў актывістам апазыцыі, рэдактарам газэты “Салідарнасьць”, палітвязьнем. Вялікае інтэрвію з Тадэвушам Мазавецкім прагучыць на нашых хвалях у перадачы “Госьць на Свабодзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG