Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сына Веранікі Чаркасавай будзе заставацца пад вартай


Радыё Свабода Суд Першамайскага раёна Менску не зьмяніў меру стрыманьня сыну забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай Антону Філімонаву. 16-гадовага Антона затрымалі 27 сьнежня, а 30 – перавялі ў сьледчы ізалятар. Яго абвінавачваюць у вырабе і распаўсюдзе падробленых беларускіх грашовых купюраў.

Бабуля Антона Дыяна Чаркасава непакоіцца станам здароўя свайго ўнука. Яна лічыць, што трымаць падлетка за кратамі сьледчага ізалятара, які несьвядома і без цяжкіх наступстваў парушыў Крымінальны кодэкс, негуманна. Антона затрымалі разам з трыма яго знаёмымі. У іх знайшлі тры купюры вартасьцю 10 000 рублёў і чатыры – 5 000. Хлопцы патлумачылі, што папросту паспрачаліся, чый кампутар лепшы. Але сьледчыя расцанілі іх учынак, як парушэньне 221 артыкулу Крымінальнага кодэксу (выраб і распаўсюд падробленых грашовых знакаў).

Пракурор Першамайскага раёну адпусьціў падазраваных, а арыштаваў толькі Антона Філімонава. Дзед і бабуля Антона заявілі, што на іх унука ціснуць з мэтай дабіцца прызнаньня ў забойстве маці. Гаворыць Дыяна Чаркасава:

(Чаркасава: ) "Не ўлічваецца, што гэта дзіця… школа… Стаўленьне як да злачынцы, на якім можна крыж ставіць. Ведаеце, я думаю, што ў 16 гадоў ніхто не застрахаваны ад глупстваў і ад такіх учынкаў. Дарослыя людзі гэта разумеюць. Улады не заўважылі розьніцу паміж глупствам і сапраўдным злачынствам. Яны папросту скарысталіся зручным выпадкам атрымаць Антона ў сваё распараджэньне і зрабіць тое, што яны хацелі яшчэ год таму".

Бабуля Антона паведаміла "Свабодзе", што будзе падаваць апэляцыі ва ўсе судовыя інстанцыі, каб яе ўнуку зьмянілі меру стрыманьня.

Маці Антона Філімонава Вераніку Чаркасаву забілі 20 кастрычніка 2004 году ва ўласнай кватэры. Сьледзтва спачатку падазравала ў забойстве сына журналісткі і яе айчыма, якія першымі знайшлі цела і выклікалі міліцыю. У выніку трагічнай сьмерці маці і допытаў Антон Філімонаў трапіў у псыхіятрычны шпіталь. Пасьля выпіскі сьледчы менскай пракуратуры Ўладзімір Чумачэнка настойваў на правядзеньні прымусовай псыхіятрычнай экспэртызы. Каб абараніць хлопчыка, яго бацька адвёз да сябе ў Маскву. Антон вярнуўся напачатку лета, калі зь яго зьнялі статус падазраванага ў крымінальнай справе. Напрыканцы сьнежня справу прыпынілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG