Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Die Presse": Усходняя Эўропа напярэдадні гарачай вясны?


Радыё Свабода Беларусь можа стаць адной з найбольш сур’ёзных праблемаў у часе цяперашняга старшынства Аўстрыі ў Эўрапейскім Зьвязе, піша сёньня венская газэта "Die Presse" ў артыкуле “Усходняя Эўропа напярэдадні гарачай вясны?”

Паводле аўтара публікацыі, цяпер “у многіх эўрапейцаў глыбока ў падкорцы сядзіць страх, выкліканы нядаўняй расейска-ўкраінскай газавай спрэчкай. Аднак ўсё гэта толькі “кветачкі” ў параўнаньні з тым разьвіцьцём ў палітыцы ўсходнеэўрапейскага суседзтва, якое можа настаць сёлета пасьля 19 сакавіка – дня, калі ў Беларусі пройдуць прэзыдэнцкія выбары”, піша "Die Presse".

Аўтар публікацыі называе 19 сакавіка вельмі няпростым днём для Эўропы. Вынікі і хада папярэдніх выбараў у гэтай аўтарытарнай дзяржаве сьведчаць пра тое, што беларускі кіраўнік Лукашэнка ня надта зацікаўлены ў свабодных і празрыстых выбарах, хаця і так мае неблагія шанцы на перамогу.

Як мяркуе журналіст "Die Presse", “19 сакавіка апарат Лукашэнкі мабілізуе ўсе свае сілы, каб чарговым разам падарыць свайму кіраўніку трыюмфальныя вынікі на выбарах”.

“Што здарыцца, аднак, калі беларуская апазыцыя, незадаволеная фальсыфікацыямі, выйдзе з пратэстамі на вуліцы? – задае пытаньне "Die Presse".– Што станецца, калі ў беларускіх гарадах пральецца кроў, пачнуцца масавыя арышты, супраць дэманстрантаў будуць выкарыстоўвацца дубінкі і аэразоль? У Эўразьвязу застаецца толькі два месяцы часу, каб не сустрэць 19 сакавіка ў стане поўнай бездапаможнасьці”, піша венскае выданьне.

У сёньняшнім нумары "Die Presse" зьмешчанае таксама інтэрвію кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду ад беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Спадар Мілінкевіч перакананы, што “эра беларускага кіраўніка хутка скончыцца”, а магчымыя сілавыя акцыі рэжыму ў часе выбараў “толькі паскораць палітычныя зьмены ў краіне”. Нягледзячы на тое, што многія суайчыньнікі Мілінкевіча ўсё яшчэ жывуць як “зомбі”, у адчуваньні страху, “Беларусь сасьпела для пераменаў”.

Як піша аўстрыйскае выданьне, Аляксандар Мілінкевіч “ні ў якім выпадку не зьбіраецца эміграваць зь Беларусі, ...а будзе да канца змагацца за лепшую будучыню сваёй краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG