Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” ўсё яшчэ ў Дубровенскім аддзеле міліцыі


Радыё Свабода Наклад новага нумару незалежнай газэты “Народная Воля” ад учорашняга дня знаходзіцца ў Дубровенскім райаддзеле міліцыі, што на Віцебшчыне. Галоўнаму рэдактару Іосіфу Сярэдзічу супрацоўнікі Віцебскай мытні патлумачылі затрыманьне газэты тым, што суправаджальныя дакумэнты нібыта былі падрыхтаваныя не належным чынам — нумар накладной быў напісаны рукою. Сёньня ж Іосіф Сярэдзіч зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай спыніць рэпрэсіі супраць “Народнай Волі”.

Галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч сёньня амаль увесь дзень правёў на тэлефоне, спрабуючы высьветліць лёс затрыманага накладу газэты. І толькі а першай гадзіне дня намесьнік начальніка Віцебскай мытні ў справе барацьбы з кантрабандай Вячаслаў Кажамячанка патлумачыў Іосіфу Сярэдзічу, што наклад “Народнай Волі” быў затрыманы на той падставе, што нумар на накладной быў не надрукаваны, а напісаны ад рукі. Сьведкам гэтай тэлефоннай размовы быў карэспандэнт Радыё Свабода.

Іосіф Сярэдзіч запэўнівае, што ўсе дакумэнты на выданьне былі падрыхтаваныя належным чынам. Паводле спадара Сярэдзіча, улады шукаюць дробных зачэпак, каб перашкодзіць выхаду газэты.

Пасьля таго таго, як учора 27 тысяч асобнікаў па дарозе са Смаленскай друкарні ў Менск на расейска-беларускай мяжы затрымалі мытнікі, увесь наклад газэты перавезьлі ў Дубровенскі райаддзел міліцыі, дзе ён знаходзіцца дагэтуль.

Зьвязацца з кіраўніцтвам Дубровенскай міліцыі не атрымалася. Тэлефоны, апроч дзяжурнай часткі, не адказваюць. Як было паведамлена Іосіфу Сярэдзічу, большасьць адказных супрацоўнікаў райаддзелу альбо на нарадзе ў Віцебску, альбо ў камандзіроўцы, альбо ад’ехала. А прэсавыя службы Міністэрства ўнутраных справаў і Віцебскага ўпраўленьня ўнутраных справаў сытуацыі з “Народнай Воляй” не тлумачаць.

Галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч сёньня накіраваў ліст прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, у якім просіць спыніць рэпрэсіі супраць газэты. Галоўны рэдактар “Народнай Волі” лічыць, што “дзеяньні адпаведных дзяржаўных структураў груба парушаюць дзейнае заканадаўства і напярэдадні маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў па сутнасьці зьяўляюцца правакацыйнымі”.

Тым часам у рэдакцыі “Народная Воля” працягваецца распаўсюд 1—2-га двайнога нумару. Гаворыць камэрцыйная дырэктарка “Народнай Волі” Яўгенія Церахава:

(Церахава: ) “Мы адразу ня здолелі адправіць газэту па ўсёй тэрыторыі краіны. Транспартнікі, якія паабяцалі заключыць дамову, адмовілі нам. Я думаю, што ім нехта давёў, што гэтага лепш не рабіць. Мы цяпер наклейваем маркі на капэрты і ў далёкія пункты будзе адпраўляць газэту поштай”.

У рэдакцыі ад новага году працуе пункт продажу газэты. Пакуль чытачы купілі каля 1200 асобнікаў першага нумару “Народнай Волі”.

З кастрычніка 2005 году “Народная Воля” вымушана друкавацца за мяжой у Смаленскай друкарні. З 1 кастрычніка ўсе падразьдзяленьні “Саюздруку” ў аднабаковым парадку скасавалі з газэтай дамовы на распаўсюд. Манапаліст у сфэры падпіскі на пэрыядычныя выданьні прадпрыемства “Белпошта” не ўключыла “Народную Волю” ў падпісны каталёг на першае паўгодзьдзе 2006 году, і цяпер калектыў газэты спрабуе стварыць уласную сыстэму распаўсюду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG