Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць у вас магчымасьць чытаць незалежную прэсу?


Радыё Свабода Ад пачатку году чытачам многіх незалежных газэтаў стала цяжка знайсьці выданьні, да якіх яны прызвычаіліся. Дзяржаўныя прадпрыемствы “Белпошта” і “Белсаюздрук” скасавалі дамовы на падпіску і распаўсюд многіх недзяржаўных грамадзка-палітычных газэтаў. Ці маеце магчымасьць чытаць незалежную прэсу? — гэтае пытаньне на вуліцах Менску задавала людзям “Свабода”.

(Спадар: ) “Ёсьць магчымасьць. Я карыстаюся Інтэрнэтам і гэтак чытаю незалежную прэсу. А ці ёсьць такая магчымасьць у іншых людзей, я ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “Не. Таму што ў свабодным продажы я ня бачыла, каб вольна прадавалі незалежныя газэты”.

(Юнак: ) “Незалежную? Пэўна ёсьць, бо ёсьць Інтэрнэт, ёсьць нейкія іншыя шляхі”.

(Юначка: ) “Ёсьць, калі бацькі купляюць “БДГ”, да прыкладу, але дзе яны яе бяруць, я ня ведаю”.

(Спадар: ) “Цяпер у Беларусі настаў такі час, што незалежнай прэсы амаль не засталося. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году я яшчэ чытаў незалежныя выданьні, а цяпер іх няма”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у вас магчымасьць чытаць незалежную прэсу?”

(Спадар: ) “Так, у пераходах бабулі прадаюць, у кіёсках — шмат у нас цяпер незалежнай прэсы”.

(Спадар: ) “Калі нават і маю, то вельмі абмежаваную, бо вельмі многія газэты закрылі. “БДГ”, да прыкладу, цікавая газэта была. Вельмі вялікая праблема набыць гэтыя выданьні”.

(Юнак: ) “Не заўсёды гэта цікава, дарэчы. Але можна, чаму не? Праз той жа Інтэрнэт”.

(Юнак: ) “А я ўвогуле не чытаю. Яшчэ праз Інтэрнэт можна, а ў шапіках немагчыма нешта набыць”.

(Спадар: ) “Толькі калі гэтыя газэты ў скрыні паштовыя раскідаюць, альбо знаёмыя дапамогуць нешта здабыць, калі да гэтага датычныя. А так, не”.

(Юначка: ) “Вельмі складана зь незалежнай прэсай. “Народную Волю”, “Нашу Ніву” вельмі складана атрымаць — трэба ўвесь горад па знаёмых абысьці, ці з рэдакцыямі неяк дамаўляцца, каб дасылалі гэтую газэту. Усё ідзе да таго, што людзям не даюць інфармацыі пра тое, што ў нас адбываецца. Гэтая тэле– і радыёдубінка пастаянна, асабліва цяпер, калі ідзе перадвыбарчая кампанія. Гэта адна з прыярытэтных лініяў дзяржавы — не даваць інфармацыі пра тое, што можа быць замест таго, што ёсьць цяпер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG