Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Французы ацанілі выдатную францускую мову Мілінкевіча


Валер Каліноўскі, Менск Алэн Гіймоль, журналіст францускай газэты “Лё Круа”, які асьвятляў украінскую аранжавую рэвалюцыю і напісаў пра яе кнігу “Нават сьнег быў аранжавым”, паведаміў “Свабодзе”, што ён і каля дзесяці францускіх журналістаў зьбіраюцца наведаць Беларусь пад час прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка. Большасьць гэтых журналістаў пабывала на прэсавай канфэрэнцыі, якую наладзіў учора ўвечары ў Парыжы кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч. Спадар Гіймоль падзяліўся сваімі ўражаньнямі з карэспандэнтам “Свабоды”.

Алэн Гіймоль паведаміў, што Аляксандар Мілінкевіч пакінуў вельмі добрае ўражаньне. На ягонай прэсавай канфэрэнцыі, якая прайшла ў панядзелак, прысутнічалі каля 20 журналістаў зь лепшых францускіх СМІ, такіх як агенцтва “Франс Прэс”, Радыё “Франс Інтэрнасьёналь”, газэт “Лё Монд”, “Лё Фігаро”, “Лібэрасьён” і іншых:

(Гіймоль: ) “Усе галоўныя радыёстанцыі і газэты там былі прадстаўленыя. Гэта значыць, што ёсьць вялікі інтарэс да беларускіх выбараў тут, у Францыі, што француская прэса зьвяртае вялікую ўвагу на тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Я павінен сказаць, што такога не было ў мінулым, калі многія беларускія выбары практычна не асьвятляліся францускай прэсай, але цяпер, як мы пабачылі, ёсьць вялізная цікавасьць”.

Карэспандэнт газэты “Лё Круа” Алэн Гіймоль паведаміў, што пад час прэсавай канфэрэнцыі адбылася жывая, цікавая гутарка францускіх журналістаў з Аляксандрам Мілінкевічам, той адказаў на ўсемагчымыя пытаньні аб унутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі, аб яе адносінах з суседзямі, у тым ліку з Расеяй, Украінай, Эўразьвязам.

(Гіймоль: ) “Я павінен сказаць, што ў яго цудоўная француская мова, і гэта вельмі спрыяла стварэньню добрай атмасфэры, якая сапраўды была нефармальнай і вельмі пазытыўнай”.

Карэспандэнт газэты “Лё Круа” Алэн Гіймоль паведаміў, што зьбіраецца асабіста прыехаць асьвятляць беларускія выбары ў сакавіку. Пры гэтым ён згадаў, што летась напісаў кнігу пра ўкраінскую аранжавую рэвалюцыю і заявіў, што хацеў бы неўзабаве напісаць кнігу і пра Беларусь. Спадар Гіймоль паведаміў, што паводле ягонай інфармацыі, усяго на беларускія выбары рыхтуецца прыехаць каля дзесятка францускіх журналістаў.

Сёньня Аляксандар Мілінкевіч вяртаецца з Францыі. Ён наведаў Парыж на запрашэньне францускага ўраду і правёў перамовы зь міністрам замежных справаў Францыі Філіпам Дуст-Блазі, шэрагам францускіх палітыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG