Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі прэм''ер наведаў Беласток, сустрэўся з А.Мілінкевічам (фота)


Аляксей Дзікавіцкі, Беласток 6 студзеня ў Беластоку прэм’ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч сустрэўся з прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта Беларусі ад дэмакратычных сілаў Аляксандрам Мілінкевічам. Польскі прэм’ер сярод іншага заявіў, што Варшава выдзеліць сродкі на назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі і што ў найбліжэйшым часе на польскай тэрыторыі пачне працаваць радыёстанцыя для Беларусі.

Сустрэча Казімежа Марцінкевіча з Аляксандрам Мілінкевічам выклікала найбольшую зацікаўленасьць мэдыяў, сярод усіх астатніх пунткаў праграмы візыту польскага прэм’ера на Падляшша.

Пасьля размовы са спадаром Мілінкевічам сам-насам, кіраўнік польскага ўраду ў часе сумеснай прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што Польшча акрамя ўласнага ўдзелу ў дапамозе дэмакратычным пераменам у Беларусі, намагалася і будзе намагацца прыцягнуць да сытуацыі ў суседняй краіне напярэдадні выбараў увагу іншых краінаў Эўрапейскага Зьвязу.

(Марцінкевіч: ) “На гэтым тыдні я падпісаў указ аб выдзяленьні сродкаў на тое, каб накіраваць у Беларусь на прэзыдэнцкія выбары назіральнікаў. Мы лічым, што гэта вельмі важна”.

Прэм’ер адзначыў, што польская дапамога Беларусі павінна быць доўгатэрміновай, але, паводле спадара Марцінкевіча, акрамя выдзяленьня сродкаў на назіраньне, Польшча ўжо зрабіла яшчэ адзін важны крок, і тут Казімеж Марцінкевіч падаў даволі нечаканую інфармацыю:

(Марцінкевіч: ) “Ужо вельмі хутка пачне працаваць радыё для Беларусі – гэта справа некалькіх тыдняў”.

У сваю чаргу Аляксандар Мілінкевіч таксама падкрэсьліў важнасьць інфармаваньня беларусаў аб тым, што насамрэч робіцца і ў самой Беларусі, і ў сьвеце. Адсутнасьць незалежнай інфармацыі, паводле беларускага палітыка, гэта цяпер найвялікшая праблема, якую ў пэўнай ступені можа дапамагчы вырашыць польскі ўрад.

(Мілінкевіч: ) “Цяперашні польскі ўрад будзе дапамагаць канкрэтна і прафэсійна. Для спадара прэм’ера Беларусь – гэта адна з прыярытэтных краінаў у замежнай палітыцы”.

Прысутныя дзеячы беларускай меншасьці ў Польчшы адзначылі, што сустрэча польскага прэм’ера з кандыдатам ад апазыцыі мае ня толькі практычнае, але і вялікае сымбалічнае значэньне. Але для беларусаў Беласточчыны можа нават больш істотным было тое, што пасьля сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам прэм’ер узяў удзел ва ўрачыстай каляднай вячэры, арганізаванай сябрамі Беларускага саюзу ў Польшчы– гэта беспрэцэдэнтная падзея ў гісторыі беларускай меншасьці ў Польшчы.

(Удзельнік вячэры: ) “Гэта вельмі важна – упершыню прэм’ер Польшчы бярэ ўдзел у такой сустрэчы зь беларускай грамадой”, – сказаў адзін з удзельнікаў урачыстасьці.

Казімеж Марцінкевіч наведаў таксама адзін з праваслаўных храмаў Беластоку.

Фотарэпартаж зь Беластоку


Перамовы А.Мілінкевіча і польскага прэм''ер міністра


Супольная прэсавая канфэрэнцыя А.Мілінкевіча і К.Марцінкевіча


А.Мілінкевіч з чальцамі польскага ўраду


Падрыхтоўка да каляднай вячэры прэм''ера з прадстаўнікамі беларускай меншасьці


Беларуская куцьця для прэм''ера Польшчы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG