Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі сына В.Чаркасавай патрабуюць вызваліць яго з-пад варты


Радыё Свабода Бабуля і дзед Антона Філімонава, сына забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай, заяўляюць, што яго жыцьцё ў небясьпецы. Антона затрымалі 27 сьнежня супрацоўнікі міліцыі Першамайскага раёну Менску. Яго абвінавачваюць у вырабе і распаўсюдзе падробленых грошай.

16-гадовы Антон Філімонаў знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Сёньня яго бабуля падала заяву ў пракуратуру і суд Маскоўскага раёну Менску, каб яму зьмянілі меру стрыманьня пад падпіску пра нявыезд. Дыяна Чаркасава ўпэўнена, што пракурор Першамайскага раёну, калі даваў санкцыю на арышт яе ўнука, меркаваў, што хлопчыка забярэ яго бацька ў Маскву і яго немагчыма будзе дапытваць у крымінальнай справе.

Антон не адмаўляе, што на кампутары вырабіў некалькі купюраў вартасьцю 5 і 10 тысяч рублёў. Але ён патлумачыў, што зрабіў гэта на прапанову сваіх сяброў, якія паспрачаліся, чый кампутар лепшы. Хлопец не зьбіраўся займець з гэтага матэрыяльную выгаду.

Дзед Антона Ўладзімер Мялешка лічыць, што хлопец стаў ахвярай уласнага глупства. Ён не выключае, што магла быць і правакацыя — каб ізаляваць Антона ад сваякоў і дабіцца ад яго прызнаньня ў забойстве маці, журналісткі Веранікі Чаркасавай, якая была забіта 20 кастрычніка 2004 году ва ўласнай кватэры. Уладзімер Мялешка паведаміў, што на допыце Антон казаў пра людзей, якія прыходзілі да яго ў СІЗА і патрабавалі напісаць яўку з павіннай.

(Мялешка: ) “Мы баімся, што мэта такіх дзеяньняў, калі Антону пагражаюць супрацоўнікі праваахоўчых органаў, давесьці хлопца да такога стану, калі ён зламаецца і падпіша нейкія паперы супраць сябе. А потым яго папросту заб’юць, інсцэнаваўшы самагубства з пакінутай запіскай, маўляў, сумленьне замучыла. Гэта жахліва… Мы бачым, што падзеі ідуць менавіта ў гэтым кірунку. Мы ў адчаі, і мы будзем рабіць усё, каб уратаваць жыцьцё Антона. Пра здароўе няма гаворкі, бо здароўе яму ўжо падарвалі”.

Сьледчы пракуратуры Віктар Фешчанка, які вядзе справу аб забойстве вядомай журналісткі, паведаміў Радыё Свабода, што ніякіх указаньняў наконт Антона не даваў. Справа прыпынена і будзе адноўлена ў выпадку неабходнасьці. Сьледчы заявіў, што прызнаньне віны, здабытае гвалтам, ня можа быць аргумэнтам у крымінальнай справе.

(Фешчанка: ) “Справа стаіць на кантролі. Ну, як гэта — павесіць на яго віну?! Ёсьць жа сьледзтва. Вы ж ня блытайце з пракуратурай”.

Уладзімер Мялешка і Дыяна Чаркасава непакояцца за ўнука, які знаходзіцца пад вартай, бо Антон мае праблемы са здароўем (ныркі і сэрца). Можа пагоршыцца і стан нэрвовай сыстэмы. Яны згадалі, што пасьля трагічнай сьмерці маці і допытаў на сьледзтве хлопец трапіў у псыхіятрычны шпіталь. Пасьля выпіскі сьледчы Чумачэнка настойваў на правядзеньні комплекснай псыхіятрычнай экспэртызы, але бацька Антона забраў тады хлопчыка да сябе ў Маскву. Там у Інстытуце імя Сербскага Антон прайшоў экспэртызу, і прафэсары далі заключэньне, што Антон псыхічна здаровы і ня мае ніякіх адхіленьняў ад нормы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG