Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З.Пазьняк заклікаў правесьці "народнае галасаваньне"


Радыё Свабода Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Зянон Пазьняк зьвярнуўся да ўсіх грамадзянаў Беларусі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, да арганізатараў і выканаўцаў збору подпісаў, а таксама да прэтэндэнтаў. Ён прапанаваў супрацьпаставіць “незаконнай схеме выбараў рэжыму альтэрнатыўную народную і законную схему і ажыцьцявіць яе”. Лідэр КХП БНФ называе такую акцыю народным галасаваньнем.

Зянон Пазьняк тлумачыць, чаму гэтым разам нельга адмаўляцца ад удзелу ў выбарах: “бо з боку рэжыму справа ідзе не аб законных выбарах, а аб захопе ўлады пры дапамозе выбараў”.

Лідэр КХП БНФ так скарочана апісвае працэдуру народнага галасаваньня: на ўчасткі для галасаваньня выбаршчыкі ідуць са сваімі так званымі народнымі бюлетэнямі, куды ўпісана прозьвішча кандыдата, за якога яны галасуюць. “Выбаршчык бярэ бюлетэнь рэжыму і ставіць подпіс у сьпісе выбаршчыкаў. У кабіне ён кладзе ў кішэню бюлетэнь рэжыму і ў скрыню для галасаваньня апускае свой бюлетэнь. Выбаршчык захоўвае бюлетэнь рэжыму для перадачы яго Народнай Грамадзкай Камісіі (НГК)”, — напісаў Зянон Пазьняк.

Зянон Пазьняк падкрэсьлівае, што калі народная грамадзкая камісія зьбярэ больш за 50% такіх бюлетэняў, гэта будзе сьведчыць пра народны імпічмэнт Лукашэнку і дапаможа адхіліць яго ад улады. Намесьнік Зянона Пазьняка Юрась Беленькі лічыць, што такая акцыя цалкам магчымая:

(Беленькі: ) “Я сёньня на гэтую тэму ўжо размаўляў з рознымі людзьмі. І сам гэты факт ужо гаворыць пра тое, што ідэя цікавіць і людзей маладых, і тых, хто мае жыцьцёвы досьвед. І бачу, што толькі адно прымушае іх, так бы мовіць, не да канца верыць у ідэю — я зраблю, а можа, другі-трэці ня зробяць. Я ім кажу: другі, трэці, чацьверты — гэта мы ўсе і ёсьць разам. Мы і ёсьць беларускі народ. Ты скажы пра гэта другому, трэцяму, дзясятаму... А калі не атрымаецца 50%? Ты рабі, я кажу, ты не апускай рукі, да канца ідзі. Ідзі адкрыта. Ты ж стаіш на баку закону. Тыя людзі, якія робяць фальсыфікацыю, яны парушаюць закон. На тваім баку і права, дадзенае табе Богам — быць гаспадаром на сваёй зямлі, і закон, зафіксаваны ў Канстытуцыі ды іншых заканадаўчых актах. Ідзі, рабі адкрыта, што ж ты сьціскаеш плечы!”

Падчас рэфэрэндуму 2004 году падобную акцыю прапаноўваў правесьці вядомы праваабаронца Гары Паганяйла. Ён заклікаў, каб выбаршчык кідаў у скрыню толькі палову атрыманага бюлетэню, а другую палову (з подпісам сябраў выбарчай камісіі) забіраў з сабой. Аднак тады гэтая акцыя фактычна правалілася.

Згадваючы той досьвед, Гары Паганяйла называе дзьве прычыны няўдачы: першая — вельмі позна пачалі раскручваць гэтую прапанову. Артыкул з гэтай ідэяй зьявіўся ў “Народнай Волі” толькі на другі (ці нават на трэці) дзень папярэдняга галасаваньня. Другая — дэмакратычная апазыцыя амаль нічога не зрабіла для збору паловаў бюлетэняў, што забралі сабе выбаршчыкі. Цяпер спадар Паганяйла лічыць, што трэба абавязкова ўлічыць гэтыя памылкі. Тады ідэя можа мець плён:

(Паганяйла: ) “Гэта вельмі складаная праца. Але яна вельмі эфэктыўная. Вельмі! Чалавек, які зробіць так, як прапануецца цяпер, будзе адзначаны як чалавек, які галасаваў, а сам бюлетэнь будзе прызнаны несапраўдным. І калі такіх набярэцца шмат, элегантнай перамогі не адбудзецца ні ў якім выпадку”.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік тлумачыць, што, згодна зь дзейным заканадаўствам, такія бюлетэні сапраўды будуць прызнаныя несапраўднымі:

(Лазавік: ) “Калі замест бюлетэня выбаршчык у скрыню для галасаваньня ўкіне нейкі іншы аркуш альбо самаробны бюлетэнь, дык для выбарчай кампаніі і выбарчай камісіі ніякай трагедыі ня будзе. Выбары ў нас свабодныя, і кожны грамадзянін мае права галасаваць ці не галасаваць, кідаць у скрыню бюлетэнь ці ня кідаць. І калі пры ўскрыцьці скрыні для галасаваньня там будуць выяўлены нейкія самаробныя бюлетэні — зноў жа, ніякай трагедыі ня будзе. Паперкі нявызначанай формы пры падліку ня ўлічваюцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG