Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочыя “Азоту” пакідаюць Незалежны прафсаюз (абноўлены)


Радыё Свабода Сёньня кіраўніцтва арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу “Азоту” падало заяву ў Кастрычніцкую раённую пракуратуру Горадні. У ёй паведамляецца, што працаўнікам “настойліва раяць” выходзіць з Незалежнага прафсаюзу кіраўнічыя асобы прадпрыемства. Пракуратуру просяць правесьці праверыць гэты факт і прыцягнуць вінаватых да крымінальнай адказнасьці — паводле артыкулу 185, у якім гаворыцца аб прымушэньні да выкананьня нейкіх дзеяньняў.

“Азот” — самае буйное прадпрыемства Горадні, на ім працуюць сем тысяч чалавек. Арганізацыя БНП “Азоту”, паводле яе кіраўніка Сяргея Антусевіча, – адзіная у вобласьці. Да апошняга часу ў ёй налічвалася каля 800 сябраў.

Спадар Антусевіч лічыць, што чалавек 200 ужо пакінулі арганізацыю і толькі частка зь іх прынесьлі заявы аб выхадзе зь яе. Яны расказалі, як ім давялося раптоўна пакідаць прафсаюз, чаго яны яшчэ ўчора не зьбіраліся рабіць.

(Антусевіч:) “Ідуць размовы начальнікаў цэхаў з падначаленымі. Словамі ідэоляга нашага прадпрыемства Лабковіча, гэта проста прапаганда аднаго моцнага прафсаюзу на прадпрыемстве. А, фактычна, гэта называецца ўцісканьнем нашых сяброў з мэтай іх выхаду з нашага Незалежнага прафсаюзу і ўступленьня ў прафсаюз Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Фактычна, гэта поўнае руйнаваньне арганізацыі”.

Каб атрымаць афіцыйны камэнтар, я зьвярнуўся да намесьніка генэральнага дырэктара прадпрыемства па ідэалёгіі Аляксандра Лабковіча, але пачуўшы пра Незалежны прафсаюз, ён наадрэз адмовіўся са мной размаўляць.

Сяргей Антусевіч зьвязвае наступ на Незалежны прафсаюз са зьменай кіраўніцтва: пры канцы году “Азот” узначаліў Аляксандар Радзевіч, які дагэтуль працаваў намесьнікам старшыні аблвыканкаму. Людзі на “Азоце” добра зарабляюць, у сярэднім па 800 тысяч рублёў, прафсаюзныя складкі —адзін адсотак заробку. Аднак, бадай, ня ўсе складкі былых сябраў арганізацыі НБП трапяць у касу афіцыйнага прафсаюзу, якім кіруе Ларыса Сыраваткіна.

(Сыраваткіна: ) “Ну вы ведаеце, на сёньняшні дзень у мяне заяваў тых, якія выйшлі зь Незалежнага прафсаюзу і да нас напісалі заявы, толькі дзьве. Таму сказаць аб тым, што тут адбываецца нейкая масавая кампанія, я пакуль не магу”.

Паводле Ларысы Сыраваткінай, дагэтуль на “Азоце” прыблізна тысяча працаўнікоў не былі сябрамі ніводнага прафсаюзу. Ня выключана, што шмат хто з тых, хто сёньня пакідае Незалежны прафсаюз, ня будуць уступаць у афіцыйны. Але галоўнай мэтай зьяўляецца проста зьнішчыць апошні Незалежны прафсаюзу у вобласьці, які існуе з 1992 году, мяркуе ягоны кіраўнік Сяргей Антусевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG