Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяскоўцаў трэба пераконваць, што без Лукашэнкі яны ня страцяць пэнсію


Радыё Свабода У Мядзельскім раёне Менскай вобласьці ў ініцыятыўную групу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча ўваходзіць 10 чалавек. Іх узначальвае Зьміцер Вінаградаў, былы міліцыянт, а цяпер пэнсіянэр. Спадар Вінаградаў сам зьбірае подпісы ў Мядзелі і ў сельскай мясцовасьці і сьцьвярджае, што галоўнай праблемай у працы застаецца малая інфармаванасьць насельніцтва, а таксама страх пажылых людзей страціць пэнсію.

(Вінаградаў: ) “Не дайшлі пакуль нашы дэмакраты да вёскі з інфармаваньнем. Яны ж ня чулі пра адзінага кандыдата, і наогул яны пра выбары слаба чулі. Трэба весьці агітацыйную працу зь імі спачатку, прыйсьці ў хату, сказаць: хто такі , чаго прыйшоў… У прынцыпе-то людзі нармальныя, калі зь імі размаўляеш. Праходзіць час – паўгадзіны, а дзесьці можа і больш – трэба пагутарыць зь людзьмі, трэба азнаёміць іх спачатку. Такая праца даволі нялёгкая.

Ды яшчэ з гэтымі пэнсіямі, баяцца людзі, каб пэнсіі не адабралі ў іх, вось што. А я ім на асабістым прыкладзе тлумачу, што вось я сам пэнсіянэр – такі самы, як і вы, атрымліваю 400 тысяч і вось не баюся. “А як гэта вы не баіцеся?”– пытаюць. А я кажу: каб мне даваў гэты чалавек і 10 мільёнаў, я б таксама быў супраць яго. Ну й даводжу ім таксама, чаму я супраць... Ну й нармальна, тады неяк людзі разумеюць”.

Спадар Вінаградаў зазначыў, што вялікай розьніцы паміж каталіцкімі і праваслаўнымі вёскамі няма, падпісваюцца там прыблізна аднолькава, пры гэтым вяскоўцы пакуль што асабліва не баяцца магчымага ўціску ўладаў, і адчуваецца, што многія хочуць пераменаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG