Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі прэм’ер-міністар сустрэнецца сёньня з Аляксандрам Мілінкевічам


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня прэм’ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч накіроўваецца на Беласточчыну, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай меншасьці, а таксама з прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта Беларусі ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам.

Казімеж Марцінкевіч разам з дэлегацыяй высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў ў першай палове дня возьме ўдзел у вялікім спатканьні з уладамі Падляшша, прадстаўнікамі рэлігійных аб’яднаньняў, кіраўнікамі арганізацыяў нацыянальных меншасьцяў рэгіёну, культурніцкіх установаў ды іншымі.

Потым – і гэта пазначана ў праграме знаходжаньня польскага прэм’ера на Беласточчыне асобным пунктам – адбудзецца сустрэча Казімежа Марцінкевіча з актывістамі Беларускага Саюзу ў Польшчы – арганізацыі беларускай меншасьці, якая, у адрозьненьне ад некаторых іншых, актыўна выступае за дэмакратычныя перамены ў Беларусі.

Гаворыць старшыня Беларускага Саюзу Яўген Вапа.

(Вапа: ) “Калядны пэрыяд тут на польска-беларускім памежжы, вельмі даўгі, і для нас важна, што менавіта цяпер прэм''ер Марцінкевіч пагадзіўся сустрэцца з намі. Гэта паказвае, што у сытуацыі, якая склалася ў рэгіёне, усе тут роўныя, усе ў сваім доме, нягледзячы на веравызнаньне ці нацыянальнасьць. Гэта прыклад грамадзянскага мысьленьня”.

Ня менш важнай, але ўжо для беларускіх дэмакратычных сілаў, будзе і сустрэча прэм’ер-міністра Польшчы Казімежа Марцінкевіча з Аляксандрам Мілінкевічам, якая адбудзецца таксама ў Беластоку апоўдні.

Польскі прэм’ер яшчэ раней некалькі разоў заяўляў, што ягоная краіна будзе падтрымліваць дэмакратычныя перамены ў сваіх усходніх суседзяў.

(Марцінкевіч: ) “Польшча вельмі зацікаўленая ў стабілізацыі за нашай усходняй мяжой, а такую стабілізацыю могуць забясьпечыць толькі дэмакратыя і вольны рынак. Таму мы будзем падтрымліваць нашых суседзяў у рэформах, пабудове структураў дэмакратычнай дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG