Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары пільнуюць палітычную добранадзейнасьць зборшчыкаў подпісаў


Радыё “Свабода” Агляд некаторых выданьняў недзяржаўнага друку

“Чым адгукнецца суседзкі газавы канфлікт для Беларусі?” – задае сёньня пытаньне “Камсамолка”. Паводле газэты, ва Украіне ўжо задумаліся, як падрыхтавацца да мажлівых павышэньняў кошту на газ у будучыні. Пытаньне, якім будзе ўрок для Беларусі? Назву аналітычнага матэрыялу суправаджае падзагаловак: “Нават акцыяў “Белтрангазу” можа апынуцца недастаткова для захаваньня нізкіх коштаў на газ у наступным годзе”.

Сёньня ўпершыню ў новым годзе выйшаў тыднёвік “Витебский курьер”. У сьвежым нумары некаторыя падрабязнасьці да прызначэньня віцэ-прэм”ерам Аляксандра Касінца. Апошнія дзевяць гадоў ён быў рэктарам Віцебскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Дасьведчаныя людзі сьцьвярджаюць, што на выбарах у 1994 годзе цёзка Лукашэнкі зьяўляўся яго даверанай асобай. І, як піша газэта, амаль празь 12 гадоў дачакаўся вылучэньня на высокую дзяржаўную пасаду.

Таксама “Витебский курьер” паведамляе, што цяпер падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў суправаджаецца скандаламі. Паводле артыкулу “Грамадзяне “стукаюць”, супрацоўнікі Першамайскага раённага аддзелу міліцыі затрымалі на тры гадзіны Юлію Гусакову. Дзяўчына зьбірала подпісы ў адным зь дамоў па Маскоўскаму праспэкту, гутарыла зь насельнікамі. Міліцыянтам патэлефанаваў адзін зь іх, паскардзіўся на быццам бы палітычную нядобранадзейнасьць зборшчыцы подпісаў”.

Газэта “Нясвіжскі час”, якая раней была спэцыялізаваным дадаткам баранавіцкага штотыднёвіка “Intex-press”, цяпер самастойна вядзе падпіску і продаж. Слова рэдактару незалежнага выданьня Вользе Варэнік.

(Варэнік: ) “Мы вырасьлі. Гэта ня тое, каб складана, а значна цяжэй. Дзякуй Богу, начальнік раённага вузла паштовай сувязі выканаў абавязацельствы, якія прыняў напачатку году. Уключыў нас у сьпіс падпісных выданьняў, якія яму аддае “Белпошта”. А ў горадзе ў нас 25 гандлёвых кропак. Гэта пры тым, што ў Нясьвіжы толькі 14,5 тысячы насельніцтва”.

Паведаміла рэдактар газэты “Нясвіжскі час” Вольга Варэнік. У якасьці ілюстрацыі да актуальных тэмаў тыднёвіка наступныя радкі: “За мінулы год у Нясьвіжы павялічылася колькасьць алькаголікаў. На ўліку ў наркалягічнай службе цяпер 1278 чалавек, у тым ліку 105 жанчынаў”. Газэту цікавіць, чаму сьпіваецца насельніцтва ў гарадку спрадвечнай беларускай гісторыі і шляхетнай культуры?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG