Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"З дапамогай Расеі сыстэма гэтай дзіўнай дзяржавы можа захоўвацца бясконца"


Радыё Свабода Праваабарончая міжнародная арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” прааналізавала стан сродкаў масавай інфармацыі за 2005 год. Беларусь у справаздачы згадваецца тройчы — перадусім, сярод краінаў, дзе фактычна ўзаконеныя цэнзура і перасьлед недзяржаўных выданьняў.

Як сьцьвярджаецца ў справаздачы, разам з М’янмай, Кітаем, Кубай, Іранам і Лібіяй Беларусь трапіла ў сьпіс “ворагаў Інтэрнэту”. Апроч таго, Беларусь згадваецца сярод дзяржаваў, дзе загінулі журналісты — прычыны сьмерці пазаштатнага супрацоўніка газэты “Народная Воля” Васіля Гроднікава дагэтуль ня высьветленыя.

Аднак асабліва зьвяртаецца ўвага на тое, што ўжо стала нормай для беларускіх журналістаў — праца ва ўмовах перасьледу недзяржаўных СМІ. Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у 2005 годзе Міністэрства інфармацыі вынесла 160 папярэджаньняў і спыняла дзейнасьць 25 друкаваных выданьняў. Толькі дзьве грамадзка-палітычныя недзяржаўныя газэты — “Белорусы и рынок” і “БелГазета” — засталіся ў падпісным каталёгу. У справаздачы “Рэпартэраў бязь межаў” канстатуецца: “Газэты ў Беларусі закрываюць за крытыку ўладаў, яны маюць праблемы з друкаваньнем і распаўсюдам”. Сябра арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў”, фінская журналістка Туула Копанэн лічыць, што нэгатыўна ўплывае на працэсы ў Беларусі Расея, дзе на зьмену пэрыяду дэмакратычных пераўтварэньняў паступова вяртаюцца атрыбуты аўтарытарнай дзяржавы — цэнзура і перасьлед іншадумства.

(Копанэн: ) “Канечне, з дапамогай Расеі сыстэма вось такой дзіўнай дзяржавы ў цэнтры Эўропы можа захоўвацца бясконца. Таму ў зьвязку з гэтым вельмі важна, якім шляхам ідзе сёньня ўласна Расея, якіх там можна чакаць працэсаў. Бо гэта непасрэдна будзе ўплываць на Беларусь. Як толькі Расея спыніць свой палітычны ўплыў на Беларусь, размовы пра пазытыўныя зьмены ў вашай краіне набудуць рэальныя абрысы”.

Расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў кажа, што Расея пераймае найгоршы досьвед стаўленьня да незалежнай прэсы, які стала выкарыстоўваецца ў Беларусі.

(Кавалёў: ) “У Расеі тое, што крамлёўская каманда хацела, яна насамрэч ужо зрабіла. Яны ж будуюць кіраваную дэмакратыю, дык вось яны ўжо і маюць кіраваны суд, кіраваную прэсу. Што яшчэ трэба? Разам з тым, нібыта застаецца досыць прыстойная рэпутацыя сярод ня вельмі ўважлівых, ня вельмі глыбокіх заходніх аналітыкаў. “Ну, як жа? — гавораць яны. — У Расеі ж магчымыя крытычныя заявы. Значыць, ёсьць свабода прэсы?” А разам з тым ёсьць і цэнзура. А значыць, насамрэч — несвабода”.

Беларускія журналісты адзначаюць, што ўсё часьцей вымушаны зьвяртацца да самацэнзуры. Да таго ж, як апавяла рэдактарка недзяржаўнага тыднёвіка “Ляхавіцкі час” Вольга Асос, людзі рэальна баяцца кантактаваць з “апазыцыйнай” прэсай. Асабліва страх мацнее напярэдадні значных палітычных кампаніяў.

(Асос: ) “Мы праводзім у газэце апытаньні й паспрабавалі ў людзей пацікавіцца: якое ў іх меркаваньне наконт будучых выбараў? І што ў выніку? Паўдня прахадзілі — плёну ніякага. Кожны не для друку адказвае, але каб сфатаграфавацца, прадставіць сябе ў газэце — гэтага людзі ўжо баяцца. Складана стала правесьці нават самае простае апытаньне: прыкладам, мы запытвалі, колькі дзяцей можа дазволіць сабе беларуская сям’я? І шмат хто адказваў: “Гэта палітычнае пытаньне”.

Рэпрэсіўныя захады адносна незалежных СМІ сьведчаць на тое, што ўлады імкнуцца “заглушыць” любую крытыку, — гаворыцца ў справаздачы “Рэпартэраў бязь межаў”. — Мэтай беларускіх уладаў ёсьць “Беларусь без апазыцыі”. Усе СМІ знаходзяцца ў полі ўвагі, і ёсьць падставы прагназаваць, што ўціск на іх будзе ўзмацняцца з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў”. У справаздачы 2005 год названы самым небясьпечным годам дзесяцігодзьдзя: 63 журналісты забітыя, 807 — арыштаваныя, 1308 сутыкнуліся з пагрозамі, больш за тысячу выданьняў былі цэнзураваныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG