Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША: “Сытуацыя ў Беларусі вельмі складаная для папулярызацыі любых альтэрнатыўных поглядаў"


Алеся Сёмуха, Вашынгтон У Вашынгтоне адбыўся брыфінг амбасадара ЗША ў Беларусі. Джордж Крол гаварыў пра цяперашні працэс вылучэньня альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнцкую пасаду і пра цяжкасьці, з якімі альтэрнатыўныя кандыдаты сутыкаюцца.

У прыватнасьці, Джордж Крол адзначыў, што падтрымка альтэрнатыўных кандыдатаў насельніцтвам будзе шмат у чым залежаць ад таго, наколькі насельніцтва паінфармаванае пра іх пазыцыю і праграму.

“Сытуацыя ў Беларусі вельмі складаная для папулярызацыі любых альтэрнатыўных поглядаў. Тэлевізія, радыё і большасьць друкаваных мэдыяў знаходзяцца ў руках уладных ворганаў. Мы бачым прыкметы супрацоўніцтва паміж палітычнымі сіламі ў Беларусі. Застаецца невядомым, ці здолеюць яны і ці будуць мець магчымасьці распрацаваць пазыцыю і давесьці яе да масаў”, – сказаў амбасадар.

Карэспандэнты пацікавіліся меркаваньнем амбасадара, ці не спэцыяльна для перасьледу апазыцыі пад час выбараў створаныя ў Беларусі новыя “дыскрэдытацыйныя” законы?

Паводле амбасадара Крола, калі гаворка ідзе пра прыклады з грамадзка-палітычнага жыцьця, улады не тлумачаць, як закон будзе інтэрпрэтавацца.

(Крол: ) “Закон застаецца адкрытым да інтэрпрэтацыі ўладнымі структурамі, якія пакідаюць за сабой права вызначаць, што дыскрэдытуе краіну, і што зьяўляецца хлусьлівай інфармацыяй. Калі тое, што беларусы гавораць [замежным прадстаўнікам] не адпавядае таму, што гавораць афіцыйныя крыніцы, тады, умоўна кажучы, людзі могуць падпасьці пад артыкул. Але ніхто дакладна гэтага ня ведае, бо няма ясных інструкцый. А чалавек, які прадстаўляе гэты закон, старшыня беларускага КДБ, кажа, што “людзі зразумеюць закон у патрэбны час”. І мы, і Эўрапейскі Зьвяз жорстка выказаліся па гэтым законе. Гэты закон надзвычай рэпрэсіўны, і выкліча страх перад выказваньнем сваіх поглядаў”.

Амбасадар Крол таксама прыгадаў існуючы закон пра дыскрэдытацыю прэзыдэнта, які таксама адкрыты да інтэрпрэтацыі. Ён прывёў у прыклад публікацыю карыкатур на прэзыдэнта, якія ў ЗША ёсьць формай вольнага выказваньня погляду, а ў Беларусі могуць быць інтэрпрэтаваныя як дыскрэдытацыя краіны. “У Беларусі ўжо зараз перасьледуюцца карыкатурысты”, – сказаў амбасадар Крол.

(Карэспандэнт: ) “Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс назвала ўрад Лукашэнкі апошняй дыктатурай у Эўропе. Пры ўсіх абмежаваных кантактах, які ўплыў ЗША можа мець на тое, што адбываецца ў Беларусі? Якія мэханізмы можа выкарыстаць ЗША, каб паўплываць на сытуацыю?”

(Крол: ) “Я вельмі рады, што я цяпер выступаю перад цэлай аўдыторыяй журналістаў, тады як раней тых, хто цікавіўся Беларусьсю, было нашмат меней. Я ведаю, што людзі Беларусі, асабліва тыя, хто змагаюцца за зьмены, удзячныя за міжнародную падтрымку, і ня толькі падтрымку ў форме заяваў ад урадаў ЗША і Эўразьвязу, але і за асьвятленьне падзей у прэсе. (...) І гэта тое, што будзе мець аддачу, бо людзі ведаюць, што сьвет сочыць за падзеямі, і што яны ня нейкая забытая тэрыторыя сьвету.”

Амбасадар Крол падкрэсьліў, што большы ўплыў на беларускі ўрад быў бы магчымы, калі б было большае асьвятленьне ў міжнароднай прэсе беларускай тэматыкі.

(Крол: ) “Гэта прымусіла б беларускі ўрад адказваць ня толькі на заявы урадаў, але і на публікацыі ў прэсе. Улады беларусі прыкладаюць шмат намаганьняў, каб праз сваю прэсу стварыць вобраз Беларусі, як стабільнай спакойнай краіны. І заходняя прэса гэтаму мала што супрацьпастаўляе. А тое, што могуць зрабіць урады – гэта ўвага міжнароднай супольнасьці да падзей у Беларусі.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG