Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – галоўны вораг інтэрнэту ў 2005


Радыё Свабода Сёньня была апублікаваная штогадовая справаздача міжнароднай арганізацыі па абароне прэсы "Рэпартэры бязь межаў" за 2005 год. Беларусь у ёй згадваецца ў трох разьдзелах.

Так, наша краіна патрапіла ў сьпіс дзяржаваў, дзе летась з-за сваёй прафэсійнай дзейнасьці загінулі журналісты. Размова ідзе пра пазаштатнага супрацоўніка газэты "Народная воля" Васіля Гроднікава, прычыны сьмерці якога праваахоўныя органы дагэтуль не ўстанавілі. (Варта дадаць, што і летась у гэтым разьдзеле справаздачы згадвалася Беларусь з нагоды жорсткага забойства аглядальніцы газэты “Салідарнасьць” Веранікі Чаркасавай.)

Усяго ж у 2005 годзе ў розных краінах за сваю прафэсійную дзейнасьць былі забітыя 63 журналісты – зазначаюць "Рэпартэры бязь межаў". Паводле дадзеных арганізацыі, болей як 800 арыштаваныя. Яшчэ болей як тысяча трыста сталі аб’ектамі нападаў і пагрозаў. “Рэпартэры бязь межаў” канстатуюць, што мінулы год стаўся самым небясьпечным для журналістаў сьвету за апошнія 10 гадоў. Найболей у 2005 годзе іх загінула ў Іраку – 24 рэпартэры і пяцёра іхных памочнікаў.

Беларусь таксама трапіла ў сьпіс краінаў, дзе СМІ робяцца аб''ектам перасьледу і цэнзуры. Пры гэтым Беларусь названа краінай, дзе ціск на прэсу "працягваецца". "Газэты закрываюцца за крытыку ўладаў, яны маюць праблемы з друкам і распаўсюджаньнем", – гаворыцца ў справаздачы арганізацыі.

Беларусь таксама зьяўляецца лідэрам ў сьпісе краін – "ворагаў інтэрнэту". За ёю, паводле вэрсіі "Рэпартэраў бязь межаў", ідуць Бірма, Кітай, Куба, Іран і Лібія.

У цэлым 2005 год названы ў справаздачы "самым небяспечным годам дзесяцігодьдзя": 63 журналісты былі забітыя, 807 – арыштаваныя, 1.308 – сутыкнуліся з пагрозамі, 1.006 выданьняў зьведалі цэнзуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG