Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прычыны і наступствы расейска-ўкраінскага газавага крызісу


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 3 cтудзеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: каардынатар навуковых праграм Інстытуту палітыкі Аляксандар Дзергачоў з Кіева і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Расейска-ўкраінскі крызіс набыў міжнародны маштаб, выклікаў значны рэзананс у Эўропе і сьвеце. Масква цьвердзіць пра пераход на рынкавыя дачыненьні, пра рынкавыя цэны. Але розныя цэны, якія прапанаваў “Газпром” для розных постсавецкіх краінаў, прымушаюць думаць, што Расея зрабіла газавыя пастаўкі інструмэнтам палітыкі. Якія мэты ставіць Масква, выстаўляючы Ўкраіне такія высокія цэны на газ? Гэта элемэнтарная помста за гучную паразу, якую пацярпеў Крэмль год таму ва Ўкраіне падчас прэзыдэнцкіх выбараў? Ці тут ёсьць рацыянальныя, пралічаныя мэты — кшталту паўплываць на вынікі парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, дыскрэдытаваць Украіну ў вачах Эўропы, куды Кіеў імкнецца?”

(Аляксандар Дзергачоў: ) “Існуе некалькі вэрсіяў. Я думаю, што кожная зь іх мае права на існаваньне. Найбольш верагодная вэрсія палягае ў тым, што Расея рэалізуе пэўную стратэгію ператварэньня ў энэргетычную імпэрыю. Для гэтага ёй патрэбна ўзяць пад кантроль найперш шляхі паставак энэргарэсурсаў у Эўропу. Газаваму манапаліcту “Газпрому”, якога падтрымлівае дзяржава, патрэбныя ўкраінскія трубаправоды. То бок ставіцца пытаньне аб новым варыянце нафтагазавага кансорцыюму альбо выкупе ўкраінскай транспартнай інфраструктуры. Гэта ёсьць складнік і ўвогуле эканамічнай палітыкі, і рэалізацыя доўгатэрміновай палітыкі ператварэньня Расеі ў імпэрыю, ад якой залежыць Эўропа і іншыя партнэры.

Гэта таксама зьвязана з імкненьнем Масквы ўсталяваць кантроль над украінскай палітыкай, які быў страчаны пасьля памаранчавай рэвалюцыі. Робіцца стаўка на дэстабілізацыю эканамічнай сытуацыі ў краіне і стварэньне спрыяльных умоваў для рэваншу, для перамогі “Партыі рэгіёнаў”. З улікам канстытуцыйнай рэформы, якая павінна адбыцца пасьля парлямэнцкіх выбараў, Расія імкнецца паспрыяць фармаваньню ляяльнай да Масквы большасьці ў Вярхоўнай Радзе, стварэньню адпаведнага ўраду. І такім чынам, яна спрабуе павярнуць усе працэсы на постсавецкай прасторы ў выгаднае для сябе рэчышча. А Ўкраіна ў гэтым сэнсе зьяўляецца ключавой краінай.

Хоць ёсьць меркаваньні, якія тлумачаць расейскую палітыку больш суб’ектыўнымі чыньнікамі, асабістымі рахункамі й крыўдамі расейскага прэзыдэнта. Палітычны стыль, які дэманструе апошнім часам Расея, пацьвярджае такую вэрсію — што тут ёсьць элемэнт нэрвовасьці, нерацыянальнасьці. І магчыма мы памыляемся, калі шукаем нейкія сур’ёзныя тлумачэньні”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Сапраўды, тут ёсьць некалькі тлумачэньняў. І яны не выключаюць адно аднаго. У пэўным сэнсе тут прысутнічае і помста за пазалеташнюю паразу. І жаданьне прывесьці да ўлады ва Ўкраіне, асабліва ва ўмовах палітычнай рэформы, больш схільных да Расеі людзей, чым цяперашняе ўкраінскае кіраўніцтва. Безумоўна, існуе жаданьне зарабіць грошай за кошт продажу газу даражэй, чым раней.

Тыя аргумэнты, якія прыводзіць Крэмль на карысьць таго, што гэта будуць рынкавыя дачыненьні, цяжка вытрымліваюць крытыку. Бо, напрыклад, для тых жа балтыйскіх дзяржаваў кошты на газ прыкладна ўдвая ніжэйшыя, чым тыя кошты, якія прапануюцт Украіне: 125 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў супраць 230 даляраў. Гэта па-першае. Па-другое, ужо вельмі раптоўна было зроблена павышэньне цэнаў для Ўкраіны. Таму вельмі напрошваецца думка, што гэта нейкім чынам было зроблена ў зьвязку з парлямэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне, якія неўзабаве будуць.

Ёсьць яшчэ меркаваньне, што расейскае кіраўніцтва і асабіста спадар Пуцін жадаюць стаць галоўнымі пастаўшчыкамі энэрганосьбітаў для ўсяго сьвету і тым самым паставіць іх у пэўную залежнасьць з усімі наступствамі для Расеі”.

(Карбалевіч: ) “Досьвед беларуска-расейскай газавай “вайны” 2004 году паказаў, што аднабаковая газавая залежнасьць некаторых краінаў ад Расеі — гэта ў нейкім сэнсе міт. Што тычыцца транзытных краінаў, то тут існуе ўзаемная залежнасьць той краіны, якая пастаўляе газ, і той краіны, праз тэрыторыю якой газ ідзе ў Эўропу. Хоць расейска-ўкраінскі газавы крызіс у самым разгары, што можна сказаць наконт таго, хто выйграў, хто прайграў у гэтым канфлікце?”

(Дзергачоў: ) “Яшчэ трэба трохі пачакаць, каб мець нейкія вынікі, хоць прамежкавыя. Але зразумела, што Расея надта рызыкуе. Паколькі яна і дасюль мела праблемы ў дачыненьні з Эўразьвязам, які падкрэсьліваў, што не павінна быць такога манапаліста, як “Газпром”. Патрэбна дывэрсыфікацыя паставак газу ня толькі адносна краінаў, але і адносна суб’ектаў гаспадараньня, фірмаў. Павінна быць створаная больш празрыстая сыстэма газавых паставак. Дасюль Брусэль ня надта акцэнтаваў увагу на гэта. Расея ўхваліла стратэгію, якая прадугледжвае частковы ўлік пазыцыяў эўрапейцаў.

Але сёньня Масква дзейнічае ня толькі непрадказальна, але і нецывілізавана, што прымусіць эўрапейскія сталіцы задумацца, як будаваць надалей дачыненьні з Расеяй. Эўропа наўрад ці вельмі зацікаўленая драматызаваць сытуацыю і хутчэй будзе схільная да кампрамісу. Яна далёкая ад таго, каб аднабакова падтрымліваць Украіну ў гэтым канфлікце. Але з гледзішча лёгікі стасункаў паміж Расеяй і эўрапейскімі краінамі, я думаю, што Расея ўжо прайграла. Нават цяпер, калі яна дадае аб’ёмы паставак газу, каб Эўропа не цярпела, імкнецца інфармаваць эўрапейскія краіны пра ўласную пазыцыю, гэтая пазыцыя не выглядае цывілізаванай. Расія зрабіла стратэгічную памылку.

Калі казаць пра Ўкраіну, то ёй давядзецца зрабіць вялікія высілкі, каб стратэгічна выйграць. Гэта зьвязана з тым, што трэба тэрмінова, безь пераходнага пэрыяду фактычна пераходзіць на іншыя тэхналёгіі, на энэгразьберажэньне. Таксама Ўкраіна праходзіць выпрабаваньне на ўнутраную кансалідацыю. Фактычна Расея сёньня падштурхоўвае “пятую калёну” ва Ўкраіне на тое, каб паставіць пад сумнеў нацыянальныя інтарэсы, нацыянальную стратэгію. Разыгрываецца апошняя карта падчас выбараў ва Ўкраіне. Калі Ўкраіна пройдзе гэтае выпрабаваньне, а я абсалютна перакананы, што так яно і будзе, то Расея страціць традыцыйны, які застаўся ад мінулага, важкі ўплыў на ўнутраную сытуацыю ва Ўкраіне”.

(Фёдараў: ) “Усё ж на дадзены момант я ня ўзяўся б казаць адназначна, хто тут выйграў, а хто прайграў. Калі казаць пра пэрспэктыву, я думаю, пэўны кампраміс будзе знойдзены. Расея, канечне, ня вернецца да старога кошту: 50 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў. І ў той жа час, я ня думаю, што ён застанецца на сёньняшнім узроўні 230 даляраў. Пэўны прыбытак ад росту кошту Расея атрымае, хоць ён будзе не такі вялікі, як хацелася б Маскве цяпер.

Зь іншага боку, адпаведна Ўкраіна пацерпіць ад росту коштаў. Але яна будзе фактычна сілай вымушана рабіць мадэрнізацыю сваіх састарэлых прадпрыемстваў, найперш мэталюргічных і хімічных. Яна адмовіцца ад гэтай наркатычнай залежнасьці, якой фактычна зьяўляюцца нізкія цэны на газ, і пойдзе да сапраўднай рынкавай эканомікі.

Што тычыцца палітычнага боку, то тут Расея, хутчэй, прайграе ў гэтай спрэчцы. Мы ведаем заявы ЗША і Эўразьвязу. Яны пакуль адносна нэўтральныя. Аднак, той жа спадар Саляна, хоць і ўскосна, але адзначыў, што павышэньне кошту павінна быць паступовым. Думаю, што такая жорсткая і ня вельмі цывілізаваная палітыка Расеі дэманструе Захаду, з кім ім давядзецца мець справу, каля яны трапяць у энэргетычную залежнасьць ад Расеі”.

(Карбалевіч: ) “Якія наступствы можа мець гэты крызіс для расейска-ўкраінскіх дачыненьняў, для ўнутрыпалітычнай сытуацыі ва Ўкраіне, для стасункаў Расеі і Ўкраіны з Эўропай?”

(Дзергачоў: ) “Мы маем сёньня ня толькі газавае пытаньне ў дачыненьнях з Расеяй. Палітыка Расеі была дакладна акрэсьленая яшчэ некалькімі крокамі, якія мелі месца апошнія два тыдні. І яны спадарожнічаюць газаваму крызісу. Расея абмяжоўвае гандаль з Украінаю, імпарт тавараў з Украіны, пагаршае ўмовы таваразвароту. Фактычна руйнуецца тая недасканалая сыстэма вольнага рынку, якая існавала зь вялікімі выключэньнямі. Гэтыя выключэньні становяцца большымі. Ёсьць рашэньне наконт украінскіх трубаў вялікага дыямэтру, украінскага мяса і іншага. Падвышаны экспартны тарыф на нафту.

Думаю, што ўсё гэта толькі пачатак. Расея пачала вайну, якая зруйнуе канцэпцыю адзінай эканамічнай прасторы. Яна зыходзіць з пазыцыі: усё альбо нічога. Масква разьлічвае на тое, што ў Кіеве здадуць пазыцыі. Магчыма, іх падбадзёрвае беларускі досьвед. Але Расея пераканаецца, што ёсьць вялікая розьніца. Масква не разумее, што адбылося і што працягвае адбывацца ва Ўкраіне. Усё гэта будзе мець стратэгічныя наступствы для ўкраінска-расейскіх дачыненьняў. Яны будуць ужо альбо парытэтнымі, альбо фактычна згорнутымі. Цяпер Украіна будзе выпрацоўваць дачыненьні з Расеяй згодна з жорсткімі эўрапейскімі стандартамі — як гэта зрабілі краіны Балтыі.

Яшчэ сёньня адбываецца тое, што Масква дэманструе сваю негатовасьць прытрымлівацца дамоўленасьцяў, узгодненых правілаў гульні. Думаю, што цяпер Украіна выставіць на парадак дня перамоваў і свой сьпіс, пачынаючы ад расейскага Чарнаморскага флёту, стратэгічных станцыяў далёкага назіраньня, межаў і шмат чаго іншага. Магчыма, гэта адбудзецца пасьля выбараў. Але ў нас ёсьць вялікі стымул цяпер завяршыць стары этап дачыненьняў і будаваць цывілізаваныя стасункі з Расеяй. Яны будуць сяброўскія, калі Масква будзе гатовая да гэтага”.

(Фёдараў: ) “Безумоўна, чакаць паляпшэньня расейска-ўкраінскіх дачыненьняў блізкім часам не выпадае. Шмат будзе залежаць ад вынікаў выбараў ва Ўкраіне. Але я думаю, што тыя людзі, якія падтрымлівалі “памаранчавых” падчас мінулых выбараў і стаяньня на Майдане, наўрад ці зьменяць сваё гледзішча з улікам газавага канфлікту. Мне падаецца, што такая, даволі нахабная палітыка, хутчэй, стымулюе нацыянальны гонар і сьвядомасьць украінцаў, і перамога застанецца за сёньняшняй уладай і яе прыхільнікамі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, пастаўкі энэргарэсурсаў як палітычная зброя ўжываецца не ўпершыню. Можна згадаць, як напачатку 1970-х арабскія краіны ўвялі нафтавае эмбарга ў дачыненьні да краінаў Захаду. Тым ня менш, падаецца, мы маем справу з новай зьявай, канфліктам 21 стагодзьдзя, які прадказвалі аналітыкі, калі на першы плян выходзіць барацьба за рэсурсы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG