Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборшчыкі подпісаў адчуваюць страх і няўпэненасьць людзей


Радыё Свабода Многія жыхары Віцебска баяцца ставіць подпісы за вылучэньне іншых ад Лукашэнкі прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду . Пра гэта гавораць і зьбіральнікі подпісаў – сябры ініцыятыўных груп, і віцебскія мінакі.

У Віцебску кампанія па зьбіраньні подпісаў за вылучэньне кандыдатаў на прэзыдэнцкую пасаду яшчэ толькі набірае моц: пра сваё пакуль што няздзейсненае жаданьне падпісацца гавораць многія апытаныя віцебскія мінакі.

(Спадар:) “Пэрсанальна да мяне ніхто не зьвяртаўся, нічога не паведамляў. А падпісвацца я буду, хутчэй за ўсё, за вылучэньне Мілінкевіча!”

(Спадарыня:) “ За Мілiнкевіча буду”.

(Спадар:) “Я гатовы падпісацца і за Аляксандра Мілінкевіча, і за Зянона Пазьняка, але пакуль не было ніякіх тэлефанаваньняў, і ніхто да мяне не падыходзіў”.

(Спадарыня:) “Я таксама -- за Аляксандра Мілінкевіча. Яшчэ не падпісалася, але як толькі ў наш раён прыйдуць ад яго людзі, будзем падпісвацца.”

Аднак зьбіральнікі подпісаў, якія пачалі абыход кватэраў, нярэдка чуюць адмову падпісацца з-за такой прычыны: некаторыя жыхары Віцебску гавораць, што на прадпрыемствах горада вядзецца запалохваньне супрацоўнікаў, каб тыя не падпісваліся ні за кога, апрача Аляксандра Лукашэнкі. Але ніхто з апытаных не хацеў назваць ні канкрэтныя прадпрыемствы, ні імёны кіраўнікоў. Тое, што людзі маюць страх пацярпець за сымпатыю да “апазыцыйных “ кандыдатаў, адзначаюць ці ня ўсе віцебскія зьбіральнікі.

Гаворыць Зьміцер Казакевіч, прадстаўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча.

(Казакевіч:)”Мне здаецца, што людзі проста баяцца падыходзіць да тых, хто зьбірае подпісы не за Аляксандра Лукашэнку. Я назіраю гэты страх, і яго дужа шмат! Некаторым проста ўжо здаецца, што за ўсімі цікуюць, сочаць, што на кагось там міліцыянт ня так паглядзеў. Я адчуваю гэтую істэрыю ! Людзі проста баяцца!”

Пра адзін з выпадкаў са свае практыкі зьбіраньня подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча распавёў прадстаўнік сацыл-дэмакратычнага руху Аляксей Гаўруцікаў.

(Гаўруцікаў:) “ Агульны страх ёсьць! Была, да прыкладу, настаўніца, якая з задавальненьнем паставіла свой подпіс за Мілінкевіча, але сказала, што да выбараў купіць у аптэцы гумавыя пальчаткі, каб не пакінуць сваіх адбіткаў пальцаў! Вы уяўляеце?!”

Старшыня Віцебскай абласной структуры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Плешчанка зьбірае подпісы за вылучэньне Зянона Пазьняка. Ён перакананы, што страх паставіць подпіс за вылучэньне іншага кандыдата зьявіўся ў людзей пасьля таго, як яны зразумелі, што іхныя галасы на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах нічога не вырашалі, бо вынікі былі сфальшаваныя.

(Плешчанка:) “ Людзі, можа, і падпісваліся б за іншых кандыдатаў, але яны ня вераць, што нешта можна зьмяніць: лічаць, што ніякіх выбараў усур”ёз ня будзе – што патрэбна, тое й напішуць! Вось падыходзіла да мяне жанчына, якая была сябрам выбарчае камісіі, і распавядала, як гэта ўсё робіцца. Усіх паклікаў старшыня і паказаў пратакол з лічбамі, сказаў падпісаць. А камісія ж лічыла, і зусім ўсё па-іншаму было... Хацела яна за Пазьняка падпісацца, але потым кажа:”Не! Будуць ведаць маё прозьвішча!”

Спадар Плешчанка зьбірае подпісы за вылучэньне Зянона Пазьняка ў цэнтры Віцебска, каля вядомага дома №28 па вуліцы Леніна. Ініцыятыўная група Аляксандра Казуліна ходзіць па кватэрах. Прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча таксама ходзяць па кватэрах і рыхтуюць на перспектыву некалькі перасоўных пікетаў – каб падпісвацца можна было проста на вуліцы. А беспартыйны апазыцыянэр Барыс Хамайда рыхтуе плякаты з заклікам байкатаваць выбары . Ён гаворыць, што меркаваньне пра неабходнасьць байкоту таксама неаднаразова чуў ад жыхароў Віцебску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG