Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што новага ў вылучэньні Рыгора Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію


Радыё Свабода Ініцыятыўная група па вылучэньні народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна кандыдатам на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі распачынае ў новым годзе цыкль агітацыйных мерапрыемстваў

Працу ініцыятыўнай групы на гэтым этапе каардынуе пробашч менскага Чырвонага касьцёлу ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. У інтэрвію Радыё Свабода ён сказаў пра найбліжэйшыя сустрэчы Рыгора Барадуліна ў Беларусі.

(Завальнюк: ) “У суботу, на ўрачыстасьці Божага нараджэньня паводле старога праваслаўнага) календара, мы едзем у Міёры і Браслаў. Адбудзецца прэзэнтацыя кнігі “Ксты” і выступы шаноўнага спадара Рыгора”.

Нагадаю, менавіта рыма-каталіцкая парафія касьцёлу сьвятых Сымона і Алены выдала зборнік духоўнай паэзіі Рыгора Барадуліна. Прэзэнтацыя адбылася ў чэрвені мінулага году. Зараз пробашч касьцёлу гаворыць пра мажлівасьці папулярызацыі кнігі на эўрапейскай прасторы.

(Завальнюк: ) “Зборнік падрыхтаваны ўжо поўнасьцю ў перакладзе на ангельскую мову. І ўжо ў студзені плянуецца завезьці пакет дакумэнтаў у Стакгольм”.

Вядома, што Нобэлеўскі камітэт будзе разглядаць кандыдатуры на прэмію ў сярэдзіне лета. Таму, відавочна, ёсьць час для замацаваньня падтрымкі вылучэнца Беларусі ў творчых асяродках суседніх краінаў. Раней Радыё Свабода паведамляла пра візыт беларускіх літаратараў у Кіеў. Зараз Генадзь Бураўкін называе адрасы новых маршрутаў.

(Бураўкін: ) “У бліжэйшы час павінны быць паездкі ў Латвію, а таксама ў іншыя краіны Балтыі. Ну і, бясспрэчна – Чэхія, Баўгарыя, Славаччына. Мы хочам, каб уся Эўропа была ахопленая гэтымі сустрэчамі і гутаркамі пра нашу ініцыятыву”.

Сказаў Генадзь Бураўкін. Дадам, што ў зборніку вершаў “Ксты” (Босая зорка) Рыгор Барадулін выкарыстоўвае традыцыйныя жанры малітвы. Паводле сучаснасьці асэнсоўвае вядомыя біблейскія сюжэта. Але ўспрымае іх як вечныя культурныя ўнівэрсаліі, як жыватворныя крыніцы зямнога быцьця і жыцьця чалавека.
XS
SM
MD
LG