Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі землякі з Гарадзеншчыны ведаюць Мілінкевіча


Сяргей Астраўцоў, Горадня Навагоднія выхадныя крыху запаволілі пачатак кампаніі збору подпісаў за ахвотных удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Некаторыя зборшчыкі палічылі, што недалікатна перашкаджаць людзям адзначаць сьвята, іншыя самі былі ня супраць адпачыць перад нялёгкай справай. Тым часам некаторыя зборшчыкі лічаць, што тры дні выхадных, наадварот – найбольш спрыяльны момант для збору подпісаў.

29 сьнежня ў Горадні ўжо зьбіралі подпісы за Аляксандра Лукашэнку. Раскажу такі выпадак: маіх сяброў у гэты дзень спыніла ля пад’езду кабета ў футры і спыталася: ці маюць яны пашпарты? Яны падумалі, што яна можа спраўджваць сьпісы выбаршчыкаў, ажно высьветлілася, што жанчына зьбірае подпісы за Лукашэнку. Яна была вельмі зьдзіўленая, што яны адмовіліся за яго падпісвацца. Дарэчы, яна не прадставілася і не паказала пасьведчаньня.

У Ашмянах 2 студзеня адбыўся сход удзельнікаў ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, у якой 15 чалавек, і зараз пачнецца збор подпісаў. Пра гэта мне паведаміў Пятро Явідовіч. Ён ня чуў аб наяўнасьці ў раёне групаў іншых дэмакратычных кандыдатаў.

Кіраўнік абласнога штабу Аляксандра Мілінкевіча Анатоль Хацько зазначае, што 29 сьнежня яны раздалі дакумэнты сябрам ініцыятыўнай групы, а з наступнага дня пачалі зьбіраць подпісы:

(Хацько: ) “Можна сказаць, рэакцыя нармальная, людзі ставяць подпісы зь вялікім задавальненьнем: у сярэднім у адным пад’езьдзе дзевяціпавярховага дому каля дваццаці подпісаў. У Сьвіслачы ў нас ёсьць людзі, якія за вечар сорак подпісаў сабралі”.

Аляксандар Мілінкевіч—карэнны гарадзенец. Аднак, яго больш ведалі тады, калі ён працаваў намесьнікам старшыні гарвыканкаму. А з таго часу мінула дзесяць год. З іншага боку, ён доўгі час выкладаў у Гарадзенскім унівэрсытэце. Паводле Анатоля Хацько, некаторыя былыя студэнты Аляксандра Мілінкевіча ўдзельнічаюць у ініцыятыўнай групе.

(Хацько:) “У горадзе яго ведаюць тыя, хто зьвязаны з тымі пытаньнямі, якімі ён займаўся: хто са спортам—ведаюць, з культурай—ведаюць, з аховай здароўя—ведаюць, а з рэлігіяй, я думаю, тут нават няма пытаньня”.

А тыя, хто адмаўляецца паставіць свой подпіс, звычайна спасылаюцца на тое, што ня ведаюць Мілінкевіча і што прымаць рашэньне будуць у працэсе агітацыі, напярэдадні выбараў. Паводле Анатоля Хацько, зь іншых апазыцыйных кандыдатаў жыхары Горадні яшчэ крыху ведаюць Валерыя Фралова, таксама гарадзенца.

Мне тэлефанаваў Алесь Зарэмбюк, які ў групе падтрымкі Аляксандра Мілінкевіча ў Мастах, ён згаджаецца, што ў сьвяты людзі ня думаюць аб будучых выбарах. Зь іншага боку, калі ўся сям’я дома, дык можна адразу атрымаць 4-6 подпісаў, гаворыць ён. У сьвята людзі ахвотна запрашаюць зборшчыкаў у кватэру ці ў дом, нават за стол. Што датычыць кандыдатуры Аляксандра Мілінкевіча, дык у Мастах чулі, што зьбіраецца вылучацца “адзін гарадзенец”, хаця часта нават прозьвішча ягонага ня ведаюць.

Калі казаць пра іншых апазыцыйных кандыдатаў, дык у Горадні створана буйная ініцыятыўная група Казуліна. Пра гэта гаворыць гарадзенскі сацыял-дэмакрат Валянцін Аскірка:

(Аскірка: ) “Будзе каля двухсот чалавек у горадзе. Па вобласьці меней, але таксама ёсьць, гэта і Масты, і Слонім, і Ліда, у Лідзе павінны, па-мойму, чалавек 50 зьбіраць, Ваўкавыск будзе, Смаргонь будзе”.

Валянцін Аскірка сказаў, што ў ініцыятыўнай групе Казуліна ў Горадні ёсьць людзі, якія ўдзельнічалі ў ранейшых кампаніях збору подпісаў. Ёсьць сярод іх партыйцы, моладзь, ёсьць прадпрымальнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG