Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сустракалі Новы год А.Клімаў, П.Севярынец і М.Статкевіч?


Радыё Свабода Беларускія палітвязьні сустракалі Новы год у месцах, дзе яны адбываюць пакараньне, ці знаходзяцца пад сьледзтвам. Ніводнаму палітвязьню кіраўніцтва спэцкамэндатур не дазволіла наведаць сваю сям’ю.

Павал Севярынец, Андрэй Клімаў і Мікола Статкевіч Новы год сустрэлі на “хіміі”.

30 сьнежня Паўлу Севярынцу споўнілася 29 гадоў. Яго павіншавалі сваякі і сябры. У вёску Малое Сітна да Паўла прыяжджалі яго сябры, каб павіншаваць і падтрымаць былога лідэра "Маладога Фронту". Гаворыць намесьнік старшыні "Маладога Фронту" Зьміцер Дашкевіч:

(Дашкевіч:) “Вельмі шкада, што гэты Новы год Павал Севярынец ня здолеў сустрэць у Менску разам са сваімі сябрамі. Заўсёды мы гэта рабілі разам. Потым ішлі на Кастрычніцкую плошчу, каб віншаваць беларусаў. Маладафронтаўцы даслалі яму шмат паштовак зь віншаваньнямі. Павал нам тэлефанаваў, дзякаваў за падтрымку. Трымаецца ён пакуль добра. Мы ўсе зь верай чакаем 19 сакавіка, дня, калі ўсе палітзьняволеныя ў Беларусі выйдуць на свабоду.”

***

2006 год Андрэй Клімаў сустракаў на “хіміі” ў Крупках. Раней ён ужо чатыры разы сустракаў Новы год у няволі. Двойчы – ў камэры сьледчага ізалятара на Валадарцы і двойчы – ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, дзе адбываў пакараньне паводле прысуду суду Ленінскага раёну Менску.

Сям’я Андрэя Клімава спадзявалася, што кіраўнік спэцкамэндатуры маёр Сіроткін адпусьціць Андрэя ў Менск. Але 30 сьнежня апазыцыйнаму палітыку паведамілі, што прынятае рашэньне не дазваляць яму пакідаць Крупкі.

(Клімаў: ) “Я чакаў усялякіх непрыемнасьцяў і паставіўся да гэтага спакойна. Мой Новы год будзе 25 сакавіка. Гэтым разам адзначылі ў Крупках разам з Таней у гатэлі. Засталося два з паловай месяцы, а ўжо пасьля разьбярэмся”.

***

Мікола Статкевіч сустракаў Новы год у Баранавічах разам з бацькам і жонкай. Валянціна, каб падняць настрой свайму мужу, прывезла зь Менску ката Серафіма.

(Статкевіч: ) “Было вельмі шмат віншаваньняў, тэлефанаваньняў, SMS. Шмат паштовак прыйшлі на хатні адрас бацькі і ў камэндатуру. 31-га, калі я прыйшоў чарговы раз рэгістравацца, мне далі цэлы пачак паштовак зь Віцебску. Арганізацыя “Сёмая грань” наладзіла маё віншаваньне. Шмат цікавых, вясёлых і сьмешных тэкстаў. Вельмі шмат паштовак з Галяндыі, ад амбасадараў замежных краінаў, ад сяброў па партыі, а таксама ад Аляксандра Мілінкевіча і ягонай жонкі Іны”.

***

Міхаіл Марыніч і Сяргей Скрабец навагоднюю ноч правялі за кратамі. Ніякіх дадатковых ільготаў вязьням не прадставілі. Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч сустракаў Новы год пад хатнім арыштам дома, дзе ён праходзіць курс лячэньня пасьля працяглай галадоўкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG