Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музычныя вынікі 2005 году вачыма журналістаў


Зьміцер Падбярэскі, Менск (эфір 31 сьнежня) Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Напярэдадні Новага году прапаную вам яшчэ раз зьвярнуцца да вынікаў музычнага сэзону-2005. Але калі ў папярэдняй перадачы сваімі ўражаньнямі дзяліліся музыкі, дык гэтым разам даем слова журналістам, гэта — Тацяна Заміроўская, Віктар Сямашка і Анатоль Мяльгуй, якіх я папрасіў выказацца адносна галоўных падзеяў і тэндэнцыяў году, асобаў году і лепшых альбомаў. Такім чынам, падзеі і тэндэнцыі — Тацяна Заміроўская адзначае наступнае”.

(Тацяна Заміроўская: ) “Музыканты зразумелі, што музыкай можна зарабляць нейкія грошы, і яны пачалі неяк так гуртавацца, нават ня столькі з творчай мэтай, а такой шоў-бізнэсавай таксама. Адмоўны бок гэтага ўсяго такі, што многім падалося, што займацца музыкай — гэта даволі лёгкі шлях. Зьявіўся маленькі пантэончык поп-зорак, але сярод усяго гэтага пантэону шмат зьявілася ня вельмі якаснай калькі — напрыклад, расейскай поп-музыкі. Што да альтэрнатыўных рок-гуртоў, яны таксама пачынаюць рабіць нейкі такі прадукт, які таксама вельмі-вельмі нагадвае тое, што было створана шмат гадоў таму на Захадзе, і з-за гэтага разьвіцьцё нашага ўласнага беларускага ўнікальнага прадукту, які можа зьявіцца толькі ў нашых спэцыфічных умовах, у нашым беларускім кантэкцьсе з-за гэтай тэндэнцыі рабіць штосьці такое, што будзе прадавацца, неяк так затарможваецца.

Шансон з “чалавечым тварам” — цяпер вельмі модная тэндэнцыя, шмат у нас зьявілася гуртоў, якія вельмі клясныя, іграюць даволі клёвую музыку, напрыклад, “Разьбітае сэрца пацана”, “Срэбранае вясельле”, але ў гэтым вельмі мала такога нашага ўласнага.

У гэтым годзе шмат розных фэстываляў, прычым, самых розных кірункаў адбылося. Фэстываль у Бабруйску “Рок за баброў”, пасьля якога, наколькі я ведаю, было вырашана аднавіць “Рок-каранацыю”. Ну і “Рок-кола”… Увогуле, вось гэтая полацкая музычная дыяспара… У гэтым годзе яны тры фэстывалі правялі! Іншая тэндэнцыя, якая менавіта ў гэтым годзе чымсьці адметным стала, — гэта рэгіянальныя гурты, рэгіянальныя фэстывалі”.

(Падбярэскі: ) “Віктар Сямашка акцэнтуе ўвагу на іншай музыцы, а менавіта на беларускім авангардзе”.

(Віктар Сямашка: ) “Вельмі прыемна было пабываць на фэсьце “Паходны шаўкапрад”. З часоў “Сіняга перцу” даўно не праводзілася такіх фэстаў, які сабраў і розныя старыя гурты, якія займаліся такой музыкай авангарднай, і зусім маладыя. Гэта было вельмі прыемна і цікава, што такое ёсьць і працягвае разьвівацца. Таксама напрыканцы году мне спадабалася такая тройка канцэртаў — новыя тэндэнцыі, нейкія новыя стылёвыя плыні ў беларускай музыцы, такога вось больш шансону, але інтэлігентнага, іранічнага. Удзельнікі — гэта “Срэбранае вясельле”, француска-беларускамоўны гурт, “Перахаднік” — праект лідэру “Нагуаля” Лявона Паўлёнка. “Рэха” — калі казаць аб новых імёнах у беларускай музыцы, то гэта зьява такая вельмі выбуховая. Шкада, што вялікая колькасьць канцэртаў — напрыклад, Шалкевіча, “NRM” і яшчэ шэрагу выканаўцаў праводзіліся ў Польшчы”.

(Падбярэскі: ) “А вось погляд Анатоля Мяльгуя”.

(Анатоль Мяльгуй: ) “Калі ў 2004 годзе ўжо вызначыліся ўлады і музыканты ў адносінах адзін да аднаго, то гэты год быў пазыцыйнай вайной. Улады забаранялі канцэрты, некаторыя акцыі, прэзэнтацыі, музыкі выдавалі ў гэты час альбомы, часта выказвалі свае адносіны да ўлады ў прэсе, але за гэтым не адбывалася значных падзеяў. Гэта стварала такі дэпрэсіўны фон для беларускай рок-музыкі. Але пасьля таго, як адбылося “Басовішча”, нейкі аптымізм усё ж зьявіўся. Хацеў бы, канечне, адзначыць гурт з Магілёва “Таварыш маўзэр”. З сабой ён прыцягнуў у агульнабеларускі кантэкст гурты Магілёўшчыны. Магілёўскія музыканты з гуртоў “Таварыш маўзэр”, “Водар сусьвету”, “Осіміра”, “Глюкі” ўвайшлі ў агульнабеларускі рок-рух”.

(Падбярэскі: ) “Якія ж асобы рухалі сёлета беларускую музыку, якія калектывы прыцягнулі ўвагу журналістаў? Думкі Тацяны Заміроўскай шмат у чым супадаюць з тым, пра што музычная прэса ў Беларусі пісала найчасьцей”.

(Заміроўская: ) “Калі глядзець гэтак неяк па-даросламу, што ў нас ёсьць усё ж шоў-бізнэс, ёсьць паказчыкі і гэтак далей, то, канечне, гэта гурт “J_морс”, які выдаў больш за ўсё дыскаў, зрабіў найбольш аншлягавыя канцэрты. Да таго ж, ён робіць найбольш ідэальныя фарматныя поп-песьні, якія падабаюцца як аматарам поп-музыкі, так і тым, хто слухае такі мэлядычны рок. Такое вось дасягненьне з пункту гледжаньня шоў-бізнэсу, што зрабілі такі “круты” праект, за які сапраўды ня сорамна. Вайцюшкевіч… Мабыць, ён больш за ўсіх працаваў у гэтым годзе. Ня ўсім падабаецца ягоны такі вось канвэерны падыход да стварэньня музыкі, але мне вельмі імпануе ягоная творчая самаадданасьць і намаганьне рабіць татальна розныя стылёва рэчы. Ён робіць тое, чаго тут проста няма і быць па сутнасьці ня можа. Калі гэтак далей пойдзе, ён, відаць, зробіцца найвялікшым постмадэрністам у беларускай музыцы”.

(Падбярэскі: ) “Вайцюшкевіча адзначыў таксама і Віктар Сямашка, але не аднаго яго…”

(Сямашка: ) “Вайцюшкевіч — вельмі, канечне, прадуктыўны, як ніколі, у гэтым годзе быў. Дзьве цікавыя цудоўныя працы найвышэйшага гатунку, я лічу. Мне наагул падаецца, што на дадзены момант гэта такія своеасаблівыя эталёны для беларускай музыкі і культуры — як трэба рабіць, як трэба ставіцца да матэрыялу, да гуказапісу, да падачы. Таксама трэба сказаць і пра “Нагуаль”, таму што ўпершыню выйшла легальнае выданьне, якое будзе прадавацца і ў Беларусі, і ў Расеі, і ва Ўкраіне. “Айша” з Горадні — на “Тузіне гітоў” некалькі песень яе чуў, таксама вельмі ўразіла. Таксама асоба Алеся Лася. Я асабіста зь ім пазнаёміўся — на мой погляд, самы таемны беларускі фальклярыст, майстра. Ён таксама цудоўную працу зрабіў, музыку 30—80-х гадоў мінулага стагодзьдзя ён падаў у дакладнай рэканструкцыі”.

(Падбярэскі: ) “Свае героі году і ў Анатоля Мяльгуя”.

(Мяльгуй: ) “Рок-кола”, фэстываль. Вялікую арганізацыйную працу правёў арганізатар гэтага рок-фэсту Сяргей Анішчанка. Ён сапраўды зрабіў немагчымае ў наш час. Гэта вельмі паважны, інтэлектуальны чалавек, які мае стратэгічнае мысьленьне. Ён скарыстаў усе свае магчымасьці, усе свае асабістыя сувязі, каб правесьці фэстываль. І зрабіў гэта на самым высокім узроўні. Я лічу, што гэта чалавек №1 у беларускай рок-музыцы гэтага году. Таксама я хацеў бы адзначыць Зьмітра Вайцюшкевіча, які, нягледзячы ні на якія складанасьці, пагалоскі вакол сваёй асобы, вельмі моцна працуе ў сваёй абранай галіне. Для мяне яшчэ вялікім адкрыцьцём быў Яўген Цылікаў, гітарыст гурта “Partyzone”. Я зразумеў, насколькі гэта цягавіты, таленавіты і пранікнёны музыкант і паэт. Цікава, што сам ён па нацыянальнасьці расеец, але вельмі дакладна, намнога больш яскрава, чым некаторыя беларусы, валодае беларускай мовай. Паслухаць новую пласьцінку яго — “Сьмерці няма” — гэта значыць, трапіць у зусім іншы сьвет беларускай рок-музыкі”.

(Падбярэскі: ) “Нарэшце, найлепшыя выданьні году. І вось тут можна пачуць нечаканыя меркаваньні”.

(Заміроўская: ) “Па-першае, абодва альбомы Вайцюшкевіча. Па-другое, з пункту гледжаньня сапраўднага беларускага року — гэта альбом Касі Камоцкай, нават ня столькі канцэртны альбом, колькі дыск, які паказвае, як могуць гэтыя песьні гучаць цяпер. З такіх альтэрнатыўных стыляў музыкі можна вылучыць дыск гурта “Svet Boogie Band” — сапраўдны беларускі блюз. Цяпер усе гавораць пра альбом магілёўскага гурта “Глюкі” — сапраўды, добры альбом, вельмі ўдалая стылізацыя такога клясычнага “true punk-rock” 1970—1980-х гадоў.

Яшчэ некалькі альбомаў альтэрнатыўнага гітарнага кірунку — “Partyzone”, “Зьмяя”, “Тарпач”, але ўсё гэта — альбомы фармату “Басовішча”. Ужо час з гэтым заканчваць, мне падаецца, і галоўнай тэндэнцыяй гэтага году было ў дачыненьні да “Басовішча”, што вельмі шмат зьявілася гуртоў, якія граюць у прыблізна аднолькавым стылі. Добра, калі ў наступным годзе “Басовішча” ўсё ж такі пераглядзіць свае прыярытэты і зьявіцца шанец там пачуць гурты, якія граюць альтэрнатыўную ўсім кірункам музыку. У такой антымэйнстрымавай музыцы хацелася б адзначыць альбом Атмараві. Гэта сапраўды эўрапейскай якасьці, вельмі такая зьвязаная з высокімі матэрыямі поп-музыка, але інтэлігентная і адухоўленая. Негалосна гэты год быў крыху годам гурта “Індыга”, хоць яны нічога ня выдалі, але найбольш адметнае, што зь імі адбылося, — гэта такая музычная трансфармацыя ад музыкі фармату “Басовішча” да нейкага больш інтэлігентнага міксу з усіх магчымых стыляў, і выразна можна заўважыць, як яны спрабуюць перарасьці саміх сябе”.

(Падбярэскі: ) “Сваёй схільнасьці найперш да арыгінальнага музычнага прадукту не хавае і Віктар Сямашка”.

(Сямашка: ) “Самае яскравае — гэта Вайцюшкевічавы два рэлізы. “Нагуаля” рэліз, “Guda” вельмі цікавы альбом выдалі, першы такі досьвед падачы ў выглядзе нейкага даведніка ці энцыкляпэдыі. “Саша і Сірожа” — гэты дуэт пачаў сьпяваць, і альбом іх проста сьмешны да сьлёз. Адкрыў для сябе гурт “Svet Boogie Band”, паслухаў гэтую плытку “Nothing But Love”. На мой погляд, такога блюзу, такой якасьці ніхто, па-мойму, у нас не рабіў”.

(Падбярэскі: ) “Нарэшце, лепшыя выданьні году паводле Анатоля Мяльгуя”.

(Мяльгуй: ) “Я б адзначыў, канечне, вельмі станоўчы, пазытыўны альбом гурта “IQ48”, поўны аптымізму, вясёлых алюзіяў, перажываньняў, якія гэтак падабаюцца слухачам. “IQ48” ствараюць тое, чаго яшчэ няма ў беларускай музыцы, яны ўвесь час падкрэсьліваюць, што гэта — пазытыў, і гэта вельмі прыемна. Трыб’ют “Gods Towers” —гурту эўрапейскай вядомасьці і эўрапейскай значнасьці. Як альбом, я сказаў бы, што гэта сапраўды такі першы прыклад беларускага культуртрэгерства: шмат расейскамоўных выканаўцаў выконваюць па-беларуску хіты “Gods Towers”. І гэта добры прыклад для саміх беларусаў”.

(Падбярэскі: ) “Вось такія выглядаў беларускі музычны год-2005 паводле меркаваньняў некаторых журналістаў. І тое, што іх думкі не заўсёды супадаюць, спадзяюся, дае падставы меркаваць, што рух беларускай папулярнай музыкі ня спыніцца і ў будучыні. Добрай вам музыкі ў 2006-м!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG