Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд недзяржаўнага друку


“Народная Воля” надрукавала артыкул Сямёна Букчына з рытарычным пытаньнем у падзагалоўку: “Як жыць чалавеку з сумленьнем?” Падставай для публікацыі стаў візыт рок-музыкаў да галоўнага ідэёляга краіны Алега Праляскоўскага. Аўтар разважае як у сёньняшнім грамадзтве можна захаваць такія чалавечыя каштоўнасьці як прыстойнасьць і годнасьць.

Газэта друкуе зварот намесьніка старшыні партыі БНФ Віктара Івашкевіча да сяброў партыі. Спадар Івашкевіч просіць падтрымаць ягоную кандыдатуру на пасаду старшыні партыі і аргумэнтуе сваю пазыцыю.

“Народная Воля” пабывала на мосьце, які зьвязаў вёску Александрыю і пасёлак Копысь. У жніўні мост урачыста адкрылі ў прысутнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер пешаходы з надыходам цемры баяцца па ім хадзіць, бо ён без электрычнага асьвятленьня. Апроч таго, сьнег знаходзіцца на ходніках і людзі вельмі рызыкуюць, калі ідуць па праезнай частцы.

Чытайце ў сьвежым нумары “Народнай Волі” інтэрвію з маці удзельніцы расейскай “Фабрыкі зорак-7” Дакоты. Дакота, менская школьніца Маргарыта Герасімовіч, выйшла ў фінал тэлешоў. Беларускія канкурсанты удзельнічаюць у апошніх трох “Фабрыках” і даволі годна выглядаюць у гэтым праекце. У мінулай “Фабрыцы” перамог беларус Зьміцер Калдун.

Газэта “Ганцавіцкі час” паведамляе пра новы бізнэс для ганцавіцкай лясной гаспадаркі. Ганцавічы наведалі палякі. Гаворыць рэдактар газэты Пётр Гузаеўскі:

“Высьветлілася, што ў іхным рэгіёне птушкі цецерукі зьніклі і яны прыехалі іх купіць у ганцавіцкіх лясах. Прычым, прыехалі не паляўнічыя, а людзі, якія ловяць птушак сеткамі. Ім удалося злавіць толькі трох цяцерак. За кожную птушку заплацілі па 200 эўра. Грошы пералічылі на рахунак ганцавіцкага лясгасу. Відаць, цяпер лесьнікі спадзяюцца, што цецерукі знойдуць дарогу ў родную Беларусь і бізнэс можна будзе падоўжыць”.

“Наша Ніва” запрашае сваіх чытачоў да галасаваньня ў пытаньнях: “Хто варты званьня асобы апошняга восеньскага месяца? Хто найбольш заслужыўся для беларускай супольнасьці?”. У сёньняшнім нумары падаюцца імёны прэтэндэнтаў.

У артыкуле “Высока пастаўленыя сваякі” “Наша Ніва” надрукавала зьвесткі дзе працуюць дзеці высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. Як высьветлілася, у асноўным у замежжы. Хто дзе? Чытайце ў сьвежым нумары газэты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG