Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандаліза Райс слухала беларускіх палітыкаў безь перакладчыка


Уладзімер Глод, Менск Дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі, у склад якой уваходзяць Эніра Браніцкая, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч, Аляксандар Мілінкевіч, Павал Севярынец і Зьміцер Хведарук, у гэтыя дні наведвае ЗША. Найбольш адметнай падзеяй візыту пакуль што стала гутарка зь дзяржсакратаром Кандалізай Райс. Сваімі ўражаньнямі ад гэтай сустрэчы і ад візыту падзяліўся з нашым радыё Анатоль Лябедзька.

Падчас сустрэчы дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс заявіла, што Вашынгтон падтрымлівае дэмакратычны рух у Беларусі. Анатоль Лябедзька адзначае, што дэлегацыю моцна ўразіла, як добра яна ведае беларускую праблематыку. Асабліва важнымі сябры дэлегацыі палічылі дзьве рэчы, якія прагучалі з вуснаў дзяржсакратара, адзначае спадар Лябедзька:

“Для ЗША не істотны памер краіны – вялікая яна ці малая. Для іх вельмі істотна, як у гэтай краіне захоўваюцца правы і свабоды чалавека. І з гэтага пункту гледжаньня Беларусь зьяўляецца прыярытэтам. Ну і сам факт гэтых сустрэч сьведчыць пра тое, што супольнымі намаганьнямі мы вярнулі Беларусь у міжнародны парадак дня. І нават не ў разьдзел “Рознае”.

І другое. Спадарыня Райс нагадала, што цяперашняй адміністрацыі застаецца яшчэ год працы. І за гэты час яна мае намер зрабіць для Беларусі яшчэ шмат.

Разам з тым дзяржсакратар выказала ўпэўненасьць, што і пры новым прэзыдэнту, новай адміністрацыі захаваецца пераемнасьць палітыкі ў дачыненьнях зь Беларусьсю. І гэта вельмі істотна”.

Кандаліза Райс пацікавілася ў дэлегацыі, як лепш каардынаваць сумесную палітыку ЗША і краін Эўразьвязу ў дачыненьнях зь Беларусьсю. Беларускія палітыкі прапанавалі вярнуцца да той практыкі, калі Менск наведвалі сумесныя дэлегацыі ЗША і Эўразьвязу і абнародавалі супольнае пасланьне да беларускіх уладаў.

Анатоль Лябедзька гаворыць, што на сустрэчы з Кандалізай Райс сваё слова сказаў кожны зь сямі чальцоў дэлегацыі:

“Ёй не патрэбны быў пераклад з расейскай мовы. Яна яе разумее вельмі добра. І гэта дало магчымасьць зэканоміць час.

Мы падаравалі дзяржсакратару напульсьнік з нацыянальнай сымболікай і з надпісам “За свабоду!”. Яна яго адразу ж надзела на руку. І я пажартаваў, што цяпер яна – сябра беларускай каманды. На гэта спадарыня Райс адказала, што яна зь вялікім задавальненьнем будзе сябрам беларускай каманды”.

Сёньня, калі ў Менску будзе ўжо позьні вечар, у Кангрэсе ЗША пройдуць спэцыяльныя слуханьні “Беларусь: ад дыктатуры да дэмакратыі”. Іх ладзіць Хэльсынская камісія Кангрэсу. Як мяркуецца, ад беларускай дэлегацыі выступяць Эніра Браніцкая, Анатоль Лябедзька і Аляксандар Мілінкевіч. Папярэдне заплянавана, што слуханьні зоймуць дзьве гадзіны.

• Кандаліза Райс сустрэлася з дэлегацыяй беларускай апазыцыі, 04.12.2007 • Апазыцыя можа папрасіць урад ЗША зьняць санкцыі, 30.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG