Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: “У вольнай краіне ня можа быць палітвязьняў”


Любоў Лунёва, Менск Ці лічыце вы, што ўлада павінна выканаць патрабаваньні Эўразьвязу і вызваліць палітвязьняў? На гэтае пытаньне адказвалі мінакі на вуліцы Максіма Багдановіча ў Менску.

Спадарыня: “Ён гэтага ня зробіць. Ніколі! Бо ён сёньня толькі думае пра тое, як утрымаць свой партфэль, каб не адказваць за ўсе свае подзьвігі, якія ён зьдзейсьніў за апошнія 13 гадоў”.

Спадар: “Думаю, што павінна, але Лукашэнка наўрад ці гэта зробіць. Таму што такі ў нас прэзыдэнт. Яго ўсе клічуць дыктатарам, і тут няма чаго ўтойваць. Я таксама так лічу. У нас няма ніякай свабоды слова, нічога... Няма ніякай дэмакратыі. У нас таталітарны рэжым”.

Спадарыня: “Лічу, што ня зробіць. Бо палітвязьні для яго як костка ў горле. А як жа?.. Павінна быць нейкая свабода. Ну іншая думка, дык што?.. Няўжо ня можаш яе выказаць? Як толькі выйшаў што-небудзь сказаць, дык схопяць, і будзь здароў”.

Студэнт: “Павінен, але ніколі ў жыцьці гэтага ня зробіць. Толькі калі ў яго ў самога тэрмін скончыцца”.

Спадарыня: “Не адпусьціць, а адпусьціць павінен”.

Школьніца: “У вольнай краіне ня можа быць палітвязьняў”.

Студэнтка: “Лічу, што павінны вызваліць, але ён на гэта ня пойдзе. Таму што яны выказвалі свае суб’ектыўныя палітычныя погляды. Але яму гэта не падабалася”.

Студэнт: “У нас не павінна быць палітвязьняў”.

Вайсковец: “Мусіць адпусьціць, але не адпусьціць. Можа, каго з маладых і адпусьціць, але толькі не Казуліна... Закрануў за асабістае... Помсьлівы, я б сказаў, чалавек”.

Канструктар: “Адназначна скажу: “Не, не адпусьціць”. Рэжым, у якім мы цяпер жывем, сам па сабе ня вольны, з шэрагам абмежаваньняў. Палітвязьняў насамрэч быць не павінна. Аляксандар Рыгоравіч не адпусьціць. Гэта адназначна. Жыць лепей мы таксама ня станем. Свабоды няма, не было і ня будзе. Беларускі цуд, пра які мы чуем кожную навагоднюю ноч”.

Спадар: “Канечне, адпусьцяць, куды яны дзенуцца. На Аляксандра Рыгоравіча павінны падзейнічаць эканамічныя санкцыі. Тым больш што з эканомікай стала вельмі кепска”.

Спадар: “Няхай кожны кажа як хоча. Толькі адзінае, як гэта ўспрымаецца”.

Пэнсіянэр: “Аляксандар Рыгоравіч вядзе няправільную палітыку ў дзяржаве”.

Спадар: “Адпускаць абавязкова трэба, бо перасьледаваць, я лічу, можна толькі ў крымінальных справах”.

Спадар: “Лічу, што адпусьцяць. А эканамічныя санкцыі — гэта няправільна. Народ тут пры чым?”

Спадарыня: “Аляксандар Рыгоравіч на гэта ня пойдзе. А палітвязьняў адпускаць патрэбна. Гэта воля рэжыму, які сыходзіць ад улады. Думаю, што гэта й воля Лукашэнкі. Палітвязьні – гэта інструмэнт ціску ня толькі на моладзь, але й на ўсіх грамадзянаў Рэспублікі Беларусь”.

Студэнт: “Ён іх не адпусьціць, каб такім чынам узьдзейнічаць на астатнюю моладзь, каб не выходзілі на вуліцу”.

Спадарыня: “Я лічу, што адпускаць трэба, бо шмат хто сядзіць толькі за свае перакананьні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG