Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзяў рыхтуюць да адмены сьмяротнага пакараньня


Ганна Соўсь, Менск Беларусь падышла да рубяжа, за якім стаіць мараторый на сьмяротнае пакараньне. Пра гэта заявіў старшыня Вярхоўнага суду Беларусі Валянцін Сукала. У Палаце прадстаўнікоў не выключаюць, што ўвядзеньне мараторыю можа адбыцца на працягу году. Пакуль што Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе дагэтуль караюць сьмерцю.

Старшыня Вярхоўнага суду Беларусі Валянцін Сукала ў інтэрвію газэце “Советская Белоруссия” заявіў, што цяпер “судзьдзяў псыхалягічна рыхтуюць да таго, што сьмяротнае пакараньне будзе адмененае”. Паводле ягоных словаў, Беларусь ужо фактычна падышла да рубяжа, за якім стаіць мараторый на ўжываньне сьмяротнага пакараньня.

“Альтэрнатыва сьмяротнаму пакараньню — пажыцьцёвае зьняволеньне”

Валянцін Сукала адзначыў, што ўжо сем гадоў у Беларусі дзейнічае альтэрнатыва сьмяротнаму пакараньню — пажыцьцёвае зьняволеньне, і таму выключная мера пакараньня ўжываецца рэдка. У першым паўгодзьдзі сёлета сьмяротны прысуд вынесьлі дзьвюм асобам. Паводле старшыні Вярхоўнага суду, нялёгка знаходзіць адэкватнае пакараньне, калі гаворка ідзе пра сэрыйных забойцаў або справы буйных бандаў.

Намесьнік камісіі Палаты прадстаўнікоў Беларусі Віктар Ісачкін не выключае, што будзе ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне.

“Так, я падтрымліваю мараторый, а потым не выключаю адмены сьмяротнага пакараньня”.

Соўсь: “Скажыце, калі ласка, а якая працэдура? Наколькі хутка гэта можа быць уведзена?”

Ісачкін: “Я думаю, што цягам году гэта магчыма ўвесьці”.

Згодна з вынікамі рэфэрэндуму 1996 году, 80% насельніцтва Беларусі выказаліся за захаваньне сьмяротнай кары. Тым часам мараторый на сьмяротнае пакараньне — абавязковая ўмова, каб увайсьці ў Раду Эўропы.

На мінулым тыдні прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн заклікаў Аляксандра Лукашэнку скасаваць тры сьмяротныя прысуды і замяніць іх на мякчэйшыя. Мараторый на выкананьне сьмяротных пакараньняў, як лічыць Рэнэ ван дэр Ліндэн, стане ясным і пэўным крокам у кірунку збліжэньня Беларусі з Радай Эўропы.

“Паводле Канстытуцыі трэба выносіць гэтае пытаньне на рэфэрэндум”

Былы старшыня Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў зьвяртае ўвагу на тое, што адмяніць сьмяротнае пакараньне можна толькі праз рэфэрэндум.

“Першы крок — парлямэнт на прапанову прэзыдэнта ці з уласнай ініцыятывы можа ўвесьці мараторый на ўжываньне сьмяротнай кары. На першым этапе гэтага было б дастаткова. Але потым усё ж трэба ўносіць зьмены ў Канстытуцыю. Паколькі гэты артыкул знаходзіцца ў разьдзеле № 4, то паводле Канстытуцыі трэба выносіць гэтае пытаньне на рэфэрэндум. Лічу, што гэтае пытаньне даўно трэба было вырашыць. У эўрапейскай частцы кантынэнту толькі Беларусь застаецца краінай, якая ўжывае гэтую меру пакараньня”, — адзначае Міхаіл Пастухоў.

“На момант выкананьня прысуду гэты чалавек — нікчэмны шаленец і не ўяўляе сабой ніякай небясьпекі”

Былы начальнік сьледчага ізалятару на вуліцы Валадарскага Алег Алкаеў пэўны час кіраваў камандай, якая выконвала расстрэльныя прысуды. Цяпер спадар Алкаеў жыве ў Нямеччыне. Ён лічыць слушным скасаваньне сьмяротнай кары.

“Крыху барбарскі спосаб. Я ўжо шмат перадумаў. Знаходзячыся ў Эўропе, я зразумеў, што ён не вырашае праблемы злачыннасьці. Я гэта расцэньваю як зьвядзеньне рахункаў, бо на момант выкананьня прысуду гэты чалавек — нікчэмны шаленец і не ўяўляе сабой ніякай небясьпекі. Гэта тое, што я бачыў на свае вочы...” — згадвае Алег Алкаеў.

На сёньняшні дзень 129 краінаў сьвету скасавалі сьмяротнае пакараньне ў заканадаўстве альбо на практыцы. Сярод іх 89 цалкам адмовіліся ад сьмяротных прысудаў; 10 захавалі такую кару толькі за ваенныя злачынствы; 30 увялі мараторый на выкананьне прысудаў. Скасаваньне сьмяротнай кары прадугледжана Эўрапейскай канвэнцыяй правоў чалавека. Гэты дакумэнт ратыфікавалі 40 эўрапейскіх краінаў і 7 падпісалі. Мараторый на сьмяротнае пакараньне ўвялі Расея, Украіна, Малдова.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, ад 1997 году ў Беларусі на сьмерць асуджаны 161 чалавек. За часам прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі вядомы толькі адзін выпадак, калі ён памілаваў асуджанага на сьмерць. Ня раз Аляксандар Лукашэнка публічна заяўляў пра тое, што Беларусь “не гатовая да скасаваньня сьмяротнай кары”.

• Калі ў Беларусі адменяць сьмяротнае пакараньне?, 10.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG