Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Фядута: “Мая кніга была лепшым падарункам у прэзыдэнцкім асяродку ”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня вядомы палітоляг, літаратар Аляксандар Фядута прапанаваў нашым карэспандэнтам дасьледаваць тэму – як памянялася за часы незалежнасьці дзяржавы псыхалёгія грамадзтва: ці прыходзіць на зьмену “савецкасьці” – “беларускасьць”?

Цягам тыдня мы будзем абмяркоўваць перамены, якія адбываюцца ў сьвядомасьці грамадзянаў. А ў пятніцу на гэтую тэму прагучыць адмыслова падрыхтаваная перадача. А сёньня размова пра савецкія і сёньняшнія бібліятэкі

Уліцёнак: “Аляксандар, якая ў вас бібліятэка?”

Фядута: “Дзесяць тысяч асобнікаў?”

Уліцёнак: “І ўсё гэта – у кватэры?”

Фядута: “У адным пакоі звычайнай трохпакаёўкі”

Уліцёнак: “Падзяліцеся бібліяфілічнымі назіраньнямі пра паўзабыты савецкі пэрыяд?”

Фядута: “Добрыя кнігі разьмяркоўваліся тым жа чынам, прабачце, як і салямі!”

Уліцёнак: “Што было ў “загашніках” савецкіх бібліятэк?”

Фядута: “Кнігі якіхсьці дысыдэнтаў там не стаялі – прыхоўвалася, напрыклад, “Анжэліка”, нешта з фантастычных і прыгодніцкіх сэрый”.

Уліцёнак: “Усяго – гэта прынцыповы момант – было навалам, акрамя таго, што забаранялася па ідэалягічных матывах…”

Фядута: “…альбо нават дазвалялася, але зусім крышачку. Пры ўсім тым вы маеце рацыю: фонды мелі магчымасьць пастаянна папаўняцца. А тое, што я ведаю зараз пра ўнівэрсытэцкія бібліятэкі, там сытуацыя зусім кепская”.

Уліцёнак: “Чапаеў і пустата”… Тут дарэчы згадка пра адно з самых пашыраных савецкіх хобі – кнігазьбіральніцтва”.

Фядута: “У нас у Горадні была славутая дынастыя мэдыкаў – Нічыпарукоў. Дык у іхнай бібліятэцы я пачытаў раман-газэту з салжаніцынскім “Адным днём Івана Дзянісавіча”.

Уліцёнак: “Цяпер таксама ёсьць своеасаблівыя “падпольныя” кнігі – скажам, вашая палітычная біяграфія Лукашэнкі і пра яго ж – Паўла Шарамета ды Сьвятланы Калінкінай…”

Фядута: “Мая, напрыклад, пэўны час была лепшым падарункам у прэзыдэнцкім, элітным асяродку”.

Уліцёнак: “Які лёс колішніх шыкоўных кнігазбораў – яны зьнікаюць?”

Фядута: “Зараз яны шмат каму з уладальнікаў ці нашчадкаў дапамагаюць выжываць. Гэтым разам – фізычна”.

Уліцёнак: “У чым асноўнае адрозьненьне сёньняшніх бібліятэк і тых, савецкіх?”

Фядута: “Раней была сыстэма, якая абмяжоўвала магчымасьці вашага карыстаньня зборамі, але адначасова тая ж сыстэма давала магчымасьць усё ж такі забясьпечваць кнігамі насельніцтва. Сёньня ёсьць абмежавальны ідэалягічны фільтар, але разбурылася фінансавая сыстэмы, якая б дазваляла чытачу карыстацца гэтымі бібліятэкамі, новымі кнігамі ў іх”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG