Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У крамах – не даражэй за Камароўку»...


Радыё Свабода Зь 1 сьнежня на зімовы час прыпынілі працу вулічныя шапікі гародніны й садавіны. Ці зручна гэта для пакупнікоў, ці падрыхтаваныя да павелічэньня пакупніцкіх патрэбаў крамы гародніны і садавіны?

Куды падзенуцца гандляры зачыненых кропак продажу садавіны ды гародніны?

Напярэдадні закрыцьця латкоў вулічнага продажу гародніны й садавіны я запыталася: куды падзенуцца гандляры зачыненых латкоў? Вольга, якой 25 год, распавяла, што ейная напарніца ўжо дамовілася пра месца на ждановіцкім рынку. А яна сама спадзяецца, - вымушаны перапынак працы паверне яе жыцьцё да лепшага:

Вольга: «Сваякі клічуць, запрашаюць да іх у Расею. Я вырашыла, што варта ехаць. Калі там усё добра будзе складвацца, то там і застануся. Прынамсі, пакуль што выгладае, што там можна будзе зрабіць на прыстойнае жыцьцё».

Латкі з садавінай і гароднінай спыняюць працу на зімовы час ад 2002 году. Я запыталася ў наведнікаў-пакупнікоў Камароўскага рынку, ці зручна гэта для іх, ці лічаць яны гэткае рашэньне мэтазгодным.

У крамах і на Камароўцы – кошты амаль аднолькавыя

Мужчына: «Мне б Ваш клопат... Ды аднолькава, дзе набываць. Калі час ёсьць, калі выходныя, - то на Камароўцы. Калі часу няма, у будні – на латках”.

Радыё Свабода: “Але цяпер магчымасьці набываць гародніну з латкоў ня будзе. Вы крамамі будзеце карыстацца”?

Мужчына: “А Вы ведаеце, у крамах не даражэй за Камароўку. Кошты аднолькавыя, так што ўсё – зручна”.

Радыё Свабода: “Вы набываеце ўзімку на Камароўцы гародніну?

Жанчына: “Не, у крамах набываю”.

Радыё Свабода: “А там чым лепш”?

Жанчына: “Тут жа ўсё перамерзлае ўзімку. А ў крамах – нармальна ўсё. Так што больш карыстаюся крамамі”.

Калі латкоў было шмат, кошты ў іх былі лепшыя

Яшчэ адна мая суразмоўца, якая набывала на Камароўскім рынку гародніну і садавіну на тыдзень наперад, заўважае, што латкоў у горадзе – наагул мала. Дзяўчына: “Калі латкоў было шмат – і каля дома, і каля працы, - тады было вельмі зручна. І кошты ў іх былі ніжэйшыя за камароўскія. А цяпер, натуральна, даражэй на латках, чым на рынку. Але сярод тыдню на Камароўку не патрапляеш”.

Радыё Свабода: “А ці лічыце Вы лягічным, што з вуліцы латкі прыбралі на зіму, але адкрыты рынак Камароўкі працягвае працаваць”?

Дзяўчына: “Калі вельмі вялікія маразы, то канешне гародніна мерзьне. Але ж гэта вельмі рэдка ў нас бывае. А на крытым рынку значна даражэйшыя кошты, так што набываем зазвычай на адкрытым”.

Дырэктарка крамы “Апельсін”: “Латкі нам ніяк не канкурэнты”

Дырэктарка менскай крамы “Апельсін” Іна Паўлючэнка кажа, што зімовы час – заўсёды больш пасьпяховы па продажам. Маўляў, людзі прагнуць вітамінаў. Але павелічэньне спажывецкага попыту на гародніну і садавіну, пэўная яна, ніяк не зьвязана з закрыцьцём на зіму вулічных кропак.

Паўлючэнка: “Аб’ём продажаў безумоўна павялічваецца. Калі, прыкладам, заўтра ударыць мароз, - гэта ўмомант адабьецца на рэзкім павелічэньні пакупнікоў. А латкі вулічныя - не канкурэнты. Па-першае, у нас разнастайнасьць, я лічу, багацейшая. Па-другое, у нас крама самаабслугоўваньня – так што кожны можа выбраць самастойна, што менавіта ён набывае, а кошты... Кошты ў нас ніжэй за латочныя. Шчыра Вам кажу – мы анлізавалі, хадзілі па латках, міні-базарчыкам. У тым ліку і на беларускую гародніну ў нас значна таньнейшыя кошты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG