Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі па "Свабоду": “Пуцін і “Адзіная Расея” ператварылі выбары ў цырк”


Радыё Свабода Званкі на "Свабоду" - пятніца, 30 лістапада.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Некалькі званкоў слухачоў з нагоды хуткіх выбараў у Дзяржаўную думу Расеі:

Спадар: “Розьніца паміж беларускімі расейскімі выбарамі ў тым, што ў Беларусі хапаюць беларускамоўных, а ў Расеі палітычных апанэнтаў. Палітычная барацьба ў Беларусі — гэта пэўны генацыд”.

Спадарыня: “Добры вечар, “Свабода”. Пуцін і “Адзіная Расея” ператварылі выбары ў цырк, думаючы, што такую вакханалію мы будзем назіраць у наступным годзе у Беларусі. Толькі там “Адзіная Расея” — а ў нас будзе “Белая Русь”.

Камэнтар палітоляга Андрэя Казакевіча:

“Будзе ў нас “Белая Русь” як нейкая палітычная арганізацыя ці ня будзе — гэта істотна нічога ня зьменіць. “Адзіная Расея” — гэта ўсё ж партыя, якая арыентаваная на электаральны ўдзел, і ў Расеі, прынамсі, ствараецца канкурэнцыя, ёсьць камуністычная партыя, дзьве партыі ўлады, ёсьць нейкі спэктар палітычны, больш-менш разнастайны.

У Беларусі, калі такая структура і будзе створаная, хутчэй за ўсё, яна будзе супадаць з выканаўчай вэртыкальлю. Па-другое, яна ня будзе мець ніякай альтэрнатывы, бо наша мадэль больш аўтарытарная”.

І яшчэ адно меркаваньне слухача наконт нядаўна створанага грамадзкага аб’яднаньня “Белая Русь”:

Іван Карпавіч, Менск: “Дзевяноста гадоў адсьвяткавалі нашы бальшавікі, потым сталі камуністамі, КПСС. Цяпер — партыя ўлады, “Белая Русь” і гэтак далей. У кожнай рэспубліцы свае. Камуністы перафарбаваліся. І ўсе абяцаюць”.

Сёньня ў Менску прайшла нарада з удзелам прэзыдэнта, прэм’ера, на якіх разглядалася выкананьне Дзяржпраграмы разьвіцьця малых гарадоў. Тэлефанаваньне з гэтай нагоды:

Сталы слухач: “Цябе ідзе абмеркаваньне на высокім узроўні лёсу малых гарадоў. Лукашэнка кажа: “Так, трэба разьвіваць гэтыя малыя гарады”. Нарэшце, да яго дайшло, што трэба іх разьвіваць.

Задаю простае пытаньне: як, пражыць, калі ў горадзе адно невялікае прадпрыемства, і там дзясяткі, сотні людзей стаяць у чарзе, каб трапіць на працу? Калі больш нічога няма, як пражыць?”

Аляксандар Лукашэнка сёньня даў даручэньне перагледзець асноўныя паказьнікі разьвіцьця малых гарадоў у бок павышэньня. Дзяржпраграма прадугледжвала будаўніцтва 57 новых прамысловых прадпрыемстваў, мадэрнізацыю 80, рэканструкцыю 56 аб’ектаў аграпрамысловага комплексу, але гэтага ? паводле Аляксандра Лукашэнкі, недастаткова.

На пытаньне слухача Радыё Свабода адказвае Тацяна Вярцінская, загадчыца аддзелу Інстытуту эканомікі:

“Акрамя таго, што прынятая праграма разьвіцьця малых гарадоў да 2010 году, гэтымі днямі ідзе абмеркаваньне, якія дадатковыя мэханізмы стварыць. Накіроўваюцца вялізныя інвэстыцыі, льготы для прадпрымальнікаў, падтрымліваюцца прадпрыемствы, ствараюцца новыя матывацыйныя мэханізмы, каб насельніцтва туды прыяжджала.

Пытаньне яшчэ ў тым, як гэта ўсё будзе выканана. Але цяпер да малых гарадоў — самая пільная ўвага, вельмі жорсткі кантроль”.

Слухачоў “Свабоды” хвалююць кошты на газ, і ў сувязі з гэтым дачыненьні з Расеяй:

Уладзімер, Полацак: “Падобна на тое, што наш “усенародна абраны” нарэшце пачынае разумець, што чакаць кранікаў з усходу, то бок з Расеі, ня варта. Вельмі шкада, што прасьвятленьне прыйшло так позна”.

Званок слухача з Полацку камэнтуе эканаміст Сяргей Балыкін:

“Лукашэнка ж ніколі ня быў з Расеяй. Ён быў заўсёды супраць — з-за таго, што яго не пусьцілі у расейскую палітыку. Вось гэтай “расейскай картай” ён карыстаецца даволі часта. Як толькі ўздымаюцца кошты на энэрганосьбіты, ён становіцца прагматыкам, заходнікам. Але ж ўсё гэта зьнікае, калі ён можа дамовіцца з Расеяй. Так што казаць, што на яго прыйшло прасьвятленьне, не выпадае. Амаль кожны год здараецца зь ім такое”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG