Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расею прыбылі назіральнікі ад ПАРЭ і ПА АБСЭ


Радыё Свабода Міжнародныя назіральнікі ад ПАРЭ і Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, якія прыбылі сёньня ў Расею, заявілі пра сваю заклапочанасьць ў зьвязку з апошнімі захадамі ўладаў ў дачыненьні да апазыцыі і паведамілі, што агучаць свой маніторынг выбараў ў часе прэсавай канфэрэнцыі 3 сьнежня.

Усяго на цяперашнія выбары ў Расеі акрэдытаваныя больш за 300 міжнародных назіральнікаў –ад АБСЭ, Рады Эўропы, Эўразьвязу і СНД. Пятая запрошаная арганізацыя – Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ, якая займаецца доўгатэрміновым назіраньнем, адмовілася накіроўваць сваю дэлегацыю пасьля таго як Масква абмежавала колькасьць назіральнікаў і зацягнула выдачу візаў. Для параўнаньня: на мінулых парлямэнцкіх выбарах у 2003 годзе ў Расеі прысутнічалі звыш за 1000 назіральнікаў.

Як афіцыйна заявіла кіраўніцтва ЦВК, павелічэньне квоты замежных назіральнікаў азначае спрыяньне ўмяшаньню звонку ва ўнутрыпалітычныя працэсы Расеі.

Л.Сьлізка: “Гарантыяй дэмакратыі зьяўляюцца не замежныя назіральнікі, а воля народу”

Сёньня кіраўнік місіі ПАРЭ Люк ван дэр Брандэ і місіі ПА АБСЭ Тадэвуш Івіньскі сустрэліся ў Маскве са старшынём Расейскай ЦВК Уладзімірам Чуравым і намесьніцай сьпікера ніжняй палаты Дзярждумы Любоўю Сьлізкай.

Як паведамляецца, расейскі бок запэўніў назіральнікаў, што выбары ў нядзелю будуць адпавядаць расейскаму выбарчаму кодэксу, і што расейскі бок гатовы забясьпечыць максымальную адкрытасьць для міжнароднага назіраньня ў поўнай адпаведнасьці са сваімі міжнароднымі абавязаньнямі. Віцэ-сьпікер Дзярждумы Любоў Сьлізка, у прыватнасьці, падкрэсьліла наступную акалічнасьць:

“Не магу, аднак, не падкрэсьліць, што гарантыяй дэмакратыі ў Расеі зьяўляюцца не замежныя назіральнікі, якія кантралююць хаду выбарчага працэсу, а найперш, воля народу і яго палітычная культура”.

Тым часам кіраўнік назіральнай місіі ад ПА АБСЭ Тадэвуш Івіньскі ў размове з журналістамі выказаў сваю заклапочанасьць у зьвязку з парушэньнямі выбарчых правоў расейскіх грамадзянаў, якія назіраюцца напярэдадні 3 сьнежня.

Івіньскі: “Вядома, адбыліся пэўныя падзеі, якія вельмі непакояць нас. Напрыклад, затрыманьне апазыцыйных актывістаў, адсутнасьць балянсу ў СМІ, але мы паглядзім, і ў панядзелак у часе прэсавай канфэрэнцыі агучым канчатковае камюніке”.

Ці будуць гэтым разам галасаваць “мёртвыя душы”?

Адначасна ў асяродку як замежных, так і расейскіх аналітыкаў шырока распаўсюджаныя меркаваньні, што галасаваньне ўсё ж будзе сфабрыкаванае на карысьць “Адзінай Расеі”. Паводле дырэктара маскоўскага Цэнтру палітычнай інфармацыі Аляксея Мухіна, карціна, зь якой сутыкнуліся ягоныя калегі, якія вывучалі хаду кампаніі ў асобных рэгіёнах Расеі, нагадвала старонкі з твору Гогаля “Мёртвыя душы”, калі ў выбарчыя пратаколы былі ўключаныя імёны ўжо памерлых людзей.

Мухін: “У некаторых рэспубліках на Паўночным Каўказе мы сутыкнуліся з гэтым. Даходзіць да казусаў – датэрмінова прагаласавалі 102 адсоткі выбаршчыкаў. Гэтага ня можа быць фізычна”.

Дырэктар маскоўскага офісу “Heritage Foundation” Яўген Воўк, чые супрацоўнікі таксама займаліся вывучэньнем выбарчай кампаніі ў Расеі, сьведчыць пра моцную дыскрэдытацыю кандыдатаў ад апазыцыі з боку афіцыйных расейскіх СМІ.

Воўк: “Рэальна супраць іх была арганізаваная моцная кампанія, былі і такія акцыі чорнага піяру, калі пісалі, што лідэры Саюзу правых сілаў хворыя на СНІД, дзесьці затрымліваліся іхныя лістоўкі і г.д.”

Яўген Воўк, аднак, не выключае, што падобныя тэхналёгіі могуць мець і зваротны эфэкт:

“Перш за ўсё, тая атмасфэра ўсеагульнага прызнаньня, што “Адзіная Расея” пераможа, можа аказаць зваротны эфэкт на электарат, прывесьці да таго, што людзі расслабяцца і таму ня пойдуць на выбары, бо вынікі вядомыя ўжо і без іхнага ўдзелу”.

“Пуцін павінен сысьці і Пуцін павінен застацца...”, 30.11.2007 БДІПЧ адмовілася назіраць за выбарамі ў расейскую думу, 16.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG