Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нас на выбарах няма агітацыі, а ў Расеі на тэлебачаньні выступаюць”


Радыё Свабода Чым, на вашую думку, адрозьніваецца выбарчая кампанія ў Расеі ад выбараў у Беларусі? На пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.

Спадар: “Што ў Расеі, тое і ў нас: Каспарава на пяць сутак арыштавалі, ён супраць Пуціна пайшоў”.

Спадар: “Аднолькава бунт быў, калі выбары былі ў Беларусі, — моладзь, палаткі. Па тэлевізіі ўсё паказвалі. Так і ў Расеі”.

Спадар: “У Расеі заўсёды больш бурна праходзяць перадвыбарныя дэбаты. У нас заўсёды ўсё робіцца ціха. І, я думаю, апазыцыя ў Расеі больш заўважная, чым у Беларусі”.

Спадарыня: “Я лічу, што выбары ў нас, у Беларусі, больш сумленныя і карэктныя, чым у Расеі”.

Спадар: “Парлямэнт расейскі я не паважаю — там шмат усялякіх звадак. Там яны толькі самі нажываюцца, а для народу добрых законаў не прымаюць. Пажадана, каб у парлямэнце былі добрасумленныя людзі”.

Спадарня: “Аднолькава — народ выбірае. Агітацыя лепшая ў Расеі”.

Спадар: “Кандыдаты там часьцей зьяўляюцца на публіцы, чым у Беларусі. І на тэлебачаньні, і карэспандэнты сустракаюцца зь імі. Мне падаецца, там больш магчымасьцяў выбраць таго, каго хочаш. У нас няма такога”.

Спадар: “Нашы выбары больш дэмакратычныя, чым у Расеі. Там карупцыі болей”.

Спадар: “У нас кепска, што на выбарах няма ніякай агітацыі, а ў Расеі на тэлебачаньні даюць выступіць. Я калі прыходжу на свой выбарчы ўчастак, то бачу, што ў нас вельмі мала людзей расьпісваецца за бюлетэні, а кажуць пасьля, што ў выбарах узялі удзел больш як дзевяноста працэнтаў грамадзянаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG