Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэфіцыт лекараў у Беларусі зьнікне толькі ў 2013 годзе


Уладзімер Глод, Менск “Сыстэма аховы здароўя ў нашай краіне практычна займаецца толькі тушэньнем пажараў”, — прызнаў сёньня віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Аляксандар Касінец, адказваючы на пытаньні дэпутатаў на сумесным паседжаньні дзьвюх палат Нацыянальнага сходу. Віцэ-прэм’ер прапанаваў прыняць спэцыяльны закон аб здароўі народу.

Намесьнік кіраўніка беларускага ўраду Аляксандар Касінец прызнаў, што ў краіне існуе дэфіцыт лекараў:

“У краіне не хапае 4260 лекараў. Зробленыя захады для павелічэньня прыёму абітурыентаў у мэдычныя ВНУ. У наступным годзе ён будзе павялічаны коштам бюджэту на 2100 чалавек. І ня менш за палову ад гэтага будуць прынятыя на пазабюджэтныя месцы. Але ліквідацыя дэфіцыту лекараў будзе дасягнутая толькі да 2013 году”.

Пэдыятар Ганна Асмалоўская тлумачыць, чаму многія яе калегі пакідаюць службу:

“Заробак мізэрны. Нават тыя, каму падабаецца гэтая праца, мусяць сыходзіць, бо не хапае грошай. Працаваць у прынцыпе можна, але ж трэба за гэта і добра атрымліваць”.

Віцэ-прэм’ер занепакоены стратамі бюджэту:

“З захворваньнямі зьвязаныя велізарныя фінансавыя страты дзяржавы. Толькі летась на аплату лісткоў непрацаздольнасьці пайшоў 551 мільярд рублёў.

А прадукцыя, якую не зрабілі, дала б 3 трыльёны 750 мільярдаў рублёў. Эканамічныя страты склалі 4 трыльёны 309 мільярдаў рублёў. Гэта 5,4% ад валавога ўнутранага прадукту”.

Эканаміст Леанід Злотнікаў параўноўвае гэтыя лічбы:

“Усе выдаткі на народную гаспадарку зь бюджэту складаюць прыкладна 5 трыльёнаў. Гэта і на сельскую гаспадарку пераважна, і на прамысловасьць. 4,5 трыльёна — выдаткі на дзяржаўнае кіраваньне”.

Аляксандар Касінец прапанаваў дэпутатам прыняць спэцыяльны закон аб здароўі народу. “Можа, пасьля гэтага хоць некаторыя будуць сачыць за здароўем так, як яны сочаць за ўласным аўтамабілем”, — сказаў ён.

А дэпутат Віктар Марахін прапанаваў прадугледзець у бюджэце спэцыяльныя выплаты — матэрыяльныя ўзнагароды тым, хто не хварэе.

Аднак міністар эканомікі Мікалай Зайчанка ня бачыць, як гэта можна зрабіць цэнтралізавана:

“На ўзроўні суб’ектаў гаспадараньня такую палітыку можна рэалізаваць больш эфэктэўна, на мой погляд”.

Віцэ-прэм’ер А. Касінец: “У Беларусі не хапае лекараў”, 28.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG