Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін: “Калі б я быў прэзыдэнтам, ільготаў у людзей не забіраў бы”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вольга Казуліна пераказала камэнтары свайго зьняволенага бацькі да апошніх палітычных падзеяў у Беларусі.

Як Аляксандар Казулін паставіўся да адмены сацыяльных льготаў, якая пачне дзейнічаць у сярэдзіне сьнежня?

Паводле Вольгі Казулінай, яе бацька гэтае рашэньне ўлады асуджае:

“Гэта ганебна, адбіраць ільготы ў дзяцей — нашых нашчадкаў, у пэнсіянэраў, якія і так могуць сабе дазволіць толькі малако і хлеб, у чарнобыльцаў, якія паклалі здароўе на тое, каб ліквідаваць наступствы чарнобыльскай аварыі. Бацька запытаў: а куды пойдуць грошы, якія забяруць у народу?

Абяцаньні вярнуць грошы людзям у выглядзе адраснай дапамогі ён назваў казкамі, якія ўсім надакучылі. Тата нагадаў, што ўлады ўжо дадалі 150 даляраў да заробку сілавым структурам, каб кампэнсаваць траты на праезд. Гэта ён патлумачыў палітычнымі прычынамі — каб не згубіць падтрымку сілавікоў, якія ахоўваюць прэзыдэнта ад народу”.

Вольга Казуліна кажа: яе бацька перакананы, што на пасадзе прэзыдэнта ён бы не ўхваліў такога закону і знайшоў бы іншыя крыніцы, каб кампэнсаваць страты бюджэту ад падаражэньня энэрганосьбітаў.

“Белая Русь” – бяздумнае капіяваньне расейскага досьведу”

Што палітык думае адносна прапрэзыдэнцкай арганізацыі “Белая Русь”, якую стварылі два тыдні таму?

Гэтую падзею Аляксандар Казулін назваў “бяздумным капіяваньнем расейскага досьведу”.

“Сэнс у тым, што набліжаюцца парлямэнцкія выбары, і ўлада хоча, каб прадстаўнікі “Белай Русі” набралі галасоў ня менш, чым набярэ ў Думе “Адзіная Расея”.

Паводле Вольгі Казулінай, яе бацька ня верыць у сапраўдную карысьць для краіны ад арганізацыі, якую “прыдумала ўлада”.

Паводле Казуліна, у людзей “псыхалягічная адмова ад маршаў”

Аляксандар Казулін пракамэнтаваў і дзеяньні апазыцыі.

Ён вітае спробы прыцягнуць увагу людзей да палітычных і сацыяльных праблемаў, але лічыць, што зрабіць гэта праз маршы немагчыма, бо “ад вулічных акцыяў людзі стаміліся”. На думку былога кандыдата на прэзыдэнта, трэба шукаць іншыя формы агітацыі й пратэсту.

“Адны ідуць у адзін бок, другія ў другі, трэція ў трэці. Ніхто ня ведае, куды дакладна ісьці і навошта. Гэта прывяло да псыхалягічнай адмовы людзей ад маршаў”, — пераказвае словы свайго бацькі Вольга Казуліна.

"Амністыя — выключна камэрцыйнае мерапрыемства"

“Падманам” назваў Аляксандар Казулін закон аб амністыі, які гэтак чакалі ў беларускіх турмах.

“Гэтая амністыя — выключна камэрцыйнае мерапрыемства. Выйсьці на волю змогуць найперш тыя, хто цягам паўгоду кампэнсуе дзяржаве страты. Карацей, мэта амністыі — выцягнуць зь людзей як мага больш грошай.

А гаворка пра гуманізм — пустыя словы. У турме столькі людзей з паламанымі лёсамі, але ім ніхто не дапамагае! Турма іх не выхоўвае, а калечыць”.

Аляксандар Казулін пра зьняволеньне: “Гэта жах. Час нібыта спыніўся”, 27.11.2007 У Віцебскай калёніі абшукалі 6-гадовага ўнука Казуліна, 27.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG