Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таісія Кабанчук: “У Бабруйску кардынальна ня вырашаная ніводная праблема”


Радыё Свабода Пасьля вядомых выказваньняў кіраўніка краіны пра Бабруйск і ягоных жыхароў, мы не маглі не пагаварыць з грамадзкім рэдактарам тыдня бабруйчанкай Таісіяй Кабанчук пра стан гораду. Таісія добра ведае яго праблемы, бо доўгі час працавала бібліятэкарам. Праўда, затым згубіла працу і зьбілася з ног, пакуль не ўладкавалася на склад птушкафабрыкі з-за сваёй актыўнай палітычнай дзейнасьці – яна кіраўніца гарадзкой суполкі БСДП(Г). Дык наколькі прыстасаваны Бабруйск да патрэбаў насельніцтва? Чаго бракуе тамтэйшым будаўнікам? Як ацэньваюць людзі апошнія навабуды, скульптуры? Інтэрвію вядзе журналіст Аляксандар Уліцёнак.

Уліцёнак: “Лічыцца, што пасьля “Дажынак” Бабруйск стаў проста “харашуном”?

Кабанчук: “Ды не, прыедзьце і паглядзіце: адрамантавалі ўсяго дзьве-тры цэнтральныя вуліцы. За плошчай імя Леніна 20-30 мэтраў і ўсё – не прайсьці. Там не прайсьці: скрозь канавы, ні асфальту табе, ні тратуараў. Кардынальна ня вырашаная ніводная праблема”.

Уліцёнак: “Чаго бракуе бабруйскім вуліцам і мікрараёнам напярэдадні зімы?”

Кабанчук: “Не працуе ліўнёўка, а зараз бачыце якое надвор’е? То сьнег, то дождж…”

Уліцёнак: “То бок вуліцы затопленыя?”

Кабанчук: “Вада бяжыць верхам – прайсьці проста немагчыма”.

Уліцёнак: “У зьвязку з апісаным: як ставяцца вашыя землякі да будаўніцтва выключна “марознага” будынку – Лядовага палацу?”

Кабанчук: “Большая частка – адмоўна. І ў першую чаргу маладыя людзі, якія хацелі, каб пабудавалі радзільню. Бо ў ранейшай шмат трагічных выпадкаў з нагоды стафілакокавай інфэкцыі, якая ўжо проста не выводзіцца з тых сьценаў нягледзячы на ўсе высілкі. А прыходзіш наведваць якіх хворых нават у цэнтральную лякарню, дык людзі ляжаць на калідорах за нейкімі шторкамі, нязграбнымі шырмачкамі… Як жа будаваць Лядовыя палацы, калі ня вырашаныя асноўныя праблемы? Праўда, частка інтэлігенцыі мае спадзеў, што дзякуючы таму навабуду адродзіцца крыху старой часткі гораду, той жа Бабруйскай крэпасьці”.

Уліцёнак: “А як ацэньвае грамадзкая думка апошнія помнікі, што зьявіліся ў горадзе?”

Кабанчук: “Мала чуць добрага пра помнік з канём, які ўзвышаецца ля каплічкі. Ня вельмі ён і ўпісваецца ў тое месца…”

Уліцёнак: “Як з Канём такая накладка, што тады з помнікам Бабру?”

Кабанчук: “А вось да яго стаўленьне добрае – усім падабаецца. Нарэшце да нас прыйшла сусьветная традыцыя: нібыта дакранесься да выбітнага помніка – і ўсё ў цябе будзе добра… Дакранаюцца: ажно блісьціць!”

Уліцёнак: “Ну а вы – таксама?”

Кабанчук: “Не…”

Уліцёнак: “Што тады паўплывае на ваш шчасьлівы лёс?”

Кабанчук: “Лёс родных. Лёс маіх сяброў… І – лёс маёй Айчыны”.

Найцікавейшыя матэрыялы аўторка на сайце svaboda.org паводле Таісіі Кабанчук

• Аляксандар Казулін пра зьняволеньне: “Гэта жах. Час нібыта спыніўся”
• У эфіры “Свабоды” прайшлі дэбаты паміж В.Івашкевічам і А.Міхалевічам
• М.Статкевіч: “Калі кааліцыя супраць эўрапейскага праекту, то для чаго яна патрэбная?”
• Браслаўшчына: “Дачакаўся камунізму”
• У Беларусі пачалася інфармацыйная кампанія супраць гвалту ў сям’і
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG