Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі зьбіраюцца мітынгаваць і страйкаваць


Радыё Свабода Ад 1 студзеня пачынае дзейнічаць прэзыдэнцкі ўказ №760, згодна зь якім права выкарыстоўваць наёмную працу застанецца толькі ў юрыдычных асобаў — дзяржаўных і прыватных. Аднак стаць юрыдычнай асобай у выглядзе прыватнага ўнітарнага прадпрыемства нават на льготных умовах не пажадалі больш за 90% індывідуальных прадпрымальнікаў. Ці будуць яны працаваць пасьля Новага году, якія настроі пануюць у прадпрымальніцкім асяродзьдзі?

З васьмі тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, зарэгістраваных у падатковай інспэкцыі аднаго з раёнаў Менску, перарэгістраваліся 360 чалавек.

Гаспадар некалькіх шапікаў Мікалай Рамашын выказаў такое меркаваньне:

“Дзяржава выставіла ўльтыматум. Пачала размаўляць са сваім народам ультыматумамі. Пасьля Новага году, паводле крыніцаў у Саўміне, пачнуць па поўнай праграме, выбачайце за выраз, “дручыць” прадпрымальнікаў. Да прыкладу, тыя дакумэнты, якія проста не працавалі, кшталту “кніг уліку і прасоўваньня тавараў”, будуць правяраць цалкам”.

Але агульная колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў расьце. На сёньня вядома, што толькі каля пяцісот чалавек у Менску ліквідуюць свой бізнэс, сьцьвярджае старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа.

“Калі ўлічыць, што цяпер па Менску больш за тысячу ў месяц рэгіструецца індывідуальных прадпрымальнікаў, то агульная колькасьць вырасьце. У асноўным гэта зьвязана з тым, што яны рэгіструюць сваіх наёмных працаўнікоў у якасьці ІП.

То бок, дзяржава потым можа адрапартаваць, што “геніяльным” указам №760 яно стымулявала рост індывідуальнага прадпрымальніцтва”.

Але частка дробных прадпрымальнікаў, якія трымаюць пару шапікаў ці палатак і маюць некалькі наёмных працаўнікоў, вымушаная будзе згарнуць свой бізнэс, кажа Мікалай Рамашын:

“Скароціцца, канечне. Па-другое, сыдуць у цень. Цыгарэты на рынках забаранілі прадаваць? Цяпер ходзяць па Ждановічах, Чэрвеньскім рынку, па ўсіх рынках Менску зьявіліся “цыгарэтнікі”, якія былі дзесяць гадоў таму. Цяпер яны зьявіліся зноў.

Цяпер піва забараняюць на рынках прадаваць — атрымаецца, што зьявяцца людзі, якія носяць. Толькі беларусы могуць наступаць на адны і тыя ж граблі пяць-дзесяць разоў запар”.

Прадпрымальнікі зьбіраюць подпісы супраць прэзыдэнцкага ўказу №760.

Распавядае адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Цацура:

“Мы падалі заяўку на правядзеньне 10 сьнежня а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы агульнарэспубліканскага мітынгу прадпрымальнікаў.

У пятніцу зьбіраюцца прадстаўнікі з рэгіёнаў, будзем абмяркоўваць, як падцягнуць максымальную колькасьць людзей з рэгіёнаў у Менск. Ну і з 1 студзеня зьбіраемся арганізаваць рэспубліканскі страйк прадпрымальнікаў без уплаты падаткаў”.

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа лічыць:

“Асяродзьдзе супраціўляецца, як можа. Але для прадпрымальнікаў крытычным будзе 2008 год. Да канца 2008 году зьбіраюцца наагул усе льготы забраць ва ўсіх індывідуальных прадпрымальнікаў — незалежна ад таго, зь якой колькасьцю людзей яны працуюць”.

• Разьвіваецца той бізнэс, які знаходзіцца пад “дахам” уладных структураў • “Дзяржава не скіравана на разьвіцьцё асобы, уласьніка...”, • Якое месца ў сацыяльным кантэксьце займаюць прадпрымальнікі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG