Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаньне акадэмічных інстытутаў — вынік барацьбы за партфэлі?


Ігар Карней, Менск Мы ўжо расказвалі, што прэзыдыюм Нацыянальнай Акадэміі навук пастанавіў рэарганізаваць Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа праз далучэньне да яго Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы. Колішнія акадэмічныя інстытуты цяпер будуць мець агульную назву — Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. Базавым пры гэтым будзе Інстытут мовазнаўства. А як суіснуюць падобныя навуковыя ўстановы ў суседніх зь Беларусьсю дзяржавах?

Расея: навука да “рэарганізацыі” дачыненьня ня мае

У Расейскай Фэдэрацыі паралельна дзейнічаюць дзясяткі літаратурных і мовазнаўчых інстытутаў.

У структуры адной толькі Расейскай Акадэміі навук гэта Інстытут расейскай мовы імя Вінаградава, Інстытут славяназнаўства, Інстытут філялёгіі, Інстытут лінгвістычных дасьледаваньняў ды іншыя.

І хоць навукоўцы і прызнаюць, што літаратурная і мовазнаўчая галіны блізкія, але рэарганізацыю па-беларуску тлумачаць “падзелам партфэляў”.

У гэтым перакананая памочніца рэктара Літаратурнага інстытуту імя М.Горкага Галіна Якаўлева:

“Калі ідуць на зьліцьцё дзьве арганізацыі, то да гэтага ўжо ня маюць ніякага дачыненьня ні літаратура, ні мовазнаўства як навуковыя галіны, а ідзе элемэнтарны падзел партфэляў.

Барацьба за ўладу ідзе, адназначна. Былі дзьве структуры, а цяпер усё падводзіцца пад адну. Але тут выразна трэба ўсё разьмяжоўваць.

Хоць, калі адарвацца ад усіх гэтых балючых пытаньняў, то сапраўды літаратура і мовазнаўства — навукі, якія нібыта ідуць паралельна. І дзесьці яны мусяць перакрыжоўвацца, і адно іншаму супярэчыць не павінна. Але калі ўзьнікаюць партфэлі, то тут ужо вельмі шмат усялякіх нюансаў”.

Ва Ўкраіне колькасьць акадэмічных інстытутаў расьце

Пад дахам Нацыянальнай Акадэміі навук Украіны працуюць Інстытут літаратуры імя Т.Шаўчэнкі, Інстытут мовазнаўства імя Пацябні, Інстытут украінскай мовы, Цэнтар навуковых дасьледаваньняў і выкладаньня замежных моваў ды многія іншыя.

Колькасьць профільных мовазнаўчых і літаратурных інстытутаў там ня лічаць падставай для іх рэарганізацыі.

Сяргей Гальчанка, намесьнік дырэктара ў навуковай і выдавецкай дзейнасьці аднаго з самых аўтарытэтных у краіне Інстытуту літаратуры імя Тараса Шаўчэнкі ўкраінскай Акадэміі навук, кажа, што сытуацыя ва Ўкраіне супрацьлеглая беларускай — тут новыя інстытуты якраз адчыняюцца:

“Ва Ўкраіне, у структуры Акадэміі, колькі гадоў быў Інстытут літаратуры і мовы. А цяпер у нас два інстытуты — Інстытут мовазнаўства і Інстытут украінскай мовы. І асобна існуе Інстытут літаратуры. Дарэчы, Інстытут украінскай мовы створаны гадоў дзесяць таму, ня так даўно”.

Карэспандэнт: “На вашу думку, яны ўсё ж розныя ў сваёй спэцыфіцы — Інстытут літаратуры, Інстытут мовазнаўства?..”

“Гэта ўсё розныя навукі — што мовазнаўства, што літаратуразнаўства. Бо ў літаратуразнаўстве ёсьць яшчэ тэксталёгія, вершазнаўства.

Дарэчы, у нас Патон (кіраўнік Акадэміі навук Украіны Яўген Патон. — РС) гэтаксама не гуманітарый, яму сёньня 89 гадоў, але да такога, як у вас, ён не дадумаўся. Наадварот, пры ім гадоў пятнаццаць таму створаны Інстытут археаграфіі, Інстытут архівазнаўства ды іншыя.

Бо зусім ня трэба 200, 300, 500 спэцыялістаў аб’ядноўваць пад адзін дах. Дваццаць-трыццаць звычайных, але гарных спэцыялістаў могуць рэалізаваць любы праект як найкрашчэ”.

Дырэктар Усходнеславянскага інстытуту ў польскай Зялёнай Гуры Базыль Ціханюк беларускі досьвед аб’яднаньня лічыць неабгрунтаваным.

На ягоную думку, галоўным аргумэнтам у гэтай сытуацыі стаў эканамічны складнік:

“У Польшчы такіх прэцэдэнтаў не было. Гэта проста нейкі дурман. І нашмат лепей, каб вярнулі да таго, як было дагэтуль. Бо мовазнаўства, літаратуразнаўства — гэта дзьве дысцыпліны, асобныя, і штучна іх аб’ядноўваць нельга. Як мне падаецца, гэта вельмі і вельмі нядобра”.

Карэспандэнт: “Некаторыя лічаць, што тут партфэлі дзеляць, пасады...”

“Можа, папросту грошай няма. Бо як няма грошай, тады найперш розныя дурасьці робяць. Тады да справы далучаюцца эканамісты, фінансісты. Таму, хутчэй за ўсё, галоўным аргумэнтам тут сталі грошы. Бо цяпер гэта ці ня самае галоўнае”.

Асобныя інстытуты літаратуры і мовазнаўства працуюць і ў іншых суседніх зь Беларусьсю дзяржавах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG