Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крамы “duty-free” прапануюць пераабсталяваць у сталоўкі?


Ігар Карней, Менск Зь 1 сьнежня 2007 году будзе адноўленая праца раней зачыненых крамаў бязмытавага гандлю “duty-free”. Праўда, тэрмінам толькі на тры месяцы. З 1 сакавіка 2008-га ад паўсотні крамаў застануцца тры ў Нацыянальным аэрапорце “Менск”, а таксама некалькі для абслугоўваньня акрэдытаваных у Беларусі замежных дыпляматаў. Дадатковы пералік юрыдычных асобаў, якія змогуць адчыніць крамы на пунктах пропуску празь мяжу Беларусі, зацьвярджае кіраўнік краіны.

Дзейнасьць крамаў бязмытавага гандлю была прыпыненая 1 ліпеня 2007 году пасьля таго, як пачаў дзейнічаць новы Мытны кодэкс.

Хто “адмывае” бязмытавы алькаголь?

Камітэт дзяржаўнага кантролю пасьля шэрагу праверак прыйшоў да высновы: праз крамы праходзяць гуртовыя схемы незаконнай рэалізацыі алькаголю й тытуню. Экспэрты падлічылі колькасьць людзей, якія выяжджалі за мяжу праз памежныя пункты пропуску, і колькасьць тавару, рэалізаванага праз “duty-free”. Аказалася, што ў сярэднім на чалавека прыпадае 10 літраў алькаголю (пры тым, што моцныя напоі ў такіх аб’ёмах нельга ўвозіць ні ў адну краіну). То бок, зрабілі выснову кантралёры, крамы выкарыстоўваюцца, каб набываць тавар, а потым увозіць яго назад у Беларусь, а гэта ёсьць парушэньнем статусу крамаў бязмытавага гандлю.

Паводле Міністэрства статыстыкі і аналізу, летась імпарт моцных сьпіртовых напояў праз крамы бязмытавага гандлю склаў амаль 700 тысяч дэкалітраў на суму болей за 25 мільёнаў даляраў, што роўнае 75% ад агульнага аб’ёму імпарту гэтай прадукцыі.

Начальнік упраўленьня арганізацыі мытнага кантролю Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Сяргей Барысюк заявіў, што дакумэнт распрацаваны з улікам міжнароднай практыкі. Па яго словах, практычна ўва ўсіх дзяржавах сыстэма “duty-free” функцыянуе выключна ў міжнародных аэрапортах:

“У адпаведнасьці з палажэньнем указу вызначаны пералік пунктаў пропуску, дзе на сёньняшні дзень могуць функцыянаваць крамы бязмытавага гандлю. Гэта перадусім Нацыянальны аэрапорт “Менск”. А таксама акрэсьлены пералік суб’ектаў гаспадараньня, якія ў дадзеным пункце пропуску змогуць працаваць у рэжыме бязмытавага гандлю. Гэта тры суб’екты гаспадараньня: сумесныя прадпрыемствы “Бэла Трэйдынг Duty-free” і “Самлен”, а таксама “Дыпсэрвіс” Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта”.

Крок наперад. Ці можна чакаць два назад?

Лідэрам на рынку бязмытавага гандлю да нядаўняга часу была берасьцейская “Бэла Трэйдынг”. Яна валодала 23 крамамі, у “Вайтнаўэр Брэст” было 5 крамаў. Астатнюю частку рынку дзялілі між сабой менскія фірмы: па 4 у “Хэлен Валеры”, “Сэлві” і “Новых усходніх інвэстыцыяў”. Адной з апошніх да галіны далучыўся згаданы Сяргеем Барысюком “Самлен”. У Менску крамы для замежных дыпляматаў праз Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта падпарадкаваныя ўпраўленьню абслугоўваньня дыпкорпусу і афіцыйных дэлегацыяў “Дыпсэрвіс” і прадпрыемству “Дыпмаркет”.

Спроба атрымаць камэнтар да часовага аднаўленьня працы крамаў “duty-free” натыкалася на нежаданьне супрацоўнікаў фірмаў “нашкодзіць бізнэсу”. Вось што сказалі ў офісе “Новых усходніх інвэстыцыяў”:

“І што б вы хацелі пачуць? Чытайце ўказ. Усё ж указам акрэсьлена! Я думаю, што ніхто зараз ня будзе даваць нейкіх камэнтароў. Дый увогуле лепей без камэнтароў пакінуць гэтае пытаньне”.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ларыса Вершаловіч перакананая, што абмежаваньні на разьмяшчэньне крамаў “duty-free” ўведзеныя небеспадстаўна:

“Апошнім часам гэтых крамаў было 45. А потым іх працу ўвогуле спынілі. І тое, што цяпер адкрылі ў аэрапортах, як гэта ёсьць у многіх іншых краінах, дык гэта рашэньне цалкам абгрунтаванае. Натуральна, што чымсьці кіраваліся, калі яго прымалі. Бо калі на такім роўні пытаньне вырашаецца, то яно апраўданае, калі пакінулі толькі на лётнішчах. Але час пакажа: калі будзе ўсё так добра ці наадварот, то рашэньне можна заўсёды зьмяніць”.

Дзе было дарагое віскі, паўстане танная гарэлка

Да 1 ліпеня 2007 году, калі дзейнасьць крамаў бязмытавага гандлю была прыпыненая, “duty-free” былі ў Нацыянальным аэрапорце “Менск”, на аўтамабільных пунктах пропуску, а таксама на чыгуначных памежных пераходах.

Ад 1996 году прэзыдэнцкім указам у Менску адчынілі краму для замежных дыпляматаў “Дыпсэрвіс”.

Пад канец 1990-х агульная колькасьць такіх крамаў пераваліла за паўсотню.

Пасьля 1 сакавіка 2008-га практычна ўсе крамы спыняць сваю дзейнасьць. Разам з тым у адпаведнасьці з указам прэзыдэнта гэтыя гандлёвыя аб’екты могуць быць пераабсталяваныя ў пункты грамадзкага харчаваньня або пад крамы, якія змогуць гандляваць ураздроб на аснове адпаведнай ліцэнзіі.

Згодна з палажэньнем указу, уладальнікам крамы бязмытавага гандлю можа быць юрыдычная асоба, рэзыдэнт Беларусі, у статутным фондзе якога доля дзяржавы складае ня меней за 25% плюс адну акцыю для акцыянэрнага таварыства і ня меней за 50% для іншага гаспадарчага таварыства.

Вось меркаваньне з гэтай нагоды юрыста Сяргея Балыкіна:

“Насамрэч такія крамы патрэбныя. Бо гэта дазваляе ў міжнародных зонах гандляваць па больш-менш нізкіх цэнах. Але ў нашай краіне, на жаль, нават нармальныя рэчы часта ператвараюцца ў штосьці крымінальнае. Але, з майго гледзішча, растлумачыць гэта можна тым, што ў Беларусі занадта вялікае дзяржаўнае рэгуляваньне. І асабіста я лічу, што чым больш дзяржава будзе браць гэтыя крамы пад свой кантроль, тым больш там насамрэч будзе крыміналу”.

Крамы “Duty-free” застануцца толькі ў аэрапорце, 23.11.2007 Ці будуць зачыненыя крамы д’юці-фры?, 11.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG