Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 26 лістапада


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

Нехта Vorewig у зьвязку з разгонам “Маршу нязгодных” у расейскім Санкт-Пецярбурзе ў суполцы minsk_by піша: “Скажыце, калі ласка, паважаныя спадары беларусы. У мяне да вас такое пытаньне: у нас у Расеі цяпер гэткая ж самая жэсьць, як у вас, ці яшчэ пакуль не, ці ўжо нават горш? Дзякуй. Ільля з Масквы”. Адказы беларусаў:

“Вам да нас, як да Месяца. Пакуль”.

“У вас інтэрнэт таньнейшы і крамаў болей”.

“Вас гэта яшчэ зьдзіўляе – нас ужо не. Але вы ідзяцё тым самым шляхам, і ён вам даражэй абыдзецца: у Беларусі рэальна відаць поўны эканамічны стабілізец цягам найбліжэйшага дзесяцігодзьдзя (бо ў даўгі бясконца залазіць не атрымаецца), а Расея можа яшчэ доўга пражыць пры такіх цэнах на нафту, хіба толькі Амэрыка зладзіць чарговыя зорныя войны, каб падагнаць сваю прамысловасьць і нівэляваць стабілізацыйны фонд”.

“У вас пакуль што лепей, але пэрспэктывы ў нас большыя”.

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць навіну: з 30 лістапада ўрад адмяніў 20-працэнтную зьніжку на ваду – для тых, хто мае дома лічыльнікі. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:

“Увогуле, адмена льготаў – гэта вельмі добра менавіта з пункту гледжаньня псыхалягічнага эфэкту. Патрэбная рэч!”

“Магу паведаміць, што ў калгасе “Дружба” Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці сабралі жыхароў, якія падлучаныя да мясцовага водаправоду, і загадалі АБАВЯЗКОВА і ДОБРААХВОТНА, за СВОЙ КОШТ усталяваць лічыльнікі вады! Тое, што для шмат якіх работнікаў калгасу ўсталяваньне лічыльніка істотна скароціць і бяз гэтага сьціплы бюджэт, нікога не хвалюе...”

“Хачу яшчэ парадаваць усіх, хто паставіў лічыльнікі, – яны маюць абмежаваны тэрмін эксплюатацыі. Звычайны час паміж праверкамі – каля 3-4 гадоў (гэта напісана ў пашпарце). Дык вось, для правядзеньня праверкі лічыльнік трэба дэмантаваць і аддаць у адпаведную арганізацыю. У выніку вам трэба аплаціць дэмантаж, праверку, мантаж, апячатваньне. (…) Гэта суадносна з цаной новага лічыльніка. (…) Такая эпапэя”.

Сайт “Беларуская жаба” прапануе каляж – вокладка новага, “правільнага” альбому NRM – “Адзелтрудаіміра”. Вось назвы некаторых трэкаў з альбому: “Мела мама трох сыночкаў і лапачку-дочку”, “Усё людзям, сабе нічога”, “На лініі Сталіна”, “На вуліцы Леніна”.

На сайце “Гарадзенскі блог” абмяркоўваюць мясцовую навіну: Гарадзенскі аблвыканкам з ініцыятывы мясцовай міліцыі абмежаваў продаж алькаголю ў крамах і на заправачных станцыях на адну гадзіну. З 15 лістапада сьпіртное будзе прадавацца ад 8 да 21 гадзіны. Камэнтары наведнікаў сайту:

“Няўжо нават аблвыканкам быдла дастала? Ня можа быць!”

“Змагацца з алькагалізмам, абмяжоўваючы продаж сьпіртнога, усё адно, што змагацца з праблемамі страваваньня, не пускаючы ў прыбіральню. Ад гэтага зноў выйграюць кіроўцы таксовак і бабкі-самагоншчыцы”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG