Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Язэп Янушкевіч: “Літаратуразнаўцы будуць пастаўленыя перад выбарам, каго і як абслугоўваць”


Міхась Скобла, Менск Яшчэ 9 лістапада Прэзыдыюм Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі прыняў пастанову аб рэарганізацыі двух акадэмічных установаў – Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы і Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа. Аднак з гэтым “сакрэтным” дакумэнтам да нядаўняга часу не былі азнаёмленыя нават кіраўнікі інстытутаў. Пра магчымыя наступствы аб’яднаньня айчыннага мовазнаўства і літаратуразнаўства мы гутарым са старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту літаратуры Язэпам Янушкевічам.

“Можна гаварыць пра фактычную ліквідацыю Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы”

Міхась Скобла: “Язэп, цягам апошніх гадоў беларускае грамадзтва ўжо прызвычаілася да самых нечаканых крокаў улады. І тым ня менш, людзі, якія працуюць у сфэры культуры, шакаваныя. Інстытут літаратуры існаваў ад 1931 году, летась яму споўнілася 75 гадоў. І вось выходзіць пастанова Прэзыдыюму за подпісам старшыні Міхаіла Мясьніковіча. Давайце пачнём нашу гутарку з камэнтаваньня гэтага дакумэнту”.

Язэп Янушкевіч: “Сапраўды, ёсьць такая пастанова № 48 “Аб рэарганізацыі дзяржаўнай навуковай установы “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі”. Але ў ёй размова ідзе толькі пра Інстытут мовазнаўства, які належыць рэарганізаваць “ва ўстаноўленым парадку”. У форме далучэньня да яго Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы”.



Скобла: “Дык ці можна гаварыць пра фактычную ліквідацыю Інстытуту літаратуры?”

Янушкевіч: “Бясспрэчна. Наколькі я, хоць я не юрыст, а архівіст, разумею, ні юрыдычнай, ні фінансавай самастойнасьці Інстытут літаратуры мець ня будзе”.

“Адной установе надаецца два імені – гэта нешта новае”

Скобла: “Інстытут імя Янкі Купалы далучаны да Інстытуту імя Якуба Коласа. Чыё ж імя будзе насіць аб’яднаная ўстанова?”

Янушкевіч: “Згодна з пунктам 2 Пастановы рэарганізаваны Інстытут мовазнаўства будзе называцца “Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы”. Тое, што адной установе надаецца два імя, – гэта для нашых часоў нешта новае. Але нездарма гаворыцца, што ўсё новае ёсьць добра забытае старое. Калісьці была партыя, якая насіла нават ня два, а тры імені – Маркса, Леніна, Сталіна. А тут бачу новы падыход і новы прынцып. Дагэтуль мы назіралі клянаваньне. Была адна Камуністычная партыя Беларусі, а стала дзьве. З аднаго Беларускага народнага фронту зрабілі два. Былі адны “Песьняры” легендарнага Мулявіна, а стала трое ці чацьвёра. А ў выпадку з акадэмічнымі інстытутамі мы назіраем дыямэтральна іншы крок: зь дзьвюх установаў зрабілі адну. Думаю, Янка Купала і Якуб Колас з гэтага пацешыліся б. Бо яны былі сябрамі, абодва намагаліся падымаць і мову, і літаратуру Беларусі. То добра, што хоць адна ўстанова будзе гэтым займацца ў ХХІ стагодзьдзі”.

“У 1935 годзе, падчас рэпрэсій, не было каму працаваць у Акадэміі, таму і аб’ядноўвалі”

Скобла: “Аказваецца, інстытуты літаратуры і мовы ўжо аб’ядноўвалі – у 1935 годзе, падчас сталінскіх рэпрэсій, што насілі яўна антыбеларускі характар. Аднак пазьней, у больш-менш нармальныя часы, самастойны статус гэтым установам быў вернуты. Дык што, акадэмічная навука сёньня вяртаецца ў сумнавядомыя 30-я гады?”

Янушкевіч: “Тое аб’яднаньне, зьдзейсьненае ў 1930-я гады, было выклікана толькі рэпрэсіямі, толькі стратамі. Тады папросту не было каму працаваць у кожным зь інстытутаў паасобку. Можна правесьці аналёгію: калі застаюцца ў вёсцы дзьве ўдавы без гаспадароў, то ім, можа быць, і цяплей, і ямчэй гаспадарыць у адной хаце”.

Скобла: “Вы больш за дваццаць гадоў займаецеся акадэмічнай навукай. Наколькі гэта плённае спалучэньне – Інстытут мовы і Інстытут літаратуры?”

Янушкевіч: “Паводле маёй лёгікі, калі ўжо нешта да нечага далучаць, то трэба было далучаць Інстытут мовазнаўства да Інстытуту літаратуры. Але мы памятаем, як у наш час з самай высокай трыбуны неаднойчы заяўлялася, што беларускай літаратуры не існуе. Ну, а калі няма літаратуры, то няма чаго літаратуразнаўцам дасьледаваць. Бясспрэчна, кіраўнік Інстытуту мовазнаўства, доктар філялёгіі Аляксандар Лукашанец сёньня апынуўся ў няпростай сытуацыі. Хутчэй за ўсё абавязкі кіраўніка літаратуразнаўчым аддзелам (ці як ён там будзе называцца?) будуць ускладзеныя на намесьніка, які мусіць быць літаратуразнаўцам”.

Скобла: “Пры Інстытуце літаратуры існаваў навуковы савет па абароне дысэртацый. Што будзе зь ім? Ці ў нас дактароў філялёгіі па літаратуры ад гэтага часу ўжо ня будзе?”

Янушкевіч: “Баюся, што на пэўны час так і будзе. Гэта вельмі спэцыфічнае і складанае пытаньне. Спэцсавет па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацый у такім разе мусіць быць перазацьверджаны. Хоць я тут не ва ўсе тонкасьці магу ўнікнуць”.

“Прынятая на такім узроўні пастанова наўрад ці будзе адмененая ці перагледжаная”

Скобла: “Літаральна перад запісам перадачы я даведаўся, што днямі ў Акадэмію навук разьбірацца з сытуацыяй вакол Інстытуту літаратуры прыяжджае віцэ-прэм’ер Касінец. Вы дапускаеце, што гэтае брутальнае рашэньне Мясьніковіча будзе перагледжанае ці адмененае?”

Янушкевіч: “Мяркую, што прынятая на такім узроўні пастанова наўрад ці будзе адмененая. Хоць усё магчыма. Паколькі намінальна і фармальна наша Акадэмія навук падпарадкаваная Савету Міністраў. Але, паўтараю, наўрад ці справу пачнуць адкручваць назад. Пра тое, што Інстытут літаратуры будуць “аб’ядноўваць”, ведалі нават шараговыя супрацоўнікі ўжо даўно. Вядома ж, такое рашэньне прымаецца не за два-тры дні. Зьбіраліся цэлыя паседжаньні аддзяленьня грамадзкіх навук, гэтае пытаньне неаднойчы стаяла на парадку дня Прэзыдыюму Акадэміі. Зразумела, што пра ўсе гэтыя справы не маглі ня ведаць у Савеце Міністраў. Там жа ёсьць адпаведныя куратары Акадэміі навук, што, яны не далажылі Касінцу? Быць такога ня можа”.

“Пачуцьцё страху не спрыяе навуковай дзейнасьці”

Скобла: “Я размаўляў з вашымі калегамі – з двума дактарамі навук, з двума членамі-карэспандэнтамі Акадэміі, якія зьяўляюцца супрацоўнікамі Інстытуту. Усе яны абураюцца, але ўзьняць свой голас у абарону ўстановы, дзе яны працуюць дзясяткі гадоў, дзе атрымлівалі навуковыя ступені і званьні, не адважваюцца. Як жа можна займацца навукай у такой задушлівай атмасфэры страху?”

Янушкевіч: “Бясспрэчна, пачуцьцё страху не спрыяе навуковай дзейнасьці. Тым больш, у гуманітарнай галіне, у галіне літаратуры. Калі страх пераважае, прэвалюе, то дасьледаваньне можа на самым пачатку мець запраграмаваны вынік згодна з даўнім “Адабраем-с!” або “Чаго ізволіце? Якую вы пажадаеце мець канцэпцыю, якую гісторыю літаратуры?” Усё гэта мы ўжо праходзілі. І ня раз”.

Скобла: “Ня стане Інстытуту літаратуры, але ж патрэба ў афіцыйным літаратуразнаўстве застанецца. Хто ж будзе “абслугоўваць” літаратараў з прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі?”

Янушкевіч: “Калі ёсьць такая “літаратура”, то і адпаведнае “літаратуразнаўства” знойдзецца”.

В. а. дырэктара Інстытуту літаратуры Валеры Максімовіч: “Са мной ніхто ня раіцца”

Скобла: “Як вы ацэньваеце паводзіны в.а. дырэктара Інстытуту літаратуры Валер’я Максімовіча ў гэтай сытуацыі?”

Янушкевіч: “Калі сыходзіць чыста з прафэсійнага гледзішча, то Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы, бясспрэчна, быў патрэбен больш паважны і паважаны кіраўнік”.

Скобла: “А вось што сказаў нашаму радыё Валеры Максімовіч”.

Валеры Максімовіч: “Як кажуць у народзе, на чужыя вусты не накінеш хусты. Хай гавораць што хочуць. Я зрабіў усё, што мог. На імя Міхаіла Мясьніковіча я напісаў дакладную запіску на дзевяці старонках аб немэтазгоднасьці далучэньня Інстытуту літаратуры да Інстытуту мовазнаўства. Ніякай рэзалюцыі кіраўніцтва да мяне на паступала. З пастановай мяне пазнаёмілі літаральна днямі. Мяне паставілі перад фактам, далі дакумэнт – дзейнічай. Усё цяпер будзе вырашаць Аляксандар Лукашанец: каго скарачаць, якія аддзелы з шасьці пакінуць, якія ліквідаваць. Са мной ніхто ня раіцца”.

Скобла: “Язэп, як адаб’ецца ліквідацыя акадэмічнага Інстытуту літаратуры на разьвіцьці самой літаратуры?”

“Хто давядзе да ладу выданьне Збораў твораў Якуба Коласа і Максіма Танка?”

Янушкевіч: “Самой беларускай літаратуры, у адрозьненьне ад Інстытуту літаратуры, ня семдзесят, а дзевяцьсот семдзесят гадоў! Таму ліквідацыя інстытуту ёй асабліва не нашкодзіць. Што да літаратуразнаўцаў, то тыя, што застануцца працаваць у Акадэміі, будуць неўзабаве пастаўленыя перад выбарам, каго і як абслугоўваць. Шкада, што могуць завіснуць некаторыя грунтоўныя праекты. Скажам, распачата выданьне Збору твораў Якуба Коласа ў 20 тамах. Выйшла толькі два тамы. Хто падрыхтуе астатнія? Выйшлі чатыры тамы Збору твораў Максіма Танка ў 13 тамах. Хто будзе завяршаць працу? Выканаўцаў гэтых і другіх праектаў па-за межамі нашага Інстытуту я папросту ня бачу, другіх спэцыялістаў такога профілю ў краіне няма”.

Скобла: “Наўрад ці ідэя ліквідаваць адзін са старэйшых акадэмічных інстытутаў належыць старшыні Прэзыдыюму Акадэміі навук Мясьніковічу. А хто тут, у дадзенай сытуацыі, мае права на лаўры Герастрата, каму найперш замінаў Інстытут?”

Янушкевіч: “Магу тут толькі выказаць прыватнае меркаваньне. Кіруючыся жыцьцёвай інтуіцыяй, скажу, што ахвотнікаў на ляўры Герастрата ані ў родным Інстытуце літаратуры, ані ў Інстытуце мовазнаўства не знайшлося. Іх трэба шукаць недзе ў іншых сфэрах. І вельмі нават магчыма, што па-за межамі ня толькі Акадэміі навук, але і па-за межамі нашай краіны. Зрэшты, каманды на зьнішчэньне і ў сумнавядомыя 1930-я гады паступалі здалёку. Бо адназначна, найбольшым клопатам для тых, хто змагарна ішоў наперад пад сьцягам Леніна-Сталіна, былі беларускія гуманітары, найперш супрацоўнікі Інбелкульту. Па тым, каго вынішчалі ў першую чаргу, можна зрабіць выснову, што дзеячы нацыянальнай культуры найперш заміналі савецкім герастратам у тым перамоганосным маршы”.

Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG