Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Барысік: “Ніхто і нішто ня здолее зьнішчыць бацькаўшчыну ў душы”


Радыё Свабода Тацяна Барысік – удзельніца праграмы “Ў што я веру”

Мае продкі верылі ў шмат якія дзівосы.

Верылі, што калі перапісаць і заўсёды насіць з сабою тэкст замовы “Сон Божай Маці”, дык цябе абыдуць усе нягоды, нават куля не кране, з вайны жывым вернесься.

Верылі, што грыбы вясёлка ды мухамор ад раку ратуюць.

Верылі, што сурок ды сполах зашаптаць можна.

І я таксама хацела б у гэта верыць.

Ды толькі...

На вайне загінуў кожны чацьверты.

Анкадыспансэры працягваюць будавацца.

Пакаленьне васьмідзесяці-дзевяностагадовых паступова сыходзіць, а тыя, каму семдзесят, сурочваць здатныя, а адшаптаць ужо ня ўмеюць.

На сьвеце засталося зусім мала рэчаў, у якія я сапраўды веру. Дзівосаў не шукаю, займаюся штодзённымі справамі і спадзяюся на іх посьпех.

Вось еду на ровары або па восеньскім лесе ў местачковую краму. Ехаць далекавата – чаго толькі ня ўспомніш дарогаю, асабліва, калі хадзіла па ёй усё жыцьцё. Чамусьці прыгадалася, як гадоў дзесяць таму яшчэ ў студэнцтве крочыла я сюдою ў адваротным кірунку з Глушанскай аўтастанцыі з такім цяжкім заплечнікам, што ўзьдзець яго на плечы здолела толькі на лаўку паставіўшы.

Зіма. Мароз. Сьнегу насыпала.

Гумкаю з рукава курткі я выпадкова зачапіла бранзалет гадзіньніка. Ён, мабыць, расшпіліўся і ўпаў у сумёт. Агледзелася я – ды позна ўжо. Амаль палова шляху пройдзена. Спрабавала вярнуцца назад. Ды дзе там яго знойдзеш!

Дарога ня чышчаная ад раніцы. Праз крыўду і стому на вочы сьлёзы наварочваюцца. Цягнуць заплечнік далей няма моцы, а наперадзе яшчэ чатыры кілямэтры.

Бабуля тады сказала: “Гэта мы вінаватыя, што ты яго згубіла, бо ты ж да нас ехала”. І дала грошы на новы гадзіньнік.

А цяпер ужо ніхто ніколі не назаве мяне ўнучкаю – бабуля тры гады, як памерла. Дзядуля, калі прыходзіў на могілкі да яе, заўсёды вітаўся словамі: “Дзень добры, прыгажуня!” А апошні раз прамовіў: “Хутка і я да цябе прыйду”. І якраз тады, каля ягоная праўнучка, мая дачка, рабіла першыя самастойныя крокі, ён сышоў ад нас да яе, як абяцаў.

Цяпер я веру – мае бабуля зь дзядулем абавязкова стрэнуцца на нябёсах.

Хочацца верыць у лепшае...

Мая дачка ўжо тупае па вуліцы і мае першыя свае захапленьні – гэта брамкі і каты.

Здараецца, падыходзіць да брамкі, спрабуе яе адчыніць – грукае, тузае. Ды толькі вароты не адчыняюцца, ніхто не выходзіць насустрач, бо яны зачыненыя назаўжды, хата кінутая. Дзіця пакуль што гэтага не разумее.

Яшчэ яна любіць лавіць катоў, але яны ўцякаюць. Тады Міхалінка гаворыць сваё ўлюбёнае слова: “Баяцца, баяцца...” А я, гледзячы на яе, веру, - грукаць у назаўсёды зачыненыя дзьверы ды сьвядома вымаўляць слова “баяцца”, ёй давядзецца радзей, чым бацькам ды дзядам.

...За думкамі я не заўважыла, як даехала. Славутая Глуша вітае мяне соснамі абапал дарогі ды алькашоўскай кампаніяй ля прыдарожнага шапіка. Ровар я цягну з сабою па лесьвіцы да дзьвярэй крамы, унізе не пакідаю. Гэта дазваляе мне верыць, што ў адваротны шлях я паеду, а не пайду.

“Тут бандзюкоў хапае – ня згледзіш, як скрадуць”, - кажа пажылы дзядзька і таксама цягне свой ровар да дзьвярэй.

Ровар сапраўды мяне дачакаўся. Хвілін праз трыццаць-сорак я буду дома з гасьцінцамі.

“Якія ў вас старыя дрэвы! У горадзе ўжо такіх ня знойдзеш. Тутака людзі, напэўна, трэцяе стагодзьдзе жывуць, а па начох блукаюць прывіды ў некалькіх пакаленьнях”, - так ахарактарызавала маю малую радзіму сяброўка-гараджанка.

Прывіды-людзі, прывіды-хаты, прывіды-назвы...

Зьнікаюць вёскі. Але недзе глыбока-глыбока ў маёй памяці, у памяці мільёнаў маіх суайчыньнікаў, землякоў схаваныя родныя краявіды, пажоўклыя сшыткі з замовамі, смак падмерзлых ягадаў каліны. Я веру – ніхто і нішто, не зважаючы на зьмены ў тапаграфіі, ня здолее зьнішчыць бацькаўшчыну ў душы.

* * *

Тацяна Барысік – маладая літаратарка з Магілёву, натхненьне якой дае радзіма дзядоў, вёска Круглоніва на Бабруйшчыне, дзе яна часта і падоўгу бывае.
XS
SM
MD
LG