Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нас што дырэктар скажа, тое й будзе”


Міхал Карневіч, Горадня У ААН прынялі рэзалюцыю, якая асуджае Беларусь за парушэньні правоў чалавека. Як паўплывае гэта на сытуацыю ў нашай краіне? З гэтым пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да мінакоў на вуліцах Горадні.

Спадар: “Мне цяжка казаць нешта канкрэтнае, паколькі я не знаёмы з гэтай рэзалюцыяй. Але на нашу краіну трэба ўплываць безупынна, каб нешта з правамі чалавека ў нас зьмянілася”.

Дзяўчына: “Мне здаецца, што нешта будзе мяняцца. Дарэчы, усё звычайна пачынаецца з рэзалюцыяў. Адразу можа нічога не памяняецца, але з часам...”

Спадар: “Ні ў якім выпадку нічога ў нас ня зьменіцца. Таму што кіруе таталітарны рэжым. Нічога тут не зразумела: якая партыя кіруе, ці ёсьць гэтыя партыі наагул... Так што гэтая рэзалюцыя толькі на паперцы”.

Спадарыня: “Я думаю, што ў нас ня проста парушаюца правы чалавека — людзі баяцца. Думаю, што цяпер ніякіх зьменаў не адбудзецца. Але вельмі б хацелася, каб людзі ішлі наперад, нешта зьмянялі ў жыцьці”.

Спадар: “Напэўна, нешта зьменіцца. Так ці інакш, усё мяняецца”.

Спадарыня: “Ой, ня ведаю, але правы чалавека ў нашай краіне не парушаюцца. У нас усё добра”.

Карэспандэнт: “Як думаеце, гэтая рэзалюцыя нічога ня зьменіць?”

Спадарыня: “Пустая рэзалюцыя. Нечым мы ім насалілі”.

Спадарыня: “Я думаю, калі ўжо ААН пра гэта задумваецца й прымае рэзалюцыі, то гэта нешта азначае. Мне здаецца, што наш урад павінен будзе ўносіць зьмены ў законы, пераглядаць нарматыўныя дакумэнты. Ня ўсё у нас добра, ёсьць праблемы”.

Спадар: “Можа быць па-рознаму. Ад гэтага ж залежыць курс нашай краіны. Але вось вам прыклад: прэзыдэнт заявіў, што ў краіне дзейнічаюць сямнаццаць палітычных партыяў. З другога боку: пакажыце мне офіс хоць адной зь іх”.

Спадар: “Што дырэктар скажа, тое й будзе. У нас праў той, хто мае больш праў”.

Хлопец: “Амэрыка цяпер практычна на кожную краіну прымае рэзалюцыі й абапіраецца на дэмакратычныя прынцыпы. На нас так ціснулі ўжо некалькі разоў, таму ня трэба на гэта рэагаваць”.

Дзяўчына: “Думаю, што зьмены будуць, я веру ў гэта. Я веру ў сьветлую будучыню, у тое, што ўсё будзе зьмяняцца да лепшага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG