Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жыхар Слоніма страціўся ў Расеі


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ, 22 лістапада

Газэта “Народная Воля” сёньня паведамляе: “Аляксандр Радзькоў гатовы сесьці за стол перамоваў зь Вінцуком Вячоркам, Анатолем Лябедзькам і Віктарам Івашкевічам”. Старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Белая Русь” у інтэрвію газэце таксама паведаміў, што цалкам прысьвеціць сябе “Белай Русі” і пры гэтым не пакіне пасады міністра адукацыі.

“Народная Воля” таксама нагадвае, што 7 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка зьняў з пасады гэнэральнага пракурора Беларусі Алега Бажэлку. Гэтую адстаўку зьвязваюць з дасьледаваньнем зьнікненьняў вядомых людзей. У тым ліку Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. Журналісты газэты вырашылі пацікавіцца, што пра тыя падзеі Алег Бажэлка кажа сёньня.

Незалежная газэта “Бярозавы венік” зь Бярозы ў сьвежым нумары друкуе артыкул “Для каго ў нашай дзяржаве напісаная Канстытуцыя?” У публікацыі аўтар прыводзіць шмат прыкладаў зь якіх можна зрабіць несуцяшальную выснову, кажа рэдактар выданьня Ларыса Шапецькіна:

“Канстытуцыя пішацца толькі для простага чалавека, а не для чыноўніка. І на фактах даказвае, што гэта насамрэч так. Што чыноўнік абыходзіць Канстытуцыю і законы, а выконваць іх мусіць толькі просты чалавек”.

Яшчэ адна публікацыя ў “Бярозавым веніку”, прысьвечаная адкрыцьцю ў горадзе новага гатэлю. Але ня кожны зможа ў ім адпачыць, піша газэта, бо кошт сягае 30 даляраў за суткі. Артыкул называецца “Гатэль эўраўзроўню ў Бярозе”.

Незалежнае выданьне “Газэта Слонімская” у апошнім нумары зьмяшчае артыкул “Ён жывы чалавек, ён мае права на існаваньне”. Гэта гісторыя жыцьця ураджэнца Слоніма, які лічыўся зьніклым бязь вестак. За пяць гадоў у Расеі страціў усе дакумэнты і зараз яго ня хоча прызнаваць ні ўласная жонка, ні мясцовыя ўлады, кажа журналіст Мікалай Канановіч:

“Зараз праз суд і экспэртызу ўстанаўліваюць, што гэты чалавек – ён сапраўды гэты чалавек. Але чаму на гэты час яго нідзе не прыстроілі жыць? Ён перанёс інсульты, мае іншыя хваробы і застаецца, фактычна, бяздомным.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG